Як вядома, Кіраўнік дзяржавы днямі падпісаў Закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці», які прадугледжвае адпаведныя папраўкі ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі (https://www.mpt.gov.by/ru/v-belarusi-vvoditsya-administrativnaya-otvetstvennost-dlya-sotovykh-operat...) расказалі падрабязней аб новаўвядзеннях. Згодна з новаўвядзеннямі, за невыкананне ўстаноўленых заканадаўствам патрабаванняў да сотавай сувязі аператары могуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці. Памер штрафу складзе да 1000 базавых велічынь, што на сённяшні дзень эквівалентна 45 тысячам рублёў.
Ключавыя параметры, за невыкананне якіх прадугледжана адказнасць, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2024 года № 1073. Дакумент вызначае мінімальныя паказчыкі якасці мабільнага інтэрнэту ў залежнасці ад тыпу населенага пункта.
Напрыклад, да канца 2026 года сярэдняя хуткасць мабільнай перадачы даных павінна складаць не менш як 60 Мбіт/с у Мінску і абласных цэнтрах, 25 Мбіт/с у раённых цэнтрах і 10 Мбіт/с на астатняй тэрыторыі краіны. Да канца 2030 года гэтыя патрабаванні складаюць: не менш як 135 Мбіт/с у Мінску і абласных цэнтрах, 110 Мбіт/с у раённых цэнтрах і 30 Мбіт/с на астатняй тэрыторыі.
Закон уступае ў сілу праз два месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.