«У наступнай пяцігодцы перад транспартным комплексам стаяць стратэгічныя задачы. Перш за ўсё, трэба будзе забяспечыць якаснае паляпшэнне дарожнай інфраструктуры, развіццё хуткіх і даступных рэгіянальных зносін. Рэалізацыя гэтых мэт будзе забяспечана праз выкананне мерапрыемстваў дзяржаўных праграм «Транспарт Беларусі» і «Дарогі Беларусі», — расказаў міністр.
У 2026—2030 гадах плануецца прывесці ў нарматыўны стан не менш за 25 тыс. км рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог. Асаблівы сацыяльны прыярытэт — стопрацэнтнае забеспячэнне ўжо да канца 2026 года найкарацейшых маршрутаў ад райцэнтраў да аграгарадкоў дарогамі з удасканаленым пакрыццём.
Паралельна будзе весціся пераўтварэнне сістэмы пасажырскіх зносін. «Нам неабходна стварыць камфортную і хуткую звязнасць па асноўных транспартных зносінах: не менш за 80 % маршрутаў „Мінск — горад-спадарожнік“ павінны займаць не больш за 30 хвілін, а для 60 % маршрутаў у радыусе 100 км ад абласных цэнтраў час у дарозе не павінен перавышаць 90 хвілін», — праінфармаваў міністр.
Якаснае пераўтварэнне закране кожны від транспарту. Усё гэта ў сукупнасці забяспечыць мэтавы ўклад транспарту ў валавую дабаўленую вартасць ВУП краіны.
У галіне аўтамабільных перавозак пасажыраў вядзецца работа па стварэнні адзінай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы продажу білетаў. Падрыхтаваны адпаведны праект указа кіраўніка дзяржавы. Стварэнне адзінай сістэмы дазволіць пасажырам атрымліваць актуальную інфармацыю аб раскладзе руху аўтобусаў усіх перавозчыкаў, выбіраць аптымальны маршрут паездкі, браніраваць месцы, дыстанцыйна набываць білеты.
Чакаецца, што дзяржава атрымае станоўчы эфект ад празрыстасці вядзення бізнесу ў сферы перавозак пасажыраў, укаранення лічбавага інструмента для вывучэння пасажырапатокаў і аператыўнага прыняцця рашэнняў па аптымізацыі маршрутнай сеткі.
Таксама вядзецца падрыхтоўка нарматыўна-прававой базы для пераходу ў Беларусі на рэестравую сістэму аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах.
Міністр спыніўся і на асноўных задачах, якія стаяць перад іншымі відамі транспарту. На паветраным транспарце разам з забеспячэннем бяспекі палётаў і авіяцыйнай бяспекі прыярытэтнымі напрамкамі з’яўляюцца павелічэнне айчыннага флоту пасажырскіх паветраных суднаў, пашырэнне маршрутнай сеткі авіяперавозак, прыцягненне замежных перавозчыкаў у аэрапорты краіны, абнаўленне аб’ектаў аэрадромнай і аэранавігацыйнай інфраструктуры.
У рамках рэалізацыі праекта па арганізацыі хуткасных пасажырскіх чыгуначных зносін паміж Мінскам і Нацыянальным аэрапортам пачата будаўніцтва чыгуначнай веткі на ўчастку Сцяпянка — Гарадзішча. Чакаецца, што яго ўвод дазволіць павялічыць прапускную здольнасць Мінскага чыгуначнага вузла, павысіць хуткасць курсіравання цягнікоў у зносінах з горадам-спадарожнікам Смалявічы, а таксама гарадамі Жодзіна і Барысаў.
«Ключавая роля ў развіцці транспартнага комплексу адводзіцца рэалізацыі ініцыятыў па пашырэнні міжнароднага супрацоўніцтва, дыверсіфікацыі маршрутнай сеткі, павышэнні якасці інфраструктуры. Асноўнымі драйверамі росту стануць умацаванне супрацоўніцтва ў сферы транспарту з Расійскай Федэрацыяй, Кітаем і краінамі ЕАЭС, выхад на новыя рынкі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, пашырэнне мультымадальных перавозак, павелічэнне кантэйнерных і інтэрмадальных маршрутаў», — адзначыў міністр.