Top.Mail.Ru
76

У Беларусі пачалася рэалізацыя дзяржаўнай праграмы «Фізічная культура і спорт», разлічаная на 2026—2030 гады

Спорт — у кожны аграгарадок

У Беларусі пачалася рэалізацыя дзяржаўнай праграмы  «Фізічная культура і спорт», разлічаная на 2026–2030 гады. Яна прадугледжвае далейшае развіццё спартыўнай інфраструктуры і павышэнне даступнасці заняткаў фізічнай культурай і спортам для насельніцтва. Асаблівая ўвага ў гэтай пяцігодцы ўдзяляецца аграгарадкам, дзе плануецца істотна пашырыць магчымасці для заняткаў спортам.

На новы ўзровень

У папярэднія гады асноўны акцэнт рабіўся на развіцці інфраструктуры ў раённых цэнтрах, нагадаў начальнік галоўнага ўпраўлення планавання і арганізацыйнай работы Міністэрства спорту Яўген ЗАЛЕСКІ:

— Будаваліся фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, басейны, іншыя спартыўныя аб’екты. Гэтая работа будзе працягвацца, але цяпер мы выходзім на новы ўзровень — стварэнне ўмоў для заняткаў спортам у аграгарадках.


У дзяржаўнай праграме з’явіўся канкрэтны паказчык — забяспечанасць аграгарадкоў комплекснымі спартыўнымі пляцоўкамі не менш чым 30 %. У асобных рэгіёнах такія пляцоўкі ўжо функцыянуюць. Найбольш прыкметныя вынікі дэманструе Мінская вобласць, дзе яны ёсць у 32 аграгарадках. Ёй увогуле адводзіцца асобная роля — яна стане своеасаблівым пілотным праектам.

— Тут плануецца да 2030 года забяспечыць наяўнасць комплексных спартыўных пляцовак у кожным аграгарадку. У выпадку паспяховай рэалізацыі гэтага праекта такі вопыт будзе распаўсюджаны і на іншыя рэгіёны, дзе паказчыкі пакуль ніжэйшыя, — адзначыў спецыяліст.

Комплексны падыход

Разам з тым варта адзначыць, што базавы сацыяльны стандарт па наяўнасці фізкультурна-спартыўных аб’ектаў у аграгарадках у цэлым выконваецца. Аднак гаворка ідзе менавіта пра комплексныя пляцоўкі — больш сучасны і шматфункцыянальны фармат.

— Комплексная спартыўная пляцоўка — гэта не адзін аб’ект, а некалькі пляцовак, аб’яднаных у адной прасторы і прызначаных для розных відаў спорту, — растлумачыў Яўген Залескі.

Такі падыход дазваляе больш эфектыўна выкарыстоўваць тэрыторыю і дае магчымасць жыхарам займацца рознымі відамі фізічнай актыўнасці ў адным месцы. Пры гэтым на дадзеным этапе не плануецца выкарыстанне такіх пляцовак у зімовы перыяд.

— Яны будуць задзейнічаны ў асноўным у цёплы сезон. Зімой будуць выкарыстоўвацца іншыя формы актыўнага адпачынку, якія не патрабуюць такой інфраструктуры, — удакладніў прадстаўнік Мін-спорту.

Што датычыцца выбару месцаў для будаўніцтва, то геаграфічная аддаленасць аграгарадкоў не стане вызначальным фактарам, звярнуў увагу Яўген Залескі:

— Важна забяспечыць збалансаванае развіццё па ўсёй краіне. Пры гэтым паказчык у 30 % разглядаецца як прамежкавы этап — гэта не канчатковая мэта, а арыенцір на найбліжэйшыя пяць гадоў. У далейшым мы плануем рухацца наперад і павялічваць гэты паказчык.

Цэнтры прыцягнення

Развіццё спартыўнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці мае вялікае значэнне. Такія аб’екты дазваляюць не толькі ўмацоўваць здароўе падрастаючага пакалення, але і фарміраваць цікавасць да спорту, упэўнены галоўны спецыяліст Іванаўскага райвыканкама Сцяпан МЛЫНЧЫК:

— У нашым раёне паступова ствараюцца ўмовы для актыўнага і здаровага адпачынку жыхароў. На сёння з пятнаццаці аграгарадкоў сучасныя комплексныя спартыўныя пляцоўкі функцыянуюць у двух — у Моталі і Гарбасе, а таксама ў вёсцы Ляскавічы.

Работа ў гэтым кірунку ў Іванаўскім раёне працягваецца. У шэрагу населеных пунктаў ужо зроблены першыя крокі: у аграгарадках Псышчава, Опаль, Махро і Дружылавічы ўстаноўлены вулічныя трэнажоры, якія карыстаюцца попытам у мясцовых жыхароў.

У бягучым годзе плануецца далейшае развіццё спартыўнай базы. У аграгарадку Дастоева з’явіцца новая шматфункцыянальная пляцоўка ў межах рэспубліканскага праекта «Спорт для ўсіх». Акрамя таго, ёсць намер абсталяваць у Моталі міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём, дзеліцца планамі Сцяпан Млынчык:

— Сучасныя пляцоўкі істотна адрозніваюцца ад старых: выкарыстоўваюцца бяспечныя пакрыцці, у тым ліку гумавая крошка, а таксама трывалыя і даўгавечныя матэрыялы, усталёўваецца модульнае абсталяванне для розных відаў спорту. Такія аб’екты становяцца важнымі цэнтрамі прыцягнення для моладзі, асабліва ў вячэрні час. Тут гуляюць у футбол і валейбол, праводзяць вольны час.

Рэгулярна праходзяць масавыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да дзяржаўных свят і памятных дат, што спрыяе папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

За здаровы лад жыцця

З’яўленне сучасных спартыўных пляцовак — гэта перш за ўсё клопат пра дзяцей і іх здароўе, лічыць старшыня Опальскага сельвыканкама Галіна ВАРАШЫЛАВА:

— У нас павялічваецца колькасць школьнікаў, ды і ўвогуле дзяцей у нас дастаткова. Таму важна стварыць умовы, каб яны больш часу праводзілі на свежым паветры, займаліся фізічнай актыўнасцю, а не толькі сядзелі за камп’ютарамі і з тэлефонамі. І наша задача — зрабіць усё магчымае, каб дзеці раслі актыўнымі, моцнымі і фізічна развітымі.

Дарэчы, сродкі на трэнажоры для аграгарадкоў Опаль і Псышчава атрымалі дзякуючы перамозе ў абласным конкурсе па добраўпарадкаванні. На набыццё абсталявання было выдзелена каля 21 тысячы рублёў. У планах — далейшае развіццё спартыўных пляцовак.

Такім чынам, новая дзяржаўная праграма накіравана не толькі на развіццё спорту высокіх дасягненняў, але і на фарміраванне здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва. І менавіта аграгарадкі ў найбліжэйшыя гады стануць адным з ключавых кірункаў гэтай работы.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота аўтара і з адкрытых крыніц


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю