У Беларусі за мінулыя суткі ў выніку пажараў загінулі шэсць чалавек. Аб гэтым паведамляе БелТА.
Паведамленне аб пажары ў двухпавярховым васьмікватэрным жылым доме ў в. Лютня Мсціслаўскага раёна паступіла ратавальнікам 21 лютага каля 8:50. Па прыбыцці падраздзяленняў МНС кватэра на другім паверсе была задымлена, а гаспадары адсутнічалі. Уваходныя дзверы ў кватэру згарэлі, пашкоджана маёмасць у калідоры. У суседняй кватэры ратавальнікі знайшлі загінулымі 64-гадовага мужчыну і яго 63-гадовую жонку. Прычыны гібелі людзей высвятляюцца.
Таксама 21 лютага каля 15:10 стала вядома аб пажары ў жылым доме па вул. Цэнтральнай у аграгарадку Мікулічы Бярэзінскага раёна. Ратавальнікамі знойдзены загінулы брат гаспадыні 1961 года нараджэння.
Паведамленне аб пажары ў кватэры на восьмым паверсе дзевяціпавярховага шматкватэрнага жылога дома па вул. Ясеніна ў Мінску паступіла ратавальнікам 22 лютага каля 00:40. Работнікамі МНС выратаваны гаспадар 1957 года нараджэння, яго сын 1985 года нараджэння быў знойдзены загінулым. З вышэйразмешчаных кватэр пад’езда былі эвакуіраваны сем чалавек.
Прычыны пажараў установяць спецыялісты.
Акрамя таго, ва ўстановах аховы здароўя памерлі два чалавекі, якія пацярпелі ад пажараў.