У Беларусі на перыяд паводкі плануецца ўзмацненне кантролю за рыбаловамі-аматарамі з мэтай аховы і захавання рыбалоўных запасаў краіны. Пра гэта журналістам расказаў намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аддзела палявання, рыбалоўства і паляўнічай сабакагадоўлі рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Вадзім Александровіч, паведаміла БелТА.
Вадзім Александровіч адзначыў, што падчас прагназаванай паводкі «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» будзе ўзмацняць кантроль за рыбаловамі-аматарамі для абароны рыбы ў перыяд нерасту.
Ён таксама падкрэсліў, што ў бягучы перыяд надаецца вялікая ўвага бяспецы саміх рыбакоў. Улічваючы, што лядовае покрыва значна памяншаецца, аб’яднанне праводзіць інфармаванне рыбаловаў аб захаванні мер бяспекі пры знаходжанні на лёдзе. «Праз сацыяльныя сеткі і афіцыйны сайт мы рэгулярна праводзім тлумачальныя гутаркі сярод рыбаловаў-аматараў і інфармуем іх аб мерах бяспекі на тонкім лёдзе», — сказаў Вадзім Александровіч.