Ініцыятыва, аўтарамі якой выступілі члены Дзіцячай палаты Цэнтральнага савета арганізацыі, прымеркавана да Года беларускай жанчыны. «Ужо больш за пяць гадоў праект „Сустрэча на ўсе 100!“ паспяхова рэалізуецца ў нашай арганізацыі як эфектыўная пляцоўка для адкрытага, давернага дыялогу дзяцей з цікавымі людзьмі. Развіваючы гэты вопыт, Дзіцячая палата выступіла з ініцыятывай прысвяціць праект Году беларускай жанчыны. Наша задача — праз жывыя сустрэчы з зямлячкамі паказаць усю разнастайнасць лёсаў. Важна, каб кожны піянер і акцябронак убачыў: гераіня жыве побач», — расказала Таццяна Данькова.
- Ключавы прынцып праекта — рэгіяналізацыя. Школы, піянерскія дружыны, раённыя і абласныя арганізацыі БРПА арганізуюць сустрэчы з жанчынамі, чыё жыццё і дзейнасць звязаны з канкрэтнай мясцовасцю. Сярод запрошаных гасцей — работніцы прадпрыемстваў, педагогі, урачы, ветэраны працы, шматдзетныя маці, выпускніцы школ, якія дасягнулі поспеху ў прафесіі, майстры, маладыя спецыялісты.
У фінале кожнай размовы ўдзельнікі задаюць гераіням тры абавязковыя пытанні: аб галоўнай жыццёвай каштоўнасці, аб жанчыне, якая стала прыкладам і натхненнем, а таксама аб пажаданнях піянерам і акцябратам. Атрыманыя матэрыялы будуць пакладзены ў аснову відэаэнцыклапедыі «100 асоб беларускага характару» і інтэрактыўнай карты з геаграфічнай прывязкай гісторый гераінь. Вынікі праекта плануецца падвесці ў снежні 2026 года — студзені 2027 года.
Важнай асаблівасцю спецсезона з’яўляецца актыўны ўдзел саміх дзяцей у арганізацыі сустрэч. Члены дзіцячых палат і саветаў дружын задзейнічаны на ўсіх этапах: ад выбару гераіні да фота- і відэаздымкі і падрыхтоўкі публікацый у сацыяльных сетках. «Нашы хлопцы і дзяўчаты выступаюць не проста слухачамі, а сапраўднымі сааўтарамі праекта, — адзначыла Таццяна Данькова. — Яны самі шукаюць гераінь, рыхтуюцца да дыялогу, вучацца браць інтэрв’ю, манціраваць відэа. Гэта бясцэнны вопыт сацыяльнай актыўнасці і камунікатыўнай культуры».
Чакаецца, што ў спецыяльным сезоне прымуць удзел не менш як 50 тыс. піянераў і акцябрат, па ўсёй краіне пройдзе больш за тысячу тэматычных сустрэч. Першыя сустрэчы прайшлі ўжо ў рэгіёнах. У Докшыцкай школе нумар 1 імя І.С.Палявога ганаровым госцем стала дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Святлана Януковіч, у Клецкім цэнтры дзіцячай творчасці дыялог з навучэнцамі правяла старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Марына Бабко.