У Беларусі ўнесены змяненні ў рэгламент адміністрацыйнай працэдуры «Узгадненне маршруту руху аўтакрамы для ажыццяўлення рознічнага гандлю на тэрыторыі сельскай мясцовасці», у тым ліку вызначаны формы дакументаў, неабходныя для яго ажыццяўлення (заява і маршрут руху аўтакрамы). Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Змяненні прадугледжаныя пастановай МАРГ № 73 ад 26 лістапада 2025 года, якая ўвайшла ў дзеянне з 14 снежня. Згодна з дакументам, суб’екты гандлю ў разумны тэрмін з даты ўступлення ў сілу пастановы (на думку рэгулятара, на працягу сямі дзён) павінны звярнуцца ў адпаведныя ўпаўнаважаныя органы па ўзгадненне маршрутаў руху аўтамагазінаў з улікам патрабаванняў названага рэгламенту.
— Нагадаем, суб’екты, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль на тэрыторыі сельскай мясцовасці з выкарыстаннем аўтакрам, узгадняюць маршрут іх руху, які ўключае час прыбыцця на месца іх прыпынку і ўбыцця, з упаўнаважанымі органамі. Пры гэтым у выпадку заключэння дагавора аб арганізацыі гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ўзгадненне маршруту руху не патрабуецца, — звярнулі ўвагу ў МАРГ.
Інфармацыя аб маршруце руху аўтакрам размяшчаецца не пазней за тры працоўныя дні з дня ўзгаднення маршруту (заключэння дагавора) упаўнаважанымі органамі на іх афіцыйных сайтах, суб’ектамі гандлю — на іх сайтах (пры іх наяўнасці), а таксама ў даступным для азнаямлення пакупнікоў месцы на аўтакраме і ў месцах іх прыпынку для правядзення гандлю.