У Беларусі з 1 жніўня на 4,1% вырастуць памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, што вылічваюцца з бюджэту пражытачнага мінімуму. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці складзе 10 БПМ, або 5303,70 рубля, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ, або 7425,18 рубля.
Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, складзе 100% БПМ, або 530,37 рубля.
Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў у перыяд выхавання дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складзе 50% БПМ, або 265,19 рубля. Акрамя таго, павялічыцца штомесячная дапамога на дзяцей старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў, прадугледжаных заканадаўствам. Так, на дзяцей старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў такіх сем’ях (акрамя дзіцяці-інваліда), сума дапамогі складзе 50% БПМ, або 265,19 рубля. На дзіця-інваліда, старэйшае за 3 гады, — 70% БПМ, або 371,26 рубля.
Змяніўся і памер штомесячнай дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Пры наяўнасці I і II ступеняў страты здароўя да дасягнення дзіцем 18 гадоў і з III і IV ступенямі страты здароўя да дасягнення дзіцем узросту 3 гадоў дапамога складзе 100% БПМ, або 530,37 рубля. З III і IV ступенямі страты здароўя пасля дасягнення дзіцем узросту 3 гадоў — 120% БПМ, або 636,44 рубля.
Памер штомесячнай дапамогі на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, — 70% БПМ, або 371,26 рубля.
Новыя памеры дапамог будуць дзейнічаць з 1 жніўня па 31 кастрычніка 2026 года. У Мінпрацы адзначылі, што дапамогамі, што вылічваюцца з БПМ, ахоплена 154,8 тыс. дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў.