Праблема супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў у Беларусі захоўвае сваю вастрыню і ўвесь час знаходзіцца ў фокусе ўвагі як Міністэрства ўнутраных спраў, так і ўрада. У выніку ў 2025 годзе ўзбуджана ў два разы менш крымінальных спраў па злачынствах у сферы наркакантролю, чым у 2014-м — час сапраўднага наркатычнага буму. І, што асабліва важна, сёлета гэта тэндэнцыя захоўваецца.
«Зніжаецца колькасць злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі. Да таго ж, у 2025 годзе да адказнасці за ўчыненне злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, прыцягнута ў 6 разоў менш непаўналетніх, чым у 2014-м. Ва ўстановы аховы здароўя дастаўлена 12 падлеткаў. Для параўнання, у 2014-м — 223 падлеткі, гэта значыць у 18 разоў больш», — зазначыў Андрэй Кудрыцкі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
Паводле яго слоў, работа МУС ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі арганізацыямі накіравана ў першую чаргу на прафілактыку, актыўнае інфармаванне грамадзян аб медыцынскіх і прававых наступствах ужывання і незаконнага абароту наркотыкаў.
«Няма легальных наркотыкаў. Няма мінімальнага аб’ёму наркотыкаў, які дазволены або за які не надыходзіць крымінальная адказнасць. Няма лёгкіх наркотыкаў. Таксама нагадаю, што адказнасць за іх сбыт надыходзіць з 14 гадоў. І санкцыі суровыя — ад 3 да 25 гадоў пазбаўлення волі ў залежнасці ад цяжкасці здзейсненага дзеяння», — падкрэсліў Андрэй Кудрыцкі.
Пры гэтым, калі чалавек добраахвотна здаў наркотыкі, псіхатропы, іх прэкурсоры або аналагі і дапамог раскрыць або спыніць злачынства, выйсці на след іншых распаўсюджвальнікаў або знайсці маёмасць, здабытую незаконным шляхам, — ён вызваляецца ад крымінальнай адказнасці: «Большасць нас чуе і робіць правільныя высновы, разумее адказнасць і шкоду ад распаўсюджвання, але ёсць і тыя, хто выбірае свой шлях, — адзначыў Андрэй Кудрыцкі. — Нават у іх ёсць «другі шанц».
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА