Top.Mail.Ru

У Беларусі ствараюцца ўсе ўмовы для ўвасаблення тэхналогій будучыні

Дзякуючы сістэмнай падтрымцы Прэзідэнта і зладжанай рабоце дзяржаўных органаў, электрамабілі перасталі быць тэхналогіяй будучыні — яны сталі рэальнасцю, даступнай кожнаму беларусу. Ствараюцца і рэалізоўваюцца дзяржаўныя праекты і праграмы, накіраваныя на развіццё электрамабільнага транспарту.


Рыхтуюцца папраўкі ва Указ № 92 «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў». Пра гэта распавёў міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР, які лічыць, што «ўрадам летась актуалізаваная праграма развіцця дзяржаўнай зараднай сеткі ў частцы павелічэння колькасці і магутнасці. Цяпер асноўны фокус — на сетцы павольных зарадак. Яны ў большай ступені запатрабаваны грамадзянамі, асабліва ў спальных раёнах, у месцах стаянак, побач з офісамі і месцамі адпачынку».

Максімальнае спрыянне

Як адзначыў начальнік упраўлення базавых галін прамысловасці Міністэрства эканомікі Юрый ІВАНОЎ, для нашай дзяржавы электрамабілі сталі ўжо неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця, што аказвае станоўчы ўплыў і на эканоміку краіны. Ён заўважыў, што адначасова з уводам гэтага транспарту вырашаюцца як экалагічныя, так і эканамічныя задачы. Скарачаецца выкарыстанне выкапнёвага паліва, загружаюцца новыя магутнасці ў энергетыцы і ствараецца новая галіна. 

У нас у краіне на сёння колькасць электрамабіляў складае 28,5 тысячы. Пяць гадоў таму іх было ўсяго 80. Паводле яго слоў, толькі летась прырост склаў 14 200 машын, што ў 2,7 раза перавышае паказчык 2023-га.

«І сёлета таксама назіраецца станоўчая дынаміка. За тры месяцы ўжо зарэгістравана каля 5300 новых электракараў. У выніку да канца года прагназуюць, што колькасць электракараў у краіне дасягне 48 тысяч. Ёсць падставы меркаваць, што да 2030 года ў Беларусі будзе зарэгістравана каля 250–300 тысяч электрамабіляў», — дадаў Юрый Іваноў.

Начальнік упраўлення заявіў, што ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы і ўрада ў краіне створаны максімальна спрыяльныя ўмовы павелічэння колькасці электрамабіляў: «Па-першае, гэта льготы і прэферэнцыі. Гаворка ідзе аб вызваленні ад увазнога ПДВ і ПДВ з абаротаў, інвестыцыйны вылік і адсутнасць платы за карыстанне камунальнымі паркоўкамі. Па-другое, устаноўлена нулявая мытная пошліна і сімвалічны памер збору па ўтылізацыі, а таксама магчымасць рухацца па вылучаных палосах».

крамя таго, для камфортнай зарадкі электрамабіля ў краіне развіваецца сетка спецыяльных АЗС. На сёння іх ужо налічваецца каля 1400 станцый. Калі на пачатак мінулага года на адну зарадную прыладу прыпадала 8,8 электрамабіля, то за год гэтыя суадносіны фактычна падвоіліся і склалі 16,8 машыны. Аптымальным у свеце лічыцца 11-12 электрамабіляў. Па гэтым паказчыку наша краіна не адстае ад лідараў і ўваходзіць у топ-15 сусветных краін, адзначыў прадстаўнік Мінэканомікі.

Ад вельмі хуткіх да простых і павольных

Намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве і агульных пытаннях РУП «Вытворчае аб’яднанне» Беларуснафта" Андрэй КОЦІК лічыць, што адбываецца транспартная рэвалюцыя, ключавым драйверам якой стаў імклівы рост электратранспарту. Сёлета ў свеце кожны пяты прададзены аўтамабіль быў электрычным, паводле прагнозаў, да 2030 года будзе кожны другі. Доля электрамабіляў у трафіку ў свеце ў 2030-м складзе каля 20 %.

Развіццё электрамабільнага транспарту ў Беларусі з’яўляецца адным з ключавых кірункаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. У рамках Указа Прэзідэнта № 92 «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў» у Беларусі створана ўнікальная заканадаўчая база для паўсюднага стымулявання выкарыстання электрамабіляў і развіцця зараднай інфраструктуры. Электрамабілі, пры поўным замяшчэнні аўтатранспарту ў Беларусі, валодаюць патэнцыялам спажывання 24 мільярдаў кВт/г за год, што супастаўна з магутнасцю ўсёй БелАЭС. Патэнцыял да 2030 года — больш за 300 тысяч электрамабіляў на дарогах Беларусі і 1,5 мільярда кВт/г за год спажыванне электраэнергіі.

Гэта стала магчымым дзякуючы высокай эфектыўнасці электрамабіляў, якія ўжо таннейшыя за аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання, а таксама дзякуючы стварэнню дзяржаўнай базавай зараднай інфраструктуры, што дазваляе бесперашкодна перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі краіны.  

Паскарэнне ініцыятывы

Мінэканомікі рэалізавала ўсе неабходныя заканадаўчыя ініцыятывы для паспяховага дасягнення намечаных мэт. Унікальнасць заканадаўства Беларусі ў сферы ўстаноўкі зарадных станцый адзначаюць нават прадстаўнікі замежных дзяржаў і кампаній: у Беларусі магчыма ўсталяваць зарадную станцыю ў любым пункце без выдзялення зямельных участкаў, прадугледжана абавязковае стварэнне базавай зараднай сеткі.

Развіццё тэхналогій дазваляе сцвярджаць, што на трасах і ў месцах з вялікімі транспартнымі патокамі зарадная інфраструктура будзе аналагам АЗС па форме аказання паслуг і хуткасці зарадкі. Дзяржаўны аператар забяспечвае стварэнне базавай звышхуткай зараднай інфраструктуры, але ёсць сегмент павольнай зараднай інфраструктуры, які па меры насычэння гарадоў электрамабілямі да 2030 года зойме 30 % рынку.

Для дасягнення гэтай мэты маецца ўся неабходная прагрэсіўная заканадаўчая база. На першы погляд павольная зарадная станцыя — гэта простая прылада, спецыяльная разетка. Аднак гэта не зусім так. Пры ўсёй прастаце адміністрацыйнага працэсу і тэхналогіі ў краіне адсутнічае інтэнсіўнае развіццё павольнай зараднай інфраструктуры з-за шэрагу праблем.

  • Дзяржаўны партал па ўстаноўцы зарадных станцый — новы падыход і паскарэнне: ад паспяховай нарматыўнай ініцыятывы да практыкі рэалізацыі. Дзяржпартал устаноўкі зарадных станцый распрацаваны Міністэрствам эканомікі сумесна з дзяржаўным аператарам зараднай інфраструктуры ў мэтах павышэння эфектыўнасці прынятых заканадаўчых мер па стымуляванні развіцця зараднай інфраструктуры.

На гэтай лічбавай платформе прадстаўлены алгарытм праходжання працэдур: ад падачы заяўкі да першай зарадкі. Прадугледжаны мінімальны ўдзел бізнесу ў працэсе атрымання дазволаў, праектавання і будаўніцтва. «Упэўнены, што гэта інфармацыя дапаможа ініцыятыўным прадпрымальнікам зайсці на рынак зараднай інфраструктуры, а вопытным гульцам — маштабаваць сваю справу і рэалізоўваць новыя інфраструктурныя праекты», — падсумаваў Юрый Чабатар.

Фота Лізаветы Голад

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю