Законапраект накіраваны на бяспеку і абарону дзяцей, уключаючы інфармацыю, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю. Гаворка, вядома, ідзе пра сетку Інтэрнэт. У абноўленым законе прапісана, што цяпер бацькі і апекуны, дзяржаўныя органы і арганізацыі афіцыйна абавязаныя абараняць дзяцей ад шкоднага кантэнту ў Інтэрнэце. Гэта ўключае і кантроль за інфармацыяй, якую атрымлівае дзіця.
Такім чынам бацькі абавязаны не толькі забяспечваць адукацыю і развіццё дзяцей, але і прывіваць ім павагу да законаў, гістарычных і нацыянальных традыцый Беларусі. Па падрабязнасці мы звярнуліся да намесніка начальніка ўпраўлення выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай, выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Беларусі Алены Сімаковай.
— Перш за ўсё змены звязаныя з карэкціроўкай Закона "Аб правах дзіцяці", які быў прыняты 19 лістапада 1993 года, — расказвае прадстаўнік Мінадукацыі. — Прайшло больш за 30 гадоў і, безумоўна, наспела вострая неабходнасць карэкціроўкі асобных палажэнняў, звязаных з патрабаваннем сучаснасці. Гэты закон уносіць змены ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, у Закон аб фізічнай культуры і спорце і карэктуе іншыя заканадаўчыя акты. Асноўны блок навацый накіраваны на абарону дзяцей — перш за ўсё, ад злачынных замахаў і звязаных з гэтым пагрозамі, якія могуць узнікаць для дзіцяці.
Алена Фёдараўна звярнула ўвагу на тое, што ў зменах, звязаных з абаронай дзяцей ад шкоднай інфармацыі, дапоўнены яе пералік: там з’явіліся пазіцыі, звязаныя з інфармацыяй, дыскрэдытуючай сямейна-шлюбныя адносіны, інстытут сям’і і гэтак далей.
— Дзеці сёння выхоўваюцца ва ўмовах, калі на іх уздзейнічае вялікі негатыўны паток інфармацыі, часта — з прыкладамі, — разважае Алена Сімакова. — І для таго, каб абараніць іх ад гэтага, дадзеная норма дадаткова ўнесена ў закон. Справядлівасці дзеля заўважу, што самі бацькі не заўсёды могуць пракантраляваць або абмежаваць дзіця ад таго, што яно самастойна выходзіць у сетку Інтэрнэт і карыстаецца ўсёй інфармацыяй, якая там змяшчаецца: дарослыя людзі, як правіла, працуюць або занятыя неадкладнымі хатнімі справамі, альбо зусім з’язджаюць у камандзіроўку. Тут бацькам у дапамогу праграмныя прадукты, якія прапануюцца аператарамі сувязі, — такія, напрыклад, як «Бацькоўскі кантроль», «Бяспечны Інтэрнэт» і іншыя. Сапраўдны, рэальны бацькоўскі кантроль імі, на думку Алены Фёдараўны, не заменіш, але яны могуць стаць добрымі памочнікамі.
— Дапамагаюць бацькам і дзяржаўныя органы, — працягнула яна. — У чэрвені 2025 года, калі закон яшчэ рыхтаваўся, праходзіў узгадненне, на пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці была разгледжана тэма «Як абараніць дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю». Быў прыняты комплекс мер, які сёння, ужо па выніках 2025 года, дастаткова паспяхова рэалізуецца. Дзяржаўныя органы працуюць па некалькіх блоках. Адзін з іх — гэта абмежаванне доступу дзяцей да тых інтэрнэт-рэсурсаў, якія ім не павінны быць даступныя, вызначэнне гэтых інтэрнэт-рэсурсаў і пастаянны маніторынг Інтэрнэту. Яшчэ адзін — гэта работа па інфармаванні бацькоў, як абараніць дзяцей ад часовай інфармацыі.
— А вось тут вялікая роля адводзіцца школам, — упэўненая спецыяліст ведамства, — установам інфармацыйнай прасторы і сродкам масавай інфармацыі. Але не толькі Інтэрнэт можа быць шкоднасным для няспелай свядомасці дзяцей. Цацкі, у якіх увасоблены героі камп'ютарных гульняў, фільмаў і мультфільмаў, таксама наносяць нямала шкоды.
— Таму такія цацкі з уступленнем закона ў сілу можна распаўсюджваць толькі пры прысваенні знака ўзроставай катэгорыі, — канстатуе намеснік начальніка ўпраўлення.
Падыходы жорсткія, але неабходныя
У абноўленым законе ўдакладняюцца і пазіцыі па запыце звестак у дачыненні да грамадзян, якія плануюць займацца педагагічнай дзейнасцю, альбо ўжо займаюцца ёю, ці працуюць з дзецьмі альбо плануюць заняцца такой працай.
— Наймальнік абавязаны растлумачыць ім заканадаўства аб абароне дзяцей ад злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды, — тлумачыць Алена Сімакова. — Пры гэтым суіскальнікі падпісваюць абавязацельства аб недапушчэнні парушэння імі правоў дзіцяці на недатыкальнасць асобы, абарону ад эксплуатацыі, гвалту, жорсткага абыходжання і захаванні імі абмежаванняў на работу з дзецьмі, якое афармляецца адпаведна ў пісьмовай форме. Калі чалавек адмаўляецца падпісваць абавязацельства, працоўны дагавор з ім заключацца не будзе.
— Яшчэ адзін важны момант — дакументам уведзены нормы, якія прадугледжваюць пазбаўленне права займацца педагагічнай дзейнасцю асоб, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці, а таксама злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іншых. Змены ў законе таксама прадугледжваюць права наймальніка арганізаваць праходжанне работнікамі, якія ажыццяўляюць педагагічную дзейнасць, якія займаюцца пастаяннай работай з дзецьмі, псіхалагічнага сумоўя ў парадку, які вызначаны Урадам Рэспублікі Беларусь, — кажа спецыяліст Мінадукацыі.
Алена ВІНАГРАДАВАФота з адкрытых крыніц