Top.Mail.Ru

У Беларусі выпусцілі ўжо 200 тыс. аўтамабіляў «BELGEE»

У Беларусі вырабілі 200-тысячны аўтамабіль «BELGEE». Юбілейным стаў гарадскі красовер «BELGEE X50+» у колеры «сіні металік», расказалі БелТА ў СЗАТ «БелДжы». 


Усе 200 тыс. аўтамабіляў выпушчаныя на заводзе пад Барысавам. Брэнд «BELGEE» усяго за некалькі гадоў увайшоў у лік лідараў не толькі ў Беларусі, але і на суседнім расійскім рынку.

«Выпуск 200 тыс. аўтамабіляў — велізарны рубеж для Беларусі. І мы яго ўжо пераадолелі. Усё гэта сведчыць пра высокі давер да маркі, якую цэняць за якасць і надзейнасць. Краіна валодае ўласнай вытворчасцю сусветнага ўзроўню з поўным цыклам выпуску легкавых аўтамабіляў. Мы працягваем імкліва развівацца і пашыраць вытворчасць», — адзначылі ў СЗАТ «БелДжы».


Год таму на заводзе завяршылася буйная мадэрнізацыя, якая была накіраваная на павышэнне якасці прадукцыі, павелічэнне магутнасцяў, укараненне сучасных тэхналогій, павышэнне эфектыўнасці і экалагічнасці вытворчасці. Цяпер на тэрыторыі СЗАТ «БелДжы» будуецца цэх штампоўкі плошчай больш за 5 тыс. кв. м. На ім будуць выпускаць знешнія буйнагабарытныя элементы кузава, у тым ліку пярэднія і заднія дзверы, бакавіны, крылы, капоты і іншыя дэталі.

У Беларусі брэнд «BELGEE» прадстаўлены чатырма мадэлямі: седанам S50 і трыма рознымі красоверамі — сярэднепамерным Х70, гібрыдным X80 PHEV і гарадскім X50+. Вытворчасць уключае ў сябе зварку, афарбоўку і зборку, а ўсе працэсы ажыццяўляюцца на перадавым абсталяванні міжнародных брэндаў. Магутнасці прадпрыемства дазваляюць выпускаць да 120 тыс. аўтамабіляў у год.

Красовер «BELGEE X50+», які стаў юбілейным, пабудаваны на сучаснай модульнай платформе. Ён кампактны і манеўраны, але з прасторным салонам. У аўтамабіль убудаваны чатырохцыліндравы 174-сільны рухавік аб’ёмам 1,5 л з турбанаддувам і прамым упырскам паліва. У пары з ім — сяміступеньчатая прэселектыўная каробка перадач з двайным «мокрым» счапленнем. У Беларусі мадэль прадстаўленая трыма версіямі — Comfort, Luxury і Flagship.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю