Top.Mail.Ru
85

У Беларусі ствараюць платформу для развіцця лічбавізацыі сельскай гаспадаркі

У Беларусі ствараюць платформу для развіцця лічбавізацыі сельскай гаспадаркі. Пра гэта паведаміў журналістам у Пружанскім раёне першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Віталь Кулак на семінары-нарадзе па пытаннях укаранення элементаў лічбавізацыі ў сельскагаспадарчую вытворчасць, перадае БелТА.

Семінар праходзіць на базе адной з найбуйнейшых гаспадарак Брэсцкай вобласці і Беларусі — ААТ «Жураўлінае». У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі Мінсельгасхарча, Брэсцкага аблвыканкама, райвыканкамаў і прадпрыемстваў. 

Віталь Кулак акцэнтаваў увагу, што стаіць задача — забяспечыць лічбавізацыю ва ўсіх галінах сельскай гаспадаркі. Спецыялісты працуюць над стварэннем беларускай платформы. «Мэта — стварыць сваю рэспубліканскую платформу, незалежную ад іншых дзяржаў або іншых прапаноў, якія да нас паступаюць у краіну. На яе базе далей будзе адбывацца лічбавізацыя сельскай гаспадаркі. Яна ўжо ствараецца. Ідзе тэсціраванне, у нас вызначаныя базавыя гаспадаркі. Іх, вядома, няшмат — усяго шэсць па ўсёй рэспубліцы», — расказаў першы намеснік міністра. 

У сельскай гаспадарцы ў бягучай пяцігодцы робяць асаблівую стаўку на лічбавізацыю. Вывучаюцца напрацоўкі рэгіёнаў і гаспадарак, акумулюецца лепшы вопыт. «Хочам выбудаваць дакладную сістэму і план далейшай работы, каб мы не выраблялі і не куплялі прадукты, якія ў наступным нам могуць не спатрэбіцца. Хочам стварыць адзіны прадукт з улікам вопыту, які ёсць. Таму што асобныя гаспадаркі даволі добра прасунуліся ў гэтым кірунку. Трэба вопыт пераняць і абагульніць на ўсю краіну», — падкрэсліў Віталь Кулак. 

Паводле яго слоў, падобныя семінары па пытаннях укаранення элементаў лічбавізацыі ў сельскагаспадарчую вытворчасць плануецца праводзіць і ў іншых галінах Беларусі.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю