У Беларусі запусцяць спецыялізаваны вэб-партал пра турызм на запаведных тэрыторыях. Пра гэта паведаміла падчас прэс-туру для беларускіх СМІ ў Бярэзінскі біясферны запаведнік загадчык сектара інфармацыйна-ідэалагічнай работы і лічбавізацыі Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ружэна Навіцкая, паведаміла БелТА.
Спецыялісты працавалі над стварэннем анлайн-рэсурсу два гады. Ён будзе ўключаць інтэрактыўную карту з падрабязным апісаннем лакацый. У бліжэйшы час плануецца старт праекта. «Ужо даменнае імя зарэгістравана — экатурызм.бай», — расказала Ружэна Навіцкая.
Будзе прадстаўлена турыстычная інфраструктура, паслугі, маршруты нацыянальных паркаў, Бярэзінскага біясфернага запаведніка, лесагаспадарчых устаноў «Краснасельскае» і «Цяцерынскае». Плануецца таксама размясціць 3D-туры па музеях, гасцінічных комплексах, пунктах харчавання, экасцежках і інш.
«Ставілі мэту даць найбольш поўную інфармацыю пра месцы, дзе можна адпачыць на прыродзе», — дадала Ружэна Навіцкая.
Прадугледжана магчымасць хуткага пераходу на модулі браніравання. У перспектыве прапрацоўваецца інтэграцыя з іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі, пашырэнне партала з уключэннем іншых аб’ектаў турызму, у тым ліку аграсядзіб.
Заказчыкам партала выступае дзяржаўнае прадпрыемства «Белэкспа», да якога быў далучаны тураператар «Цэнтркурорт». У яго задачы ўваходзіць развіццё ўнутранага турызму, папулярызацыя адпачынку на прыродзе.
«З 1 жніўня плануем запусціць інтэрактыўную карту-даведнік у прамысловую эксплуатацыю для тэсціравання, каб людзі маглі з ёй азнаёміцца. У гэты перыяд будзе працягвацца напаўненне партала з улікам пажаданняў карыстальнікаў», — расказала загадчык сектара арганізацыйна-метадычнага суправаджэння турыстычнай дзейнасці «Белэкспа» Інга Малашкевіч.