Урад Беларусі зацвердзіў змяненні, накіраваныя на ўдасканаленне сістэмы электроннай пашпартызацыі тавараў, падпісана адпаведная пастанова. Пра гэта паведамляе БелТА.
Пастановай у мэтах далейшай лічбавізацыі лагістыкі, гандлёвых і кантрольных працэдур удасканалены парадак функцыянавання міжведамаснай размеркаванай інфармацыйнай сістэмы «Банк даных электронных пашпартоў тавараў» (ePASS). Банк з’яўляецца першакрыніцай даных аб таварах як вырабленых у Беларусі, так і тых, што паступаюць у гандлёвыя сеткі краіны па імпарце.
«Прыняцце пастановы павысіць якасць і дакладнасць інфармацыі ў міжведамаснай размеркаванай інфармацыйнай сістэме, якая штодзень папаўняецца на дзясяткі тысяч новых найменняў тавараў, дасць магчымасць аднастайна выкарыстоўваць апісанні тавараў у сістэмах вытворцаў, гандлю, транспарту і іншых суб’ектаў розных галін, якія вядуць таварны ўлік. Гэтыя апісанні будуць даступныя як органам кіравання, так і простым грамадзянам-пакупнікам на аснове бясплатных мабільных дадаткаў, якія забяспечваюцца агульнадаступнымі сэрвісамі банка праз інтэрнэт», — адзначылі ў прэс-службе.