Top.Mail.Ru
253

У Беларусі распрацавана і ўкараняецца навігацыйная сістэма для невідушчых «KROPKI»

21 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі была прэзентавана гукавая навігацыйная сістэма «KROPKI» для невідушчых людзей. Яна заклікана зрабіць больш даступным асяроддзе для людзей з інваліднасцю па зроку. Гэта першая такая айчынная распрацоўка ў галіне інфармацыйных тэхналогій. 


Сістэма ўключае два кампаненты: маўленчыя гукавыя інфарматары з дыстанцыйным кіраваннем, якія размешчаны на розных аб’ектах, і бясплатны мабільны дадатак. Абодва кампаненты распрацаваны на прадпрыемстве «Святлопрыбор» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. «KROPKI» пратэставана невідушчымі людзьмі і адпавядае міжнародным стандартам даступнага асяроддзя. 


Гэтымі маўленчымі інфарматарамі будуць абсталяваны гандлёвыя цэнтры, паштовыя аддзяленні, паліклінікі, школы, святлафоры, грамадскі транспарт, прыпыначныя пункты, падземныя пераходы метро, сістэмы электроннай чаргі. Цяпер іх устанавілі і ў Нацыянальнай бібліятэцы.

— Гэта максімальна лакалізаваны прадукт нашага прадпрыемства. Яшчэ адна яго асаблівасць — тое, што ў вытворчасці ўдзельнічаюць людзі з інваліднасцю па зроку. На зборачных, фінішных аперацыях — там, дзе ёсць магчымасць, яны гэта робяць, і па нашым меркаванні, гэта вельмі важна, — падкрэсліў дырэктар УП «Святлопрыбор» Павел Сцепановіч. 

Цяпер невідушчыя карыстальнікі з дапамогай мабільнага дадатку могуць перамяшчацца па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, прычым самастойна, без старонняй дапамогі. Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара НББ Віктар Пшыбытка, бібліятэка даўно ўдзяляе пільную ўвагу абслугоўванню невідушчых карыстальнікаў. Тут можна знайсці 1,3 тысячы дакументаў, надрукаваных шрыфтам Брайля, і больш за 2 тысячы аўдыякніг. У чытальных залах размешчана адпаведнае абсталяванне — і электронная лупа, якая дазваляе павялічваць тэкст, і праграма, якая агучвае. Вядзецца актыўная работа ў дыстанцыйным асяроддзі: толькі сёлета выканана больш за 300 заказаў і пераведзена ў даступны выгляд больш як 18 тысяч старонак тэксту.


Паводле слоў намесніка старшыні «БелТІЗ» Ілоны Лісоўскай, таварыства інвалідаў па зроку прыкладна на 60 % складаецца з людзей старэйшых за 50 гадоў, якім часта нязвыкла карыстацца кіем або перамяшчацца з суправаджаючымі, а маладыя людзі нават саромеюцца хадзіць з кіем. Але жыццё не стаіць на месцы. Усё ідзе наперад, і дзякуючы інфармацыйным тэхналогіям з’яўляюцца новыя магчымасці, якія можна ўкараніць у сучаснае жыццё. Менавіта ўкараненне такіх тэхналогій — галоўны прыярытэт Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, бо яны стараюцца рабіць стаўку на маладых людзей, абнаўленне кадраў і тэхналагічныя новаўвядзенні.

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю