Top.Mail.Ru

У Беларусі запусцілі свой штогадовы фестываль цюльпанаў

Цюльпанавыя палі ў Тышкавічах (Брэсцкая вобласць) — адно з самых маляўнічых мясцін нашай краіны, куды кожную вясну накіроўваюцца аматары прыроды, яркіх фарбаў і прыгожых фотаздымкаў.


Тут, у Іванаўскім раёне, у фермерскай гаспадарцы «Знаходка Палесся», у гэты час года распускаюцца мільёны цюльпанаў самых розных адценняў і формы, ператвараючы бязмежныя палі ў сапраўдны кветкавы дыван.


Менавіта на тэрыторыі фермерскай гаспадаркі ў аграгарадку Тышкавічы, пры падтрымцы Брэсцкага аблвыканкама, арганізаваны фестываль «Кветкі жыцця: сімфонія вясны і прыгажосці». Ён прымеркаваны да Года беларускай жанчыны. Лакацыяй сталі менавіта цюльпанавыя палі. Праўда, з-за прахалоднага красавіцкага надвор’я красаванне бутонаў розных формаў і адценняў толькі пачынаецца.

«Гэта новы пункт прыцягнення. Мы будзем аказваць садзейнічанне для таго, каб пра гэтае месца даведвалася як мага больш турыстаў. Фестываль важны як рэклама Палесся. Асаблівую ролю дадзенае прыгожае мерапрыемства набывае ў Год беларускай жанчыны», — паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Бацэнка.

Фестываль цюльпанаў вырашана зрабіць штогадовым. Канцэпцыя прадугледжвае камернае мерапрыемства з акцэнтам на мясцовы каларыт і інтэрактыўнасць. Арганізатары нацэлены спалучаць сусветныя практыкі агратурызму і культурныя традыцыі Палесся.

Кветкавы фестываль будзе праходзіць у апошнія выхадныя красавіка і доўжыцца тры дні. Час выбраны невыпадкова — на гэты перыяд прыпадае пік цвіцення цюльпанаў.


У суботу, 25 красавіка, сярод гэтай прыгажосці прадстаўніцы Нацыянальнай школы прыгажосці арганізавалі моднае дэфіле. Дзяўчаты і жанчыны з розных куткоў краіны пабывалі на экскурсіі па цюльпанавых палях і акунуліся ў рамантычную атмасферу пад адкрытым небам.

Паводле звестак Брэсцкага аблвыканкама, сёлетняй вясной на экскурсіі на цюльпанавыя палі запісаліся каля 17 тыс. чалавек.


Як адзначылі ў фермерскай гаспадарцы, экскурсантам, якім хочацца зрабіць прыгожае сэлфі, трэба разумець, што гэта прырода, адкрытае поле, дакладна ведаць, калі пачнецца цвіценне раслін, немагчыма. Трэба падлоўліваць момант. Цяпер раннія сарты зацвілі, познія яшчэ не.


Вольга Кулінковіч

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю