Прадстаўнікі Асацыяцыі індустрыі радыёвяшчання абмеркавалі не толькі актуальныя і надзённыя тэмы, але і шэраг праектаў, якія плануюць рэалізаваць у бліжэйшай перспектыве.
Зламаць усе каноны
Паспрабуюць стваральнікі першага «Жаночага радыё». Гэтая ідэя ўжо знайшла адлюстраванне ў каляндарным плане мерапрыемстваў, якія будуць праводзіцца ў краіне ў Год беларускай жанчыны. Пра яго канцэпцыю і эфірныя акцэнты расказала дырэктар прадстаўніцтва МДТРК «Мір» у Беларусі, старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ:
— Сама ідэя стварэння «Жаночага радыё» ўзнікла не імгненна, бо мы пэўны час задумваліся пра тое, ці патрэбна яно нам? Таму што медыйнае поле сёння шчыльна запоўнена і ў кожнай радыёстанцыі ёсць сваё месца, свой фармат і свая аўдыторыя. Па сутнасці я нават сваім радыёстанцыям ствараю канкурэнта. Але ў размовах з жанчынамі мы пачалі праводзіць сваё сацыялагічнае даследаванне і слухаць, што яны кажуць пра гэта. І зразумелі, што такое радыё чакаюць, — адзначыла Вольга Шпілеўская. — Зразумелі, што ў гэтай гісторыі павінен быць нейкі свой адметны фармат. Мы не канкурэнты ў медыйным полі, а хутчэй такое правільнае дапаўненне да таго, што ў нас ужо ёсць. Таму што радыёстанцыя павінна атрымацца нішавай, паколькі яна для жанчын.
Над стварэннем «Жаночага радыё» працуе група энтузіястаў, якія шчыра вераць у сваю ідэю. Усе яны — прадстаўнікі розных радыёстанцый. І першапачаткова «Жаночае радыё» будзе запушчана як інтэрнэт-праект, каб паглядзець і прааналізаваць, зразумець, што правільна, а што не. «Таксама хочацца зламаць усе каноны, па якіх развіваюцца радыёстанцыі. У нас будзе гісторыя, калі мы пра іх забываем і спрабуем без жадання канкурэнцыі зрабіць нешта такое, што будзе запатрабавана асноўным нашым слухачом — жанчынамі ад 35 і болей», — дадала Вольга Шпілеўская.
Антон ВАСЮКЕВІЧ, генеральны прадзюсар Беларускага радыё, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі індустрыі радыёвяшчання таксама адзначыў, што разнастайнасць у радыёэфіры дае надзею на павелічэнне аўдыторыі слухачоў: «З асабістых назіранняў магу сказаць, што зваротная сувязь, якую атрымліваем ад нашых слухачак на Беларускім радыё, яна найбольш актыўна ідзе ад жаночай аўдыторыі. Мужчыны ў гэтым плане больш стрыманыя. І ў прынцыпе цікавяцца яны іншым кантэнтам».
У эфіры «Жаночага радыё» плануецца, што музыка і праграмны кантэнт будуць размяшчацца ў суадносінах 60 на 40. Тэматычная палітра ствараецца з арыентацыяй на тое, чым цікавяцца жанчыны ў інтэрнэце. На інтуітыўным узроўні каманда зараз спрабуе зразумець, што важна і патрэбна сучасным беларускам, што будзе імі запатрабавана. Ужо тое, што такая гісторыя заяўлена, дае падставу меркаваць, наколькі гэта актуальная ідэя.
Пра жанчын, статыстыку і тэндэнцыі
Варта адзначыць, што ў Год беларускай жанчыны ў радыёэфіры выходзяць і плануюцца да рэалізацыі шмат важных і яркіх праектаў для жаночай аўдыторыі. Сярод іх, напрыклад, мультымедыйны праект «Нашы жанчыны» Першага нацыянальнага тэлеканала Беларускага радыё, гераінямі якога становяцца самыя розныя беларускі. У планах радыйшчыкаў рэалізаваць і шэраг іншых праектаў як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным узроўні.
Абмеркавалі ў ходзе круглага стала і некаторыя іншыя тэмы і пытанні. Так, начальнік упраўлення электронных СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра ГАНЧАРОВА расказала пра сітуацыю ў сучасным полі радыёвяшчання, адзначыўшы: «На сённяшні дзень наш радыйны медыяландшафт прадстаўлены 57 радыёпраграмамі (34 дзяржаўныя і 23 недзяржаўныя). Для нас, для Міністэрства інфармацыі, гэта добры вынік, таму што ў мінулым годзе мы навялі парадак у нашай радыёсферы. Было ануліравана 12 пасведчанняў аб рэгістрацыі рэспубліканскіх і рэгіянальных радыёпраграм, якія даўно не вяшчаюць. Мінулы год нас парадаваў тым, што дзве радыёпраграмы сталі ў нас выходзіць у FM-дыяпазоне — нашы „Радыё Перамога“ і „Радыё шансон“. Не магу не адзначыць таксама з’яўленне першай Нацыянальнай радыёпрэміі. Спадзяюся, мы будзем працаваць з вамі ў тым жа рытме».
Закранула прадстаўнік Міністэрства інфармацыі і тэму сацыялагічных даследаванняў, вынікі якіх сведчаць аб тым, што ўзровень даверу да беларускіх радыёпраграм застаецца стабільным: «Рэспубліканскім радыёпраграмам у нас давяраюць 78,3 % рэспандэнтаў. Рэгіянальным — 76 %. І такі ўзровень забяспечаны, дзякуючы таму, што ствараецца якасны і запатрабаваны, актуальны кантэнт».
Не абмінулі ўвагай і тэму выкарыстання штучнага інтэлекту ў радыёэфіры. Прысутныя сышліся на меркаванні, што з гэтым інструментам варта абыходзіцца асцярожна. Нават з улікам таго, як пашырае гэта гарызонты для стварэння кантэнту і ўзаемадзеяння з аўдыторыяй, варта помніць пра адказнасць чалавека за ўсё, што ў выніку з’яўляецца ў эфіры нашых радыёстанцый.
Алена ДРАПКО