Top.Mail.Ru

У Беларусі прайшоў рэспубліканскі суботнік

18 красавіка па ўсёй краіне прайшоў рэспубліканскі суботнік



На рэспубліканскім суботніку сабрана больш за 18 млн рублёў

Як адзначыла ў размове з журналістамі намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч, паводле аператыўных даных на рэспубліканскім суботніку ўжо сабрана больш за 18 мільёнаў рублёў. Людзі актыўна ўдзельнічаюць у рабоце па навядзенні парадку на зямлі. Грашовыя сродкі, заробленыя ад правядзення вясновага суботніка, будуць накіраваны на стварэнне пастаяннай экспазіцыі будучага Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і іншыя спадарожныя гэтаму работы.




Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын узяў удзел у рэспубліканскім суботніку

У дзень рэспубліканскага суботніка кіраўніцтва Апарату Савета Міністраў на чале з Прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным працавалі на воінскім пахаванні ў вёсцы Пяцеўшчына Мінскага раёна. Удзельнікі мерапрыемства паклалі плітку, высадзілі туі і пафарбавалі мемарыял. 

У брацкай магіле пахавана 45 воінаў Савецкай Арміі і партызан, якія загінулі ў баях у гады Вялікай Айчыннай вайны ў чэрвені 1941 года пры абароне вёскі Пяцеўшчына і ў чэрвені 1944-га пры яе вызваленні. Вядомы 22 імя пахаваных, якія нанесеныя на абеліск. Сярод пахаваных — воіны 47-га зенітна-артылерыйскага Верхнедняпроўскага ордэна Багдана Хмяльніцкага дывізіёна 385-й і 11-й стралковых дывізій.

У размове з журналістамі Прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падкрэсліў, што правядзенне суботнікаў стала ўжо добрай традыцыяй суверэннай Беларусі. «Насамрэч, гэта выдатная традыцыя — наводзіць вясной парадак, рабіць важныя рэчы». 


Кіраўнік урада нагадаў пра важнасць захавання гістарычнай праўды. «Сёння мы працуем на месцы, дзе загінулі нашы людзі падчас Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы нашу незалежнасць». Аляксандр Турчын канстатаваў, што прайшло ўжо 85 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. «І, вядома, нам трэба не забываць тое, што было, і тое, што рабілася на тэрыторыі нашай краіны. Таму што 85 гадоў для чалавека — гэта вельмі шмат, а для гісторыі — гэта наогул імгненне. І нельга выключаць таго, што тыя зверствы, якія адбываліся на тэрыторыі нашай краіны, могуць паўтарыцца, — звярнуў увагу Аляксандр Турчын. — Таму нельга пра гэта забываць, трэба пра гэта памятаць, каб, памятаючы мінулае, здабываць урокі для будучыні». 

На пытанне аб тым, ці складана Апарату Савета Міністраў працаваць на суботніку, Аляксандр Турчын заўважыў: «Мы прывыклі да такой працы. Яна ідзе досыць зладжана. Цяжкавата, пот з ілба выціраем, але тым не менш, бачыце — усё досыць хутка ідзе. Таму гэта яшчэ раз даказвае, што чыноўнікі Беларусі — гэта людзі, якія не адарваныя ад зямлі і ўмеюць у тым ліку класці плітку і высаджваць туі». 

Аляксандр Турчын таксама закрануў тэму правядзення вясенне-палявых работ. Паводле яго слоў, сёння вясенне-палявыя работы — толькі невялікая частка сельгасработ, таму што асноўныя аб’ёмы сяўбы збожжавых — гэта, безумоўна, азімая сяўба. «Яравая сяўба — тут, зразумела, што я не бачу ніякіх праблем і пытанняў. І застаецца вельмі значны фронт работы — гэта кукуруза. Гэта вялікая плошча ў краіне, умовы надвор’я дазваляюць гэтым займацца. Нам трэба інтэнсіўна працаваць, каб ва ўстаноўленыя агратэхнічныя тэрміны мы маглі завяршыць сяўбу гэтай культуры», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр. 


Ёсць паліва, ёсць тэхніка, ёсць людзі, таму галоўнае — правільная арганізацыя працы і каб надвор’е не падводзіла, заўважыў кіраўнік урада.

Прэм’ер-міністр таксама расказаў, як далей будзе выбудавана стратэгія развіцця меліярацыі ў Беларусі. Аляксандр Турчын нагадаў, што гэтая тэма абмяркоўвалася ва ўрадзе не так даўно — 17 красавіка адбылася нарада па пытанні меліярацыйных мерапрыемстваў. 

«Мы ўжо досыць шмат у краіне правялі работ на меліяраваных землях. І застаюцца вельмі складаныя ўчасткі з не самай высокай бальнасцю гэтых палёў. І наша прапанова Прэзідэнту, якую ён падтрымаў, — каб гэтыя рэсурсы мы маглі накіроўваць на навядзенне парадку не толькі на меліяраваных землях, але і на землях звычайных», — адзначыў Аляксандр Турчын.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, задача гэтага і наступнага года — інтэнсіўна заняцца названым пытаннем, не спыняючы працы, дзе гэта эфектыўна, на меліяраваных землях. «Але вось ужо пытанні рэканструкцыі — гэта вялікія грошы. Трэба вельмі ўзважана да гэтага падыходзіць і зрабіць рэканструкцыю там, дзе гэта дасць эканамічны эфект», — рэзюмаваў Прэм’ер-міністр.

Намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч звярнула ўвагу на тое, што ў апошнія гады акрамя рэспубліканскіх суботнікаў у кожным рэгіёне краіны на добраахвотнай, ініцыятыўнай аснове праводзяцца мясцовыя. Грамадзяне ў парадку энтузіязму і ўласнай ініцыятывы збіраюцца і прыводзяць у парадак свае тэрыторыі: «І на самай справе вельмі выдатна, што мы ўсе ўсведамляем, што наша краіна — гэта толькі тое, што мы можам зрабіць сваімі рукамі: азеляніць і прыбраць, прывесці ў парадак і аддаць даніну памяці. Гэта мы ўсё робім». 

Наталля Пяткевіч таксама адказала скептыкам, якія лічаць, што беларусаў трэба прымушаць працаваць. «Мне здаецца: тыя, хто гаворыць пра гэта, не ведаюць і сусветнага досведу. Таму што валанцёрства ёсць ва ўсіх краінах свету. Людзі прыбіраюць помнікі, даглядаюць за жывёламі, бяруць на папячыцельства сады, тэрыторыі, паркі і гэтак далей. Толькі там гэта называецца прыгожым словам „валанцёрства“, якое пачало набываць сілу нейкія, можа, 10 гадоў. У нас гэта праводзіцца дзесяцігоддзямі. І выдатна, што мы разумеем, што наш дом — гэта не проста нашы кватэры або наш участак зямлі. Наш дом — гэта наша краіна. І калі мы хочам тут жыць, значыць, мы і наводзім тут парадак, — падкрэсліла Наталля Пяткевіч. — Я думаю, што перадаваемае з пакалення ў пакаленне пачуццё любові і стаўлення да ўласнай краіны як да свайго дома — гэта і ёсць патрыятызм. Патрыятызм — гэта не проста глядзець у акно і любіць. Патрыятызм — гэта рабіць нешта для сваёй краіны і для свайго вось гэтага вялікага дома. Я думаю, што калі нават не зусім усе, то амаль усе гэта ўсведамляюць, і гэта вельмі добра».

«Нельга забываць тыя страшныя падзеі, якія былі ў нашай вёсцы»

Падрабязна аб тым, якім чынам шануюць памяць загінуўшых продкаў у вёсцы Пяцеўшчына Мінскага раёна, у дзень рэспубліканскага суботніка расказалі яе мясцовыя жыхары. 

Старшыня Крупіцкага сельсавета Марына Астроўка расказала, што брацкая магіла, на якой працавала кіраўніцтва Апарату Савета Міністраў у дзень рэспубліканскага суботніка, з’явілася ў 1964 годзе. У 1986 годзе была ўстаноўлена мемарыяльная дошка, на якой нанесеныя прозвішчы, ініцыялы ваенных і партызан, пахаваных тут.

Штогод у дзяржаўныя святы каля манумента праходзяць мітынгі, хвіліны маўчання, увекавечанні. «Парадак на пахаванні падтрымліваем уласнымі сіламі. У гэтым нам вельмі дапамагаюць бліжэйшыя арганізацыі, а таксама воінская часць. Хацелася, вядома ж, асучасніць даныя на магільнай пліце, таму што пошукавыя работы вядуцца і сёння. Так, з 45 пахаваных воінаў першапачаткова на помніку было нанесена 22 прозвішчы. За апошнія пяць гадоў было знойдзена яшчэ пяць прозвішчаў», — падзялілася Марына Астроўка. 


Добраўпарадкаванне помніка сёлета для жыхароў Крупіцкага сельсавета — вялікая падзея. У ходзе рэспубліканскага суботніка помнік стаў больш сучасным: тут была заменена пліткі, выдаленыя старыя хмызнякі і высаджаны дэкаратыўныя іглічныя туі. Пры гэтым мясцовыя жыхары, па словах старшыні сельсавета, на пастаяннай аснове падтрымліваюць парадак на пахаванні. «Людзі памятаюць. І мы бачым, што сюды прыходзяць і ўскладаюць кветкі. І гэта дарагога варта», — рэзюмавала Марына Астроўка. 

Жыхарка вёскі Пяцеўшчына, майстар народных промыслаў Ірына Дзернакоўская ўжо шмат гадоў клапоціцца пра гэты помнік. «Гэта наша гісторыя, якая патрабуе працягу і клопату, таму што нам нельга забываць тыя страшныя падзеі, якія былі ў нашай вёсцы», — адзначыла яна. 

Вызваленне вёскі, якое адбылося ў 1944 годзе, па словах мясцовай жыхаркі, стала значнай падзеяй. «Сведкі расказвалі пра зацяжныя баі. Страшна было нават выходзіць з дому, паколькі захопнікі прарываліся на Мінск... І нягледзячы на тое, што наша сталіца была вызваленая 3 ліпеня, 14 ліпеня ў нас яшчэ ішлі баі. У той дзень на нашай тэрыторыі загінуў апошні воін, наш абаронца, які пахаваны ў гэтай брацкай магіле», — падзялілася мясцовая жыхарка. 

Пра важнасць захавання гістарычнай праўды расказаў і яшчэ адзін мясцовы жыхар Іван Малюкевіч. Ён успамінае: «Тут за школаю стаяў курган, які абнесены быў агароджай, і яго пачалі раскопваць, збіралі астанкі загінулых, костачкі, і пераносілі іх сюды, дзе цяпер помнік стаіць...»


57 гадоў жыве ў вёсцы Пяцеўшчына Алена Вайцяховіч. Яна прыехала сюды 18-гадовай дзяўчынкай з Бярэзінскага раёна падымаць калгас і ўсё жыццё працавала заатэхнікам на ферме.

«Бацькі расказвалі, вядома, шмат пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Тата мой вярнуўся з фронту параненым. Мамчын брат, дзядзька родны, прыйшоў без нагі. У нас лясы вакол, таму зверствавалі немцы моцна ў вёсцы», — расказвае жыхарка, якая не прапусціла ніводнага суботніка. 

Усе мерапрыемствы, якія праходзілі каля помніка, пенсіянерка наведвае заўсёды. «Нават на самыя найменшыя лічыла сваім абавязкам прыходзіць, хоць бы ўскласці кветачкі. Жыву я недалёка ад гэтага месца. Трошкі часцінку нейкай душы ўкласці і быць удзячным нашым воінам, якія там пакінулі свае жыцці. Дзякуючы ім нашы дзеці і мы 80 гадоў жывём пад мірным небам», — рэзюмавала Алена Вайцяховіч.


Па традыцыі ў рэспубліканскім суботніку прымаюць удзел члены Савета Рэспублікі на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што наводзіць парадак і добраўпарадкоўваць нашу краіну — добрая традыцыя. Асаблівую значнасць маюць месцы воінскіх пахаванняў, каля аднаго з якіх сумеснымі намаганнямі сенатары сёння высадзілі дрэвы і прыбралі мінулагодняе лісце.



— Мы ўсе разам збіраемся, каб зрабіць нашу краіну прыгажэйшай. Хоць гэта ўжо наш брэнд, мы ганарымся чысцінёй і добраўпарадкаваннем нашых гарадоў, пасёлкаў, наогул нашай краіны. 



Наталля Качанава звярнула ўвагу на значнасць месцаў воінскіх пахаванняў, якім надаецца асаблівая ўвага ў Беларусі.



— У чарговы раз успамінаю словы нашага Прэзідэнта, які гаворыць, што гэта жывы помнік той вайны. Для нас гэтая памяць святая. Мы павінны яе перадаваць нашай моладзі. Сёння з намі Маладзёжны савет (пры Савеце Рэспублікі. — «Зв.»), нашы работнікі прыйшлі са сваімі дзеткамі. Мы павінны памятаць усё, што было на нашай зямлі. У гэты год — 85-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны — з асаблівымі пачуццямі вяртаемся да тых падзей, якія адбываліся на нашай зямлі. 



Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што гэтыя жудасныя падзеі не павінны паўтарыцца, а людзям варта жыць у міры і згодзе. 

— Каб заўсёды над краінай было такое мірнае неба.

Наталля Качанава адзначыла, што ў цяперашні няпросты час у свеце шмат «гарачых кропак».

— Людзі ваююць, забіваюць адзін аднаго, знішчаюць інфраструктуру. Сёння, знаходзячыся ў гэтым святым месцы, дзе, па апошніх даных, загінулі амаль 546 тысяч грамадзян — былых ваеннапалонных, нашых салдат, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць нашай краіны, разумееш, што гэтага нельга дапускаць.



Перш чым прыступіць да добраўпарадкавання тэрыторыі каля манумента «Ахвярам лагера Трасцянец», члены Савета Рэспублікі, работнікі Сакратарыята і Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі ўсклалі каля яго кветкі ў памяць аб воінах Савецкай Арміі, якія загінулі пры вызваленні Мінска.


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам працавалі на рэспубліканскім суботніку ў парку Уга Чавеса

Раніца 18 красавіка ў сталічным парку Уга Чавеса выдалася па-сапраўднаму працоўнай. У дзень рэспубліканскага суботніка тут сабраліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, выбраныя ад горада Мінска, на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сергяенкам, каб высадзіць дрэвы і зрабіць гэтую тэрыторыю яшчэ прыгажэйшай.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка падчас мерапрыемства адзначыў, што гэты дзень важны не толькі для навядзення парадку на зямлі, але і для сувязі пакаленняў.

— Важна захоўваць традыцыі, прымнажаць і перадаваць іх далей. Традыцыя правядзення суботнікаў у красавіку адыходзіць углыб гісторыі, і з кожным годам гэтыя мерапрыемствы становяцца ўсё больш маштабнымі, — падзяліўся ён.



Таксама Ігар Сергяенка дадаў, што на суботніку дэпутаты працуюць па ўсёй краіне: ад малых вёсак да абласных цэнтраў.

— Мы сабраліся тут, каб высадзіць дрэвы ў сталічным парку Уга Чавеса. Выдатны настрой, добрае надвор’е. Прыемна ўсведамляць, што наша праца будзе тут увасоблена, — падзяліўся ён.

Важную тэму падчас працы ўзняла старшыня пастаяннай камісіі па заканадаўстве Марына Лянчэўская:


— Сёння вельмі шмат кажуць аб экалагічнай бяспецы. Але я лічу, што важна не казаць, а рабіць. Сёння мы высаджваем выдатную алею: гэта новыя дрэвы і, па сутнасці, лёгкія нашага горада, — падкрэсліла яна. — Сімвалічна і лічба высаджаных дрэў — 75. Менавіта столькі гадоў 17 красавіка споўнілася Фрунзенскаму раёну, дзе знаходзіцца гэты парк.


Таксама Марына Лянчэўская дадала, што дэпутаты ніколі не заставаліся ў баку ад такіх цудоўных ініцыятыў.

— Можна было б з боку паглядзець на тое, як у краіне праходзіць рэспубліканскі суботнік, але гэта не пра дэпутатаў. Дэпутаты заўсёды ў страі, дэпутаты заўсёды наперадзе і для нас вялікі гонар удзельнічаць у гэтым выдатным мерапрыемстве, — падзялілася яна.

За стараннай працай мы заспелі і дэпутата Сяргея Клішэвіча. Паводле яго слоў, рэспубліканскі суботнік — гэта беларуская традыцыя, якая дапамагае згуртоўваць наша грамадства. 



— З аднаго боку — гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі, а з другога — згуртаванне калектыву. Мы прывыклі бачыць адзін аднаго на працы, у вырашэнні важных дзяржаўных задач парламентарызму, заканатворчай дзейнасці. Падчас суботніка зусім іншы фармат зносін і я ўпэўнены, што гэта будзе садзейнічаць лепшай рабоце па асноўным месцы нашай дзейнасці, — падзяліўся ён.




Ва ўнісон з гэтымі словамі гучаць і думкі дэпутата Анжалікі Курчак:

— Рэспубліканскі суботнік — гэта выдатная падзея, падчас якой дэпутаты збіраюцца разам не ў кабінетах, а ў тых месцах, якія патрабуюць прыкладання намаганняў для добраўпарадкавання краіны. Каменная Горка — гэта густанаселены раён са шчыльнай забудовай. Выдатна тое, што гэту паркавую тэрыторыю захавалі для адпачынку. Але ёсць куды імкнуцца: тут яшчэ ёсць шмат месцаў для таго, каб прыкласці намаганні і зрабіць раён яшчэ лепшым, — склала яна.




У выніку суботнік у парку Уга Чавеса стаў не проста высадкай дрэў, а наглядным прыкладам таго, што ўсё пачынаецца з асабістага ўдзелу. Цяпер справа за дажджом і сонцам — каб 75 маладых дрэў прыжыліся і радавалі гараджан яшчэ доўгія гады.





Вальфовіч: Традыцыя суботнікаў яднае народ і дазваляе прывіць маладому пакаленню працавітасць

«У краіне ўжо традыцыйна праходзіць рэспубліканскі суботнік. Традыцыя мае добрыя і глыбокія карані і ўмацавалася ў нашай краіне — традыцыі суботніка ўжо больш за 100 гадоў. Як правіла, раней яны праходзілі вясной і былі прымеркаваны да дня нараджэння Уладзіміра Леніна, 22 красавіка. Потым прыйшла Вялікая Айчынная вайна, якая сцёрла нашу краіну практычна да каменя, да падмурка. Мінск быў разбураны так, што ў 1944 годзе, калі горад вызвалілі, кіраўніцтва задумвалася, ці аднаўляць Мінск на першапачатковым месцы або аднесці яго на 10-15 км у бок. Было прынята рашэнне аднавіць горад на гістарычным месцы. Людзі прынялі гэта з энтузіязмам, з разуменнем, і суботнікі ў пасляваенны перыяд праходзілі не толькі вясной, а практычна кожную суботу і нядзелю. Людзі працавалі, бо разумелі, што акрамя іх ніхто гэтага не зробіць», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Краіну аднавілі, суботнікі сталі праводзіцца гэтак жа, як і да вайны. З распадам СССР традыцыя рэспубліканскіх суботнікаў была захавана ў Беларусі. «Гэтая выдатная традыцыя гуртуе наш народ. Акрамя таго, пасля зімы мы выходзім на вуліцу, каб падмесці, пасадзіць дрэвы, дзесьці папрацаваць на будоўлях. Звычайна, калі ў суботу еду на працу, горад выглядае спячым. А сёння людзей на вуліцы шмат. Усе едуць папрацаваць, каб азеляніць горад, добраўпарадкаваць яго, зрабіць яшчэ больш прыгожым», — адзначыў дзяржсакратар Савета Бяспекі. Акрамя таго, падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч, гэтая традыцыя дапамагае прывіваць маладому пакаленню працавітасць.



У ходзе рэспубліканскага суботніка супрацоўнікі Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі прынялі ўдзел у азеляненні пляцоўкі ў сталіцы, дзе да 100-годдзя ДТСААФ будзе адкрыты сквер. «У лютым ДТСААФ адзначыць свой 100-гадовы юбілей. Да гэтай даты закладваецца сквер насупраць цэнтральнага савета ДТСААФ. У гэтым скверы будуць пасаджаныя дрэвы, кусты, створаны дарожкі для прагулак, адпачынку гараджан і гасцей горада. Таксама тут будуць выстаўлены ўзоры тэхнікі. Гэта робіцца для таго, каб можна было і ў цэнтры горада знайсці ўтульнае, зялёнае месца для адпачынку. Акрамя таго, тут будуць стэнды, плакаты, інфармацыйныя матэрыялы аб дзейнасці ДТСААФ», — рэзюмаваў Аляксандр Вальфовіч.



Назараў: Аднаўленне лясоў пасля высечак і стыхійных бедстваў — у прыярытэце для дзяржавы

Аднаўленне лясоў пасля высечак і стыхійных бедстваў — галоўны прыярытэт лясной палітыкі дзяржавы. Аб гэтым заявіў кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў у час рэспубліканскага суботніка, паведамілі БелТА ў Кіраўніцтве справамі.


Своечасовыя лесааднаўленчыя работы пасля розных відаў высечак, у тым ліку пры ліквідацыі наступстваў ураганных вятроў і іншых прыродных фактараў — абавязковая ўмова для ўзнаўлення і захавання лясных багаццяў краіны, адзначыў Юрый Назараў.


Разам з работнікамі апарату Кіраўніцтва справамі і маладзёжным актывам падпарадкаваных арганізацый у рамках рэспубліканскага суботніка ён прыняў удзел у стварэнні лясных культур у Рагоўскім лясніцтве дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Краснасельская» ў Мінскім раёне. Тут на ўчастку плошчай 2 га аднаўляюцца насаджэнні, якія падвяргаюцца ўсыханню і пашкоджанню яловай губкай і апенкам. Пасля правядзення суцэльнай санітарнай рубкі яловых насаджэнняў прынята рашэнне стварыць змешаныя насаджэнні, якія будуць больш устойлівыя да розных прыродных фактараў і лясных хвароб. На ўчастку ў час суботніка высадзілі сеянцы хвоі, елкі, бярозы і дуба, — усяго каля 10 тыс. штук.

Як расказаў Юрый Назараў, работнікі апарату Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта імкнуцца кожны год прымаць удзел у стварэнні новых лясоў. За больш чым 30-гадовую гісторыю існавання дзяржоргана ўжо і не злічыць колькасць пасаджаных дрэў і плошчу, на якой зараз падрастаюць новыя лясы. У апошнія гады да гэтай высакароднай місіі далучыўся маладзёжны актыў з падпарадкаваных арганізацый. Моладзь з задавальненнем працуе як на пасадцы лесу, так і на добраўпарадкаванні паркаў, сквераў, тэрыторый прадпрыемстваў і іншых аб’ектаў, паказваючы добры прыклад усім астатнім, абазначыў кіраўнік спраў Прэзідэнта.


Штогод на тэрыторыі ляснога фонду прыродаахоўных і лесагаспадарчых устаноў Кіраўніцтва справамі высаджваецца лясных культур гаспадарча-каштоўных парод на плошчы да 2,5 тыс. га, у тым ліку аднаўляецца каля 100 га пойменных дуброў.


Гара: Традыцыя суботнікаў звязана з успамінамі з дзяцінства

Традыцыя суботнікаў звязана з успамінамі з дзяцінства. Такой думкай падзяліўся генеральны пракурор Беларусі Дзмітрый Гара, удзельнічаючы ў рэспубліканскім суботніку, перадае карэспандэнт БелТА.


Генеральная пракуратура дапамагла акультурыць сталічны сквер на скрыжаванні вуліц Бялецкага і Громава, дзе знаходзіцца Алея 100-годдзя пракуратуры Беларусі. Па словах Дзмітрыя Гары, гэты сквер яны ўзялі пад сваё крыло ў 2024 годзе. Дрэвы ў памяць аб наведванні нашай краіны там высаджвалі і высокапастаўленыя пракуроры замежных краін, у прыватнасці Кубы.


«Сёння выдатны дзень і выдатнае надвор’е. Мы працягваем традыцыю, якая закладзена вельмі даўно: прыводзіць у парадак тыя месцы, дзе жывуць і якім радуюцца людзі. Мы з задавальненнем высаджваем дрэвы і наводзім чысціню. Упэўнены, гэта будзе прыемна тым, хто тут гуляе. Для мяне традыцыя суботнікаў звязаная з успамінамі: прыроды», — сказаў Дзмітрый Гара.


Пярцоў на суботніку: Наводзіць парадак у мемарыяльных комплексах — гістарычная справядлівасць

«Гэтая стваральная традыцыя нацэлена, па-першае, на прывядзенне ў парадак роднай зямлі, свайго роднага кутка або мемарыяльнага комплексу, як тут, каб пасля няпростай зімы зрабіць нашу краіну прыгажэйшай. Мы заўсёды славіліся парадкам, прыбранасцю, глянцам. Калі малады чалавек на суботніку папрацуе — прыбярэ, пасадзіць дрэва, пафарбуе нешта, — потым ён дзесяць разоў падумае і, хутчэй за ўсё, не кіне паперку ці нейкае іншае смецце. Ён будзе ставіцца беражліва да сваёй зямлі, будзе з асаблівай любоўю ставіцца да таго кутку, дзе жыве. Гэтая традыцыя прыжылася ў нашай краіне, і сродкі, якія збіраем у рамках суботнікаў, заўсёды ідуць на добрую справу. У гэтым годзе ўсе сабраныя сродкі пойдуць на стварэнне музейнай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея. Гэта таксама вялікі плюс, таму што кожны чалавек, які ўдзельнічае ў суботніку, будзе датычны гэтай вялікай справы», — сказаў Уладзімір Пярцоў.



Калектыў Адміністрацыі Прэзідэнта рэгулярна клапоціцца аб мемарыяльным комплексе «Літавец», наводзіць тут парадак. «Гэта месца знаходзіцца воддаль ад вялікіх трас і населеных пунктаў, таму сюды не часта заязджаюць турыстычныя групы і валанцёры, якія хочуць папрацаваць. Мы спецыяльна выбралі гэты комплекс. У студзені 1943 года тут адбылася трагедыя ў рамках рэалізацыі чарговай карнай аперацыі па знішчэнні партызанскага руху, якая называлася „Якаб“, — была спалена вёска, знішчаныя 196 жыхароў, з іх 58 — нявінныя дзеці. Як высветлілася, тут не было партызан, гэта была проста лжывая наводка, але зверствы фашыстаў адбыліся. І камсамольцы Дзяржынска ў 1987 годзе ўзвялі тут невялікі мемарыял за ўласныя грошы. Я лічу, што гэта гістарычная справядлівасць — прыязджаць нам сюды хоць бы раз на год, каб наводзіць парадак, высаджваць дрэвы. Тым больш што тут нядаўна быў пажар, да гэтага ўраганны вецер нанёс пэўную шкоду. Усё гэта трэба выпраўляць, за гэтым трэба даглядаць. І шматлікія турысты, якія прыязджаюць у нашу краіну ў тым ліку з еўрапейскіх краін па бязвізе, адзначаюць, што ў нас кожны помнік, кожны абеліск, кожнае месца пахавання заўсёды знаходзіцца ў належным дагледжаным стане», — падкрэсліў ён.

 


Працоўны медыядэсант таксама выйшаў на Рэспубліканскі вясновы суботнік




Супрацоўнікі Мінінфарма разам з работнікамі СМІ і прадпрыемстваў галіны далучыліся да акцыі «Лес! Дабро! Парадак!» у Пухавіцкім раёне.

Прадстаўнікі Выдавецкага дома «Звязда» таксама шчыравалі ў медыякамандзе. Хутка на гэтым месцы зашуміць сасновы бор.



Рыжанкоў: Для дыпламатаў гэта ўнутраны парыў — зрабіць сваю краіну яшчэ больш прыгожай

Для дыпламатаў гэта ўнутраны парыў — зрабіць сваю краіну яшчэ прыгажэйшай, яшчэ зелянейшай, сказаў міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў.

 

 

Міністр падкрэсліў: «Гэта штогадовая традыцыя — калі мы далучаемся да высадкі лесу, дрэў». На яго думку, для дыпламатаў гэта ўнутраны парыў — зрабіць сваю краіну яшчэ прыгажэйшай, яшчэ зелянейшай. 

«Мы часта ездзім за мяжу, многія доўга там працуюць, бачаць, што ёсць там добрае, што — у нас. У нас настолькі выдатная прырода, што захапляешся ёю пастаянна, асабліва калі вяртаешся назад, пасля пустыняў, гарадоў, якія створаны цалкам у бетоне і шкле, і ацэньваеш сапраўдную прыгажосць і каштоўнасць беларускай прыроды. У многіх краінах такога няма», — адзначыў міністр.


Кіруючы склад МУС на чале з міністрам Іванам Кубраковым прыняў удзел у Рэспубліканскім суботніку

Міліцэйскі дэсант працаваў на тэрыторыі новай установы адукацыі — Каледжа МУС. Сюды таксама прыбылі намеснікі міністра, ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў і курсанты акадэміі, ветэраны ведамства, прадстаўнікі каледжа, у тым ліку выхаванцы ваенна-патрыятычнага клуба «МіР». Дружная каманда не толькі навядзе парадак пасля зімовага перыяду, але і выканае шэраг работ у корпусе, які будуецца. 


Цікавасць моладзі да навучальнай установы велізарная, таму асаблівая ўвага надаецца пашырэнню інфраструктуры, а значыць, і магчымасцяў для падрыхтоўкі будучых вартавых парадку.

Кіраўнік міліцэйскага ведамства Іван Кубракоў адзначыў:

— Традыцыйна супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў — усе, хто не знаходзіцца сёння на службе, — прымаюць удзел у рэспубліканскім суботніку. Вызначаны пляцоўкі ў Мінску, абласных і раённых цэнтрах, каб наша краіна стала яшчэ прыгажэйшай. Грошы, якія будуць зароблены, пойдуць на добрыя справы.


Сёння тут прысутнічаюць і кіруючы склад МУС, і курсанты ведамасных устаноў адукацыі, і выхаванцы ВПК — наша будучыня.



Вясна, натхненне, суботнік. Жыхары Магілёўскай вобласці з добрым настроем выйшлі папрацаваць на суботніку

Адной з галоўных пляцовак суботніка ў Магілёўскай вобласці стаў будаўнічы аб’ект у Дрыбінскім раёне — ААТ «Дрыбінрайаграпрамтэхзаб», дзе шчыравалі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка са сваёй камандай. Аграгаспадарка актыўна развівае малочнатаварную вытворчасць. На яе тэрыторыі знаходзяцца два МТК — «Нікольск» і «Цёмны лес», а таксама цёлачнік — жывёлагадоўчая ферма «Дубраўка». Губернатар прыняў удзел у закладцы прафілакторыя на 236 жывёламесцаў на МТК «Нікольск». 

Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дрыбінскага райвыканкама, будаўніцтва прафілакторыя плануецца завяршыць да 1 ліпеня. Падчас суботніка тут залівалі падлогу. 


Прафілакторый — блізнюк яшчэ аднаго такога ж, які пабудаваны ў ААТ «Трылесіна-агра» на МТК «Кароўчына» сёлета ў гэтым жа раёне — драўляная канструкцыя з бетоннай падлогай і дахам з металапрофілю. Ён прызначаны для цялят ад 0 да 3 месяцаў. Для кожнага прадугледжаны асобны бокс, для нованароджаных — з падагрэвам. Прыбудова для абслугоўвання цялят будзе абсталявана ўсім неабходным — пастэрызатарам малака, малочным таксі, маразільнікам, воданагравальнікам, мыйкай, сушкай для вядзёр і гэтак далей. 

Дзяржава паклапацілася, каб будаўніцтва было пасільным для сельгасарганізацый. У адпаведнасці з пастанаўленнем Саўміна № 799, для будаўніцтва прафілакторыяў падведамасныя Мінлясгасу арганізацыі пастаўляюць драўляныя камплекты на льготных умовах. Новыя прафілакторыі дазволяць захаваць маладняк і значна аблегчыць працу персаналу. Іх будаўніцтва з’яўляецца часткай маштабнай праграмы па мадэрнізацыі жывёлагадоўчай галіны Беларусі, накіраванай на паляпшэнне догляду і кантролю здароўя жывёлы. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача да канца пяцігодкі перавесці ўвесь дойны статак на сучасныя малочнатаварныя комплексы.

—У Магілёўскай вобласці распрацаваная праграма развіцця сельскай гаспадаркі па ўсіх кірунках, — адзначыў Анатоль Ісачанка. — У прыватнасці, што датычыцца жывёлагадоўлі — гэта будаўніцтва сёлета яшчэ 43 прафілакторыяў. І адзін з іх мы будуем у Дрыбінскім раёне ў рамках суботніка. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей і разам мы можам зрабіць вельмі шмат на карысць нашай вобласці і краіны. Кожны з нас на нешта здольны акрамя сваёй асноўнай работы. Хтосьці добра працуе малатком, хтосьці — іншым інструментам, глядзім адзін на аднаго і вучымся. Настрой добры, па-сапраўднаму вясновы.


ААТ «Дрыбінрайаграпрамтэхзаб» — адна з трох аграгаспадарак раёна. Як расказала першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дрыбінскага райвыканкама Таццяна Верам’ёва, на 1 красавіка 2026 года пагалоўе буйной рагатай жывёлы тут склала 1766 галоў, у тым ліку 889 галоў кароў малочнага статку. Вытворчасць малака за першы квартал дасягнула 534,1 тоны, што вышэй за аналагічны перыяд мінулага года на 17,5%. Надой малака на адну карову ў сярэднім па арганізацыі павялічыўся на 28,9 % вышэй за мінулагодні паказчык — да 584 кілаграмаў. Малака рэалізавана 478,9 тоны — 123,6 % да леташняга ўзроўню. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазу буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме за гэты ж перыяд склалі 557 грамаў. За тры першыя месяцы ў гаспадарцы нарадзілася 192 цяляты.  

Нагадаем, што Дрыбінскі раён Магілёўскай вобласці на асаблівым кантролі і ў Прэзідэнта. У сакавіку ён наведаў яго з рабочай паездкай і даў шэраг даручэнняў. Адно з іх — узбуйненне раёна.

— Мы над гэтым зараз працуем, — падкрэсліў у размове з журналістамі кіраўнік вобласці. — Будзе зроблены адпаведны даклад Прэзідэнту. Пакуль вывучаем абстаноўку на месцы, адпрацоўваем розныя варыянты. Галоўнае, каб гэта было ўзбуйненне не дзеля ўзбуйнення, а каб даць імпульс у развіцці Дрыбінскага раёна па ўсіх кірунках. На разглядзе цэлы комплекс пытанняў і сацыяльных, і эканамічных. Працэнтаў на 70 пытанне адпрацаванае.

Суботнік у Магілёўскай вобласці прайшоў на пад’ёме. Удзел у ім прынялі каля 270 тысяч жыхароў вобласці. Стаяла мэта зарабіць амаль 1,5 мільёна. Тая частка грошай, якая застанецца ў рэгіёне, будзе накіраваная на сацыяльна значымыя аб’екты.



Больш за 300 тысяч жыхароў Брэсцкай вобласці на суботніку займаліся прыборкай і добраўпарадкаваннем

Больш за 300 тыс. жыхароў Брэсцкай вобласці 18 красавіка далучыліся да рэспубліканскага суботніка, паведаміў першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.

Чакаецца, што сума сродкаў, заробленых на працоўных месцах у дзень суботніка, перавысіць 2 млн рублёў. «У цэлым усе жыхары вельмі актыўна ўдзельнічаюць, шмат аб’ектаў ахоплена, у тым ліку знакавых. Мы сёння, напрыклад, працуем у Брэсцкай крэпасці — у Цэнтры патрыятычнага выхавання моладзі. Акрамя таго, прыводзяцца ў парадак мемарыялы, памятныя месцы, пахаванні, аб’екты гісторыка-культурных каштоўнасцяў, зялёныя зоны, месцы баўлення вольнага часу, прылеглыя тэрыторыі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў», — пералічыў першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Паводле яго слоў, такія працоўныя акцыі гуртуюць беларусаў. Яны разам займаюцца прыборкай, добраўпарадкаваннем, азеляненнем. «Людзі працуюць з натхненнем. Гэта нас гуртуе, дае магчымасць праявіць салідарнасць, унесці свой маленькі або вялікі ўклад у тое, каб наша краіна развівалася і станавілася прыгажэйшай. Вядома, гэта яшчэ і момант клопату аб навакольным асяроддзі», — лічыць Дзмітрый Гарадзецкі.

Жыхары Брэсцкай вобласці паўсюдна выйшлі на суботнік. Яны працуюць на розных лакацыях. Напрыклад, Баранавічы рыхтуюцца неўзабаве адзначыць сваё 155-годдзе, таму намаганні накіраваны на пераўтварэнне горада да юбілею. Асаблівы акцэнт робіцца на азеляненні. Баранавіцкі раён сёлета прыме абласны фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі», запланаваны значны аб’ём работ у аграгарадку Жамчужны і вёсцы Новая Мыш.

Многія брэстаўчане гэтую суботнюю раніцу праводзяць на свежым паветры, дапамагаючы ў навядзенні парадку ў родным горадзе. Асаблівая ўвага, у прыватнасці, удзяляецца тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Добраўпарадкаванне вядзецца на дзясятку лакацый.

Жыхары Ганцавіцкага раёна з нецярпеннем чакаюць адкрыцця шматфункцыянальнага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Сёння яны дапамагаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі каля яго.
Адна з кропак у Пінскім раёне — дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак», дзе хутка адкрыюць новы спальны корпус.
У Драгічынскім раёне дапамагаюць у навядзенні парадку ў музеі народнай творчасці «Бездзежскі фартушок», будынак якога павінен у бліжэйшы час адкрыцца пасля капітальнага рамонту і рээкспазіцыі.

Амаль 300 тысяч жыхароў Віцебскай вобласці далучыліся да рэспубліканскага суботніка

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Уладзімір Юргевіч і іх каманда падчас рэспубліканскага суботніка працуюць на будаўніцтве і добраўпарадкаванні малочнатаварнага комплексу вытворчага кааператыва «Альгоўскае» ў Віцебскім раёне. 


Больш за сотню чалавек працуюць на лакацыі новага жывёлагадоўчага аб’екта. Работы хапае ўсім: адны заліваюць фундамент будучага прафілакторыя для цялят на 200 галоў, іншыя ўстанаўліваюць агароджы, фарбуюць канструкцыі, плануюць тэрыторыю, прыбіраюцца ва ўжо гатовых памяшканнях. 

Паміж справай кіраўнік сельгасарганізацыі Мікалай Ляошка расказаў прадстаўнікам СМІ, што комплекс поўнага цыкла, які будуецца, разлічаны на 760 галоў дойнага статка. На бягучы момант гатоўнасць аб’екта складае 80-85 %, асноўныя работы на даільна-малочным блоку, які складаецца з двух хлявоў, амаль закончаны. Застаецца дарабіць сянажную яму і завяршыць добраўпарадкаванне. 

Ужо на пачатку лета на комплекс паступіць першая партыя жывёлы — больш за 200 цялушак галштынскай пароды са сваёй жа гаспадаркі. Штомесяц іх пагалоўе на комплексе будзе прырастаць прыкладна на 50 галоў да поўнага запаўнення. Паралельна пачынаецца будаўніцтва прафілакторыя для цялят і памяшкання для запускнога статка сумесна з раздоем. 


— Гэты малочнатаварны комплекс будуецца па адным з указаў кіраўніка дзяржавы. Прафілакторый, фундамент якога сёння закладваецца, будзе высокатэхналагічным, аснашчаным сучаснай малочнай кухняй і малочным таксі з дазіраванай выпайкай маладняку, — падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Белусь. — У святле даручэння, дадзенага Аляксандрам Лукашэнкам паўночнаму рэгіёну адносна захаванасці маладняку сельгасжывёлы і грамадскага статка наогул, Віцебшчына ўзяла на сябе абавязак па будаўніцтве да 1 ліпеня 169 прафілакторыяў лёгкаўзводзімых канструкцый за кошт сродкаў абласнога бюджэту. 

Каб зрабіць таннейшым іх будаўніцтва, шэраг работ запланавана выконваць талакой, усім светам, з дапамогай суботнікаў усіх узроўняў. 


Назіраецца высокая актыўнасць жыхароў Віцебшчыны на добраахвотных работах 18 красавіка: удзел у ім бяруць 293 тысячы чалавек. У зоне ўвагі, акрамя вытворчых аб’ектаў, памятныя месцы, тэрыторыі населеных пунктаў. Агульнымі намаганнямі зароблена 1 мільён 853 тысячы рублёў, якія будуць пералічаны ў фонд рэспубліканскага суботніка. 


Каля 300 тысяч жыхароў Гомельшчыны выйшлі на рэспубліканскі суботнік і сумеснымі намаганнямі плануюць зарабіць на карысць краіне каля 2,6 мільёна рублёў

Падчас агульнарэспубліканскага марафону добраўпарадкавання кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама арганізавала вялікі працоўны дэсант на аб’екце будучага маштабнага абнаўлення рэгіянальнага значэння — Мазырскім гарадскім радзільным доме, які абслугоўвае ў тым ліку Ельскі, Лельчыцкі, Нараўлянскі, Жыткавіцкі, Петрыкаўскі і Калінкавіцкі раёны. 

Свой унёсак на пачатку рамонтных работ, якія разгарнуліся ў радзільні, падчас рэспубліканскага суботніку зрабілі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, намеснікі кіраўніцтва вобласці, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Руслан Пархамовіч, старшыня Мазырскага райвыканка Алена Паўлечка. 

Радзільны дом да рамонту быў разлічаны на 82 ложкі. За мінулы год медыкамі было тут праведзены каля 1400 родаў, лячэнне атрымалі больш за 2700 пацыентаў.




Будынак радзільні ў Мазыры ўзведзены ў 1965 годзе. Апошні рамонт ва ўстанове аховы здароўя праводзіўся больш як 20 гадоў таму, і яе абнаўленне вельмі актуальнае рашэнне. Будзе цалкам абноўлены фасад, праведзены рамонт усіх унутраных памяшканняў, цокальнага паверха, поўнасцю заменены дах, абноўлены ўсе сістэмы камунікацыі, інжынерныя сеткі, забяспечаны грунтоўны касметычны рамонт радзільных і аперацыйных залаў, палат, службовых памяшканняў. Акрамя таго, будзе закуплена новае абсталяванне для забеспячэння яшчэ больш высокага ўзроўню медыцынскага абслугоўвання. Сучасны камфортны для супрацоўнікаў і пацыентаў аб’ект плануецца адкрыць у падарунак жыхарам Гомельшчыны да Дня кастрычніцкай рэвалюцыі. 

Падчас рэспубліканскага марафону добраўпарадкавання перад пачаткам рамонту працоўны дэсант кіраўніцтва Гомельскага рэгіёна дапамагаў у работах па харчовым блоку, які будзе цалкам абноўлены. Разам з кіраўніцтвам вобласці працавалі і медыцынскія працаўнікі і будаўнікі: выносілі мэблю, здымалі дзверы, плітку на падлозе і сценах, дэманціравалі вентыляцыйную сістэму. 

— У Год беларускай жанчыны прынята рашэнне правесці рэканструкцыю радзільнага дома ў палескім рэгіёне. У Мазыры — цэнтральны раддом для шэрагу раёнаў. Правялі абмеркаванне з кіраўніком Міністэрства аховы здароўя, вызначылі аб’ёмы рэсурсаў. Міністэрства забяспечыць пастаўку абсталявання. Аблвыканкам прафінансуе рэканструкцыю і тэхнічнае перааснашчэнне раддома. Сродкі на рамонт выдзелены з дзвюх крыніц. Каля 1,5 мільёна рублёў сабраны ў рамках абласнога суботніка ў сакавіку, яшчэ тры мільёны — сродкі аблвыканкама, — адзначыў у размове з журналістамі старшыня аблвыканкама Іван Крупко. — Задачы пастаўлены, тэрміны вызначаны, і да 7 лістапада плануем адкрыць раддом. У Год беларускай жанчыны, аб’яўлены Прэзідэнтам, важна аказаць дапамогу сваёй працай, тым больш што гэты аб’ект паслужыць у далейшым развіццю ў цэлым сістэмы аховы здароўя нашага рэгіёна, — выказаў упэўненасць кіраўнік Гомельскай вобласці.


Па словах старшыні аблвыканкама, у цэлым рэспубліканскі суботнік на Гомельшчыне падтрымала каля 300 тысяч чалавек. Плануецца сабраць каля 2,6 мільёна рублёў.

Працоўныя калектывы, актывісты грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў, дэпутаты базавага ўзроўню і парламентарыі, кіраўнікі сельвыканкамаў і работнікі арганізацый і прадпрыемстваў падтрымалі рэспубліканскі суботнік на Гомельшчыне. У Гомельскім раёне працоўны дэсант на чале з сенатарам — членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшынёй Гомельскага райвыканкама Аляксандрам Новікавым працаваў у аграгарадку Пакалюбічы, які сёлета стане сталіцай раённага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Жыхаркі населенага пункта разам з лідарам дэпутацкага корпуса раёна Вікторыяй Ладуцька наводзілі парадак на вуліцах, бялілі дрэвы, а мужчыны разам з кіраўніком раёна і членам Савета Рэспублікі Аляксандрам Новікавым дапамаглі ў дэмантажы старой загарадзі. Адзін з буйных населеных пунктаў раёна, сапраўды, абнаўляецца. Прыгожым і чыстым стала і знакавае месца ў самым цэнтры аграгарадка, дзе ў маі 1985 года да 40-годдзя Вялікай Перамогі ў Пакалюбічах высадзілі 40-гадовы дуб, які і сёння здзіўляе сваёй веліччу. 


— Гомельскі райсавет дэпутатаў, райаддзяленне Беларускай партыі «Белая Русь» і райарганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын» заахвочвае нашых жыхароў да добраўпарадкавання населеных пунктаў і ўдзелу ў праекце «Дзе карані жывыя — там і Радзіма», прысвечанага 100-годдзю Гомельскага раёна, — адзначыла старшыня райсавета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька. — У яго рамках пачалася актыўная работа: добраўпарадкаванне вуліц, афармленне кветнікаў, ліквідацыя несанкцыянаваных звалак, пустазельнай расліннасці, абнаўленне фасадаў дамоў, добраўпарадкаванне месцаў адпачынку каля домаўладанняў і на землях агульнага карыстання, устаноўку тэматычных малых архітэктурных форм і іншыя мерапрыемствы па наданні асаблівага каларыту населеным пунктам Гомельскага раёна, — падкрэсліла дэпутат. 

Рэспубліканскі суботнік — свята, што яднае пакаленні. У гэтым перакананы жыхары Лельчыцкага раёна. У Лельчыцах з нагоды рэспубліканскага суботніка абвясцілі акцыю «За справу!». У навядзенні парадку на тэрыторыі роднага райцэнтра аб’ядналі намаганні прадстаўнікі раённай ветэранскай арганізацыі пад кіраўніцтвам старшыні Любові Буцькавец і актыўная моладзь на чале з першым сакратаром Лельчыцкага РК ГА «БРСМ» Наталляй Краўчэня.


На рэспубліканскім суботніку ў аграгарадку Баравое шчыравалі старшыня Лельчыцкага райвыканкама Сяргей Дылюк, кіраўнік райсавета Таццяна Бяспалая, супрацоўнікі райвыканкама, працаўнікі дарожных арганізацыі, мясцовая школа, а таксама вайскоўцы пагранічнай заставы.

— Баравое рыхтуецца да раённых «Дажынак — 2026». Дзякую працоўным калектывам, якія ўжо падключыліся да гэтай важнай справы. Важна, каб жыхары населенага пункта не заставаліся ўбаку. Мы запрашаем усіх уключыцца ў працу, навесці парадак на сваіх прыдамавых тэрыторыях, адрамантаваць агароджы, добраўпарадкаваць свае ўчасткі і высадзіць кветкі. Таксама заклікаем аказаць падтрымку сельвыканкаму і ўзяць удзел у добраўпарадкаванні грамадскіх месцаў. Усё гэта робіцца для нашых людзей, — матываваў Сяргей Дылюк.

— У аграгарадку Баравое добраўпарадкоўваем сквер, чысцім возера, робім утульныя і прыгожыя зоны адпачынку. Жыхары раёна з задавальненнем выйшлі на суботнік, — баявы працоўны настрой перадала старшыня Лельчыцкага райсавета дэпутатаў Таццяна Бяспалая

Наводзілі парадак у населеных пунктах, на памятных месцах і пахаваннях часоў Вялікай Айчыннай вайны, грамадзянскіх могілках жыхары Буда-Кашалёўшчыны. 

— Сумеснай працай мы выказваем сваё неабыякавае стаўленне да малой радзімы. Чысціня і парадак ствараюць людзям добры настрой, матывуюць на добрасумленную працу, фарміруюць беражлівыя адносіны да роднай прыроды, — перакананы старшыня Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Халдай.


Напярэдадні рэспубліканскага суботніка ў раёне прайшоў фестываль шпакоўняў, які за 10 гадоў правядзення стаў брэндам Буда-Кашалёўшчыны. У гэтым творчым і экалагічным спаборніцтве бяруць удзел жыхары ўсіх сельсаветаў раёна. У агульнарэспубліканскі марафон добраўпарадкавання ўдзельнікі конкурсу развесілі птушыныя домікі на дрэвах на тэрыторыі ўстаноў, у дварах дамоў у сваіх населеных пунктаў. 


Прадстаўнікі Мінскага аблвыканкама працавалі сёння на тэрыторыі школы, якая будуецца ў Прылуках

На школе, якая будуецца ў аг. Прылукі, папрацавалі сёння прадстаўнікі Мінскай вобласці на чале са старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксеем Кушнарэнкам.


У мікрараёне шматпавярховай забудовы ў аг. Прылукі ў верасні гэтага года павінна расчыніць свае дзверы новая школа на 1020 навучэнцаў. Аб’ект патрэбны, важны і вельмі чаканы. Яе будучыя вучні, напэўна, не раз прыходзілі сюды, каб «праінспектаваць» ход будаўніцтва і даведацца, якім будзе будынак, двор, стадыён.

Гатоўнасць аб’екта — больш за 85%, школа будзе чатырохпавярховай, з важных асаблівасцей — басейн, адзіны ў аграгарадку. Але самае галоўнае, што школа размяшчаецца ў крокавай даступнасці ад дома: вучням не давядзецца марнаваць каштоўны час на паездкі. Увядзенне яе ў строй таксама дапаможа знізіць нагрузку на Прылуцкую СШ № 1 у аграгарадку Атоліна, дзе зараз навучаюцца больш за тысячу хлопцаў і дзяўчат.

На знакавую будоўлю разам з кіраўніцтвам вобласці сёння прыехалі папрацаваць маладыя педагогі Мінскага раёна. Сярод іх — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Прылуцкай СШ № 1 Юлія Аітава. «Я ўраджэнка Сеніцы і заўсёды ведала, што вярнуся працаваць дадому, таму праходзіла навучанне па мэтавым накіраванні. Радуюся, бачачы, як мяняецца Прысталічча, як узводзяцца дамы, сацыяльныя аб’екты. Яны ўпрыгожваюць населеныя пункты, робяць іх больш камфортнымі. І новая школа, адкрыццё якой так чакаюць у Прылуках, — таму прыклад. Наш удзел у яе добраўпарадкаванні на суботніку — маленькі ўклад у стварэнне ўсёй гэтай прыгажосці», — расказала педагог.


Алег Валадзько таксама з мясцовых, на заняткі бегаў у Атоліна. Цяпер выкладае ў сваёй школе гісторыю. «Родныя сцены, родныя людзі вакол — мне тут камфортна. Тым больш, што Прылукі актыўна будуюцца, сюды прыязджае моладзь, якая хоча ў аграгарадку жыць і працаваць. Школа, вядома, вялізная, прыгожая, у нашым дзяцінстве пра такую можна было толькі марыць. Так што радуюся і за дзяцей, і за калег, якія будуць тут працаваць», — расказаў ён, падкрэсліўшы, што суботнікі ў школьным жыцці — яе неад’емная частка і добры метад далучэння дзяцей да працы.

Перад пачаткам суботніка старшыня Мінскага аблвыканкама пазнаёміўся з ходам будаўніцтва, ацаніў якасць аздаблення, зазірнуў у будучы басейн і актавую залу, прайшоўся па класах. І пасля невялікага інструктажу па тэхніцы бяспекі і рэкамендацый па пасадцы, працоўны дэсант з прадстаўнікоў Мінскага аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў і моладзі пачаў работу. Сярод задач — правядзенне азелянення тэрыторыі школьнага двара і добраўпарадкаванне газонаў. Літаральна пару гадзін і высадкі елак, бярозак, клёнаў і бэзу занялі сваё сталае месца. За лета дрэва адужэюць і будуць доўгія гады цешыць насельнікаў школы.


«Уся Мінская вобласць выйшла сёння на суботнік, удзел у ім бяруць больш як 320 тыс. чалавек. Талакой яны працуюць на карысць сваіх населеных пунктаў, рэгіёнаў, сваёй краіны. І гэта цудоўная традыцыя. Сёння мы працуем на тэрыторыі новай школы і гэта сімвалічна, гэта наш уклад у стварэнне ўмоў для будучых пакаленняў. Як і тое, што заробленыя па Мінскай вобласці на суботніку сродкі пойдуць на стварэнне экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея. Сёння ў кожнага жыхара нашай краіны ёсць унікальная магчымасць унесці свой уклад у стварэнне знакавага аб’екта», — адзначыў Аляксей Кушнарэнка 

Ён таксама расказаў, што на суботніку ў Мінскай вобласці працоўныя калектывы добраўпарадкоўваюць паркі і скверы, асаблівую ўвагу ўдзяляючы мемарыялам і абеліскам героям Вялікай Айчыннай вайны, сумяшчаючы карысную працу з вахтамі памяці.


«Пазней мы прыйдзем сюды гуляць з нашымі дзецьмі». Мінгарвыканкам працуе на суботніку ў парку Горкага

Каля 60 супрацоўнікаў Мінгарвыканкама акультурвалі тэрыторыю дзіцячага парка імя Горкага падчас рэспубліканскага суботніка, паведамляе БелТА.


Намеснік начальніка аддзела прававога рэгулявання і рэалізацыі жыллёвай палітыкі ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Таццяна Бухта адзначыла, што супрацоўнікі выканкама традыцыйна далучаецца да ўсіх суботнікаў, каб дапамагчы ў падтрыманні чысціні горада: «Лічу, што гэта выдатна, бо мы ўносім свой уклад ва акультурванне сталіцы. У мінулым годзе прыбіралі адзін з паркаў, да гэтага — Трасцянец, аддалі памяць воінам, якія абаранялі нашу краіну. Выходзілі працаваць нават у моцны восеньскі дождж».

Галоўны спецыяліст аддзела па кантролі за рэкламай і абароне правоў спажыўцоў галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Святлана Дзям’яновіч падзялілася, што імкнецца ўдзельнічаць у суботніку кожны раз. «Вельмі рада ўдзельнічаць. Бо пазней мы прыйдзем сюды гуляць з нашымі дзецьмі. Гэта адно з любімых месцаў у сталіцы. Лічу, што кожны жыхар павінен удзельнічаць, дапамагаць Мінску і тады самому будзе прыемна знаходзіцца на яго тэрыторыі. Адказнасць за чысціню і парадак ляжыць на кожным з нас», — упэўнена яна.


Сваім уражаннем ад удзелу ў суботніку таксама падзялілася галоўны спецыяліст упраўлення кадравай работы галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Мінгарвыканкама Лілія Гацко. «Надвор’е неверагоднае, для такога мерапрыемства лепшых умоў і быць не можа! У суботніку прымаю ўдзел упершыню, для мяне гэта прыемны досвед, падабаецца тое, чым мы займаемся. Прыемна, што мы праводзім час сонечнай раніцай у парку. Зграбаем вялікую колькасць лістоты з тэрыторыі, каб жыхарам сталіцы было прыемней гуляць тут. Іншыя адчуванні ад месца, калі ў ім чыста. Суботнік вельмі аб’ядноўвае, бо мы з калегамі не толькі працуем над агульнай справай, але ў працэсе яшчэ і маем зносіны, што нас вельмі гуртуе», — падкрэсліла яна.


Малады лес, абноўленыя вуліцы, кветнікі: Гродзеншчына на суботніку

У Жыровічы з самай раніцы з усіх бакоў з’язджаліся людзі і тэхніка: аграгарадок, які стане адным з духоўных цэнтраў Беларусі, мяняецца на вачах, і рэспубліканскі суботнік унясе ў яго добраўпарадкаванне важкі ўклад.


Тут заняліся кладкай тратуараў, асфальтаваннем дарогі, уладкаваннем газонаў, пасадкай кветнікаў і лесу. Працавалі ўсе: арганізацыі і прадпрыемствы, установы адукацыі Слонімскага раёна, прадстаўнікі абласной і мясцовай улады.


«Мы ўжо год выконваем даручэнне кіраўніка дзяржавы, які паставіў задачу аграгарадок Жыровічы прывесці ў стан, які адпавядае віду нашага цудоўнага манастыра. Практычна кожны месяц тут праводзілася па некалькі суботнікаў, нават без перапынку на зімовы час. Завершана другая чарга рэканструкцыі плошчы, перакладзены камунікацыі, абнаўляецца асфальт. Вуліцы аграгарадка добраўпарадкаваны. Будзе пераўтворана Саборная плошча і ўсе прылеглыя да яе вуліцы», — расказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў.


Работнікі аблвыканкама разам з калектывам Слонімскага лясгаса і іншых арганізацый раёна 18 красавіка высаджвалі лес на ўчастку, дзе раней размяшчаліся старыя гаспадарчыя пабудовы. Гэта ўжо не першы суботнік тут: яшчэ летась прыбралі рэшткі падмуркаў, расчысцілі зямлю ад парослых кустоў, падрыхтавалі да высадкі дрэў. Літаральна на вачах выстройваюцца стройныя рады яловых і дубовых саджанцаў: сем іглічных — тры дубовыя, і так па чарзе. «Участак лесу будзе цудоўным апраўленнем нашай беларускай жамчужыны», — адзначыў кіраўнік рэгіёна.


У Фрунзенскім раёне сталіцы, як і па ўсёй краіне, прайшоў суботнік



18 красавіка ў рамках рэалізацыі мерапрыемстваў па санітарнай ачыстцы і добраўпарадкаванні Фрунзенскага раёна г. Мінска прайшоў тэматычны суботнік «Маладое пакаленне», у якім прынялі ўдзел камунальныя прадпрыемствы Фрунзенскага раёна, ПУА «Каледж бізнесу і права» КОТОС нумар 130 і жыхары раёна. Была праведзена прыборка прыдамавой тэрыторыі ад смецця, ачыстка пешаходных дарожак ад пяску і расліннасці, прыборка кантэйнерных пляцовак, рамонт і афарбоўка малых архітэктурных форм, прыборка газона. 


Суботнік дапамог аб’яднаць людзей і нагадаць, што разам мы можам зрабіць наш горад больш чыстым і прыемным.




У Беларусі 18 красавіка прайшоў рэспубліканскі суботнік. Грашовыя сродкі, заробленыя ад правядзення вясновага суботніка, будуць накіраваны на стварэнне пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, які будуецца, і іншыя спадарожныя гэтаму работы. 

Па паведамленнях карэспандэнтаў «Звязды» і БелТА



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю