Top.Mail.Ru

У Беларусі папаўняюць парк грамадскага транспарту і ўкараняюць лічбавыя тэхналогіі

Кіраўнік дзяржавы заўсёды ўдзяляў увагу якасці дарог і даступнасці пасажырскага транспарту, падкрэсліваючы, што жыхары як вялікіх гарадоў, так і вёсак павінны адчуваць сябе аднолькава камфортна. У чарговы раз звярнуўся да гэтай тэмы ён і падчас цырымоніі ўступлення на пасаду 25 сакавіка. «Для гэтага трэба выраўноўваць магчымасці. Дзе б беларусы ні жылі — у вялікіх вёсках, аграгарадках, раённых цэнтрах — усюды ўмовы павінны быць, як у сталіцы. Якасныя дарогі, даступны транспарт — прыярытэт нумар адзін», — падкрэсліў тады Аляксандр Лукашэнка. Як выконваецца задача Прэзідэнта?


Камфортны і экалагічны

Толькі сёлета на рамонт і рэканструкцыю дарог у краіне затрачана 2,3 мільярда рублёў. У найбліжэйшыя паўтара гады даручэнне кіраўніка дзяржавы — злучыць усе аграгарадкі з раённымі цэнтрамі дарогамі з удасканаленым пакрыццём — будзе выканана. Абнаўляецца і пасажырскі транспарт: на дарогах сучасныя, бяспечныя і экалагічныя аўтобусы, электробусы, тралейбусы выцясняюць папярэднікаў. Сучасны транспарт ва ўсіх сэнсах становіцца бліжэйшым да пасажыра: з’яўляюцца сучасныя мабільныя дадаткі па хуткай аплаце праезду і лічбавыя платформы, у прыватнасці адзіная сістэма браніравання і продажу білетаў, якая аб’яднае ўсіх перавозчыкаў рэспублікі.

Сёлета парк рухомага саставу транспарту агульнага карыстання будзе абноўлены на 11 %. На сёння ўжо набыта каля 460 аўтобусаў, 114 тралейбусаў, 29 электробусаў, 19 трамвайных вагонаў. Як адзначае начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый Андрэй ГЛАДКІ, значная ўвага цяпер надаецца развіццю электрыфікаванага транспарту. Напрыклад, у Наваполацку рэалізоўваецца пілотны праект, дзе эксплуатуецца ўжо 26 электробусаў беларускай вытворчасці. Вялікія планы па абнаўленні і ў сталіцы. Перавага аддаецца таксама электрыфікаванаму рухомаму саставу — як электробусам, так і тралейбусам на аўтаномным хаду, якія могуць рухацца без кантактнай сеткі.

Што датычыцца тралейбусаў, то каля 160-170 новых адзінак закуплена сёлета. Такія меры павышаюць камфорт пасажыраў, якасць транспартных паслуг. Дарэчы, пасажыраабарот з года ў год павялічваецца.

Забраніраваць і аплаціць — праз мабільны дадатак

Плануецца стварыць у краіне і адзіную сістэму аплаты праезду, якая будзе дзейнічаць як у Мінску, так і ў рэгіёнах. Яна зробіць зручнейшым працэс аплаты праезду, а таксама аб’яднае розныя плацежныя метады ў рамках адной платформы. Адзіная сістэма аплаты праезду будзе створана на базе працэсінгавага цэнтра «Мінсктранса». Будзе забяспечана функцыянаванне адзінага эмісійнага цэнтра па выпуску білетаў на гарадскія перавозкі пасажыраў. Ужо адобраны тэхнічны пашпарт мерапрыемства, а закупка адпаведнага абсталявання аблвыканкамамі запланавана на пачатак 2026 года.

Сістэма будзе ўкаранёна ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. Таксама сумесна з прадпрыемствам «Сталічны транспарт і сувязь» распрацоўваецца адзіная сістэма продажу білетаў на аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах. Праект прадугледжвае аб’яднанне сістэм браніравання і продажу білетаў у адзіную лічбавую платформу, даступную пасажырам у тым ліку з мабільных дадаткаў, інтэграцыю электронных сэрвісаў пры міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў у рэгулярных зносінах у геаінфармацыйную сістэму і інш.

Прадугледжваецца, што адзіная дзяржаўная інфармацыйная сістэма продажу білетаў пачне працаваць з 1 мая 2027 года. У выніку пасажыры змогуць атрымліваць актуальную інфармацыю аб раскладзе, маршрутах і даступнасці транспартных сродкаў усіх аўтамабільных перавозчыкаў у рэгулярных зносінах, выбіраць аптымальны маршрут паездкі (з прапанаваных маршрутаў), адсочваць рух аўтобусаў, браніраваць месцы і аддалена набываць праязныя дакументы і ажыццяўляць аплату за праезд (правоз багажу). Гэта выключыць затраты перавозчыка на распрацоўку ўласнага праграмнага сродку па браніраванні месцаў. Яшчэ адна перавага — аператыўнае паступленне грашовых сродкаў ад прададзеных білетаў.

Галасавы памочнік на прыпынку

У Мінску перавозка пасажыраў грамадскім транспартам арганізавана па 322 маршрутах. Штодзень на вуліцы сталіцы выязджае каля паўтары тысячы аўтобусаў, тралейбусаў, электробусаў, трамваяў. Таксама курсіруюць маршруткі. Маршрутная сетка пастаянна ўдасканальваецца. За апошнія пяць гадоў адкрыты 41 маршрут, закрыты — 21. Акцэнт робіцца на развіцці сістэмы транспартна-перасадачных вузлоў, каб пасажырам было зручна пераходзіць з аднаго віду транспарту на другі.

Удасканальваюцца і тэхналогіі. Напрыклад, дзейнічае бясплатная галасавая паслуга аб прыбыцці транспарту. Каб ёю скарыстацца, трэба патэлефанаваць па кароткім нумары 488 і паведаміць аўтаадказчыку код прыпынку. Яго можна знайсці на таблічцы з раскладам каля QR-кода. Галасавы памочнік паведаміць час прыбыцця найбліжэйшых аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў.

Пашыраюцца спосабы і формы аплаты праезду. У прыватнасці, у першым паўгоддзі ў метрапалітэне ўкаранёна сістэма «Аплаці» з магчымасцю рэалізацыі праязных дакументаў.

— На першым тралейбусным маршруце тэсціруецца сістэма аплаты праезду банкаўскай карткай, а ў наступным месяцы пастараемся максімальна паскорыць працэс, запусціць яе на першым аўтобусным маршруце. Дапрацоўваем чат-бот для зваротнай сувязі з пасажырамі, для атрымання адзнакі, прапаноў, адпрацоўкі недахопаў, — расказвае дырэктар ДП «Сталічны транспарт і сувязь» Юрый СУПРАНОВІЧ.

Пілотны праект будзе маштабіраваны. У 2026 годзе значна павялічыцца колькасць рухомага саставу, дзе можна будзе расплаціцца такім спосабам. Яшчэ адзін кірунак развіцця — электрыфікацыя рухомага саставу. Прадугледжана абнаўленне аўтапарка.

Кожны дзень ў будні паслугамі грамадскага транспарту карыстаецца каля 1,8 млн чалавек, з іх 1,1 млн аддаюць перавагу наземнаму транспарту. Сёлета за дзевяць месяцаў у сталіцы ўжо перавезена звыш 540 мільёнаў пасажыраў, тады як за аналагічны перыяд мінулага года — 324 мільёны, а за студзень—верасень 2023-га — 285 мільёнаў.

У тэму 

З акцэнтам на Азіяцкі рэгіён

Беларусь падпісала 47 пагадненняў з іншымі краінамі па пытаннях, якія датычацца аўтамабільных перавозак як пасажыраў, так і грузаў. У кастрычніку падпісана пагадненне з Аманам, уступае ў дзеянне ратыфікаванае пагадненне з Пакістанам. Вядзецца адпаведная работа з калегамі з Саудаўскай Аравіі, ААЭ, Катара, Ірака, Кувейта, а таксама іншых дзяржаў.

Асноўная задача — забяспечыць беларускіх перавозчыкаў дастатковай колькасцю дазволаў. Для гэтага праводзяцца пасяджэнні змешаных камісій, дзе разглядаецца павелічэнне квот, дазволаў. У цэлым аўтамабільныя перавозчыкі дастойна спраўляюцца з выклікамі на знешнім контуры. Асноўная работа праецыруецца на краіны Азіяцкага рэгіёна.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Чытайце таксама: У Саўміне разгледзелі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю