У Беларусі распрацавалі тэст-сістэму для адначасовага выяўлення вірусаў грыпу А, В і каранавіруса ў рэжыме рэальнага часу. Пра гэта паведаміла намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Таццяна Сталярова на панэльнай секцыі «Галіновая навука», якая прайшла ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры ў рамках святкавання Дня беларускай навукі, паведамляе БелТА.
Таццяна Сталярова назвала найбольш перспектыўныя распрацоўкі, атрыманыя ў рамках навукова-тэхнічных праграм у 2025 годзе. «Хачу адзначыць распрацаваную Рэспубліканскім цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя тэст-сістэму для адначасовага выяўлення віруса грыпу А, грыпу В і каранавіруса ў рэжыме рэальнага часу. А таксама праграмна-апаратны выпрабавальны комплекс для вызначэння фізічнага стану выратавальніка-пажарнага ў спецыяльнай ахоўнай экіпіроўцы ва ўмовах, набліжаных да рэальных умоў ліквідацыі надзвычайных сітуацый (распрацоўшчык — навукова-даследчы інстытут пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый МНС). БДУІР у сваю чаргу распрацаваў Нацыянальны эталон адзінкі магутнасці электрамагнітных ваганняў, які ўяўляе сабой комплекс унікальнага абсталявання для каліброўкі і паверкі вымяральных ЗВЧ-прылад, які ўжываецца ў працэсе распрацоўкі і вырабу новых узораў перспектыўнай тэхнікі, касмічных сістэм кантролю калязямной прасторы, сістэм хуткаснай перадачы інфармацыі», — расказала яна.
У 2025 годзе навукова-даследчыя, доследна-канструктарскія і доследна-тэхналагічныя работы выконваліся ў рамках 22 навукова-тэхнічных праграм, у тым ліку 14 дзяржаўных, адной рэгіянальнай і 7 галіновых. У сярэднім па такіх праграмах штогод рэалізуецца больш за 500 заданняў у частцы НДДК(Т)Р і каля 500 заданняў па выпуску прадукцыі. Пры гэтым больш за дзве траціны ўсіх НДДК(Т)Р накіраваны на развіццё ў краіне вышэйшых (V і VI) тэхналагічных укладаў. Толькі за 11 месяцаў мінулага года было створана 2 новыя вытворчасці, мадэрнізавана 2 існуючыя вытворчыя аб’екты, праведзена тэхнічная падрыхтоўка 16 вытворчасцей, распрацаваны і даведзены да стадыі практычнага прымянення 323 новаўвядзенні. Па завершаных распрацоўках было атрымана 8 ахоўных дакументаў на вынікі навукова-тэхнічнай дзейнасці, пададзена 8 заявак на патэнтаванне вынаходак, заключана 29 ліцэнзійных дагавораў.
У параўнанні з папярэднім пяцігадовым перыядам на 2026-2030 гады павялічана колькасць дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм — на 6, а рэгіянальных — на 5. «Гэты факт адпавядае прыярытэтам дзяржавы па ўмацаванні навукова-тэхнічнага патэнцыялу, стварэнні механізмаў для ўкаранення айчынных навукова-тэхнічных распрацовак у арганізацыях краіны, вырашэнні пытанняў імпартазамяшчэння і забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту. У бягучай пяцігодцы ў рамках ГНТП плануецца стварыць звыш 2 тыс. навінак, у тым ліку больш за 140 найменняў машын, абсталявання і камплектуючых вырабаў. З’явяцца 150 новых тэхналагічных працэсаў і 38 інфармацыйных тэхналогій і сістэм», — адзначыла намеснік старшыні ДКНТ.
Вялікая ўвага ў Беларусі надаецца развіццю інавацыйнай інфраструктуры, якая забяспечвае трансфер вынікаў навуковых даследаванняў у вытворчасць. Яна складаецца з 14 тэхнапаркаў, 5 цэнтраў трансферу тэхналогій, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і Беларускага інавацыйнага фонду. У краіне таксама функцыянуюць 96 галіновых лабараторый, якія дазваляюць кансалідаваць намаганні вучоных універсітэтаў, арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук і вытворчых прадпрыемстваў для атрымання запатрабаваных вынікаў канкрэтных заказчыкаў.
«Дзяржаўныя і рэгіянальныя навукова-тэхнічныя праграмы, суб’екты інавацыйнай інфраструктуры, галіновыя лабараторыі разам з рэалізацыяй іншых мер закліканы забяспечыць развіццё нашай краіны па ключавых прыярытэтных напрамках са стварэннем навукаёмістых вытворчасцяў, выпускам высокатэхналагічнай прадукцыі. Кажу ў тым ліку аб такіх кірунках, як лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект, інавацыйныя тэхналогіі ў прамысловасці, біялагічныя, хіміка-фармацэўтычныя і медыцынскія тэхналогіі, інавацыйныя тэхналогіі ў аграпрамысловым комплексе і харчовай прамысловасці», — падкрэсліла Таццяна Сталярова.