Top.Mail.Ru

У Беларусі ўдасканальваецца прававое рэгуляванне сферы мікрафінансавання

Днямі Кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 432, якім змяняецца шэраг дакументаў, што рэгулююць пытанні мікрафінансавання. Што мяняецца на рынку мікрапазык — у нашым матэрыяле.


Як паведамілі ў Нацбанку, у ліку асноўных новаўвядзенняў — змяненне дзеючага падыходу да вызначэння мікрафінансавай дзейнасці — такой будзе прызнавацца заключэнне аднаго і больш дагавораў мікрапазыкі; надзяленне камерцыйных мікрафінансавых арганізацый правам прадастаўляць грамадзянам спажывецкія мікрапазыкі з дапамогай сэрвісаў анлайн-запазычання ў безнаяўным парадку без залогу ў суме, якая не перавышае 200 базавых велічынь на аднаго пазычальніка (пры адпаведнасці такіх арганізацый крытэрыям, устаноўленым Нацыянальным банкам); прадастаўленне аператарам сотавай сувязі права ажыццяўляць мікрафінансавую дзейнасць, а таксама выключэнне са сферы дзеяння ўказа № 394 адносін па прадастаўленні пазык паміж юрыдычнымі асобамі, якія не з’яўляюцца мікрафінансавымі арганізацыямі.

Дакументам уводзіцца забарона на атрыманне ў пазыку (прыцягненне) камерцыйнай мікрафінансавай арганізацыяй ад уласнікаў маёмасці, заснавальнікаў (удзельнікаў) такой арганізацыі грашовых сродкаў на кабальных умовах (з выплатай працэнтаў за карыстанне ёю ў памеры, які перавышае ўстаноўлены Нацыянальным банкам гранічны памер); прадастаўленне мікрафінансавай арганізацыяй уласніку маёмасці, заснавальнікам (удзельнікам), работнікам такой арганізацыі, работнікам Нацыянальнага банка пазык на льготных умовах (без выплаты працэнтаў за карыстанне імі або з выплатай працэнтаў у памеры, ніжэй устаноўленага Нацыянальным банкам гранічнага памеру).

Указам замацоўваюцца патрабаванні аб неабходнасці атрымання пазыкоўцам пісьмовай згоды аднаго з законных прадстаўнікоў асобы ва ўзросце ад чатырнаццаці да васемнаццаці гадоў на заключэнне дагавора спажывецкай мікрапазыкі, а таксама пасведчання ў паўнамоцтвах законнага прадстаўніка такой асобы. Таксама замацоўваюцца паўнамоцтвы Нацыянальнага банка на ўстанаўленне патрабаванняў да дзелавой рэпутацыі ўласніка маёмасці, заснавальніка (удзельніка), бенефіцыярнага ці іншага ўладальніка мікрафінансавай і спецыялізаванай арганізацый; абавязкі ламбарда ў выпадку запатрабавання законным уладальнікам рухомай маёмасці, якая выступала прадметам залогу і на якую было спагнанне, у добрасумленнага набытчыка пакрыць па патрабаванні гэтага набытчыка страты, панесеныя ім у сувязі з выпатрабаваннем такой маёмасці.

У мэтах забеспячэння фінансавай устойлівасці аператараў сэрвісаў анлайн-запазычання Указам № 432 таксама ўнесены змены ва ўказ ад 25 мая 2021 г. № 196 «Аб сэрвісах анлайн-запазычання і лізінгавай дзейнасці». 

У ліку асноўных новаўвядзенняў — прадастаўленне аператарам сэрвісу анлайн-запазычання права прыцягваць на свае банкаўскія рахункі грашовыя сродкі кліентаў і ўдзельнічаць у руху грашовых сродкаў пры ажыццяўленні разлікаў па дагаворах пазыкі ў рамках ажыццяўлення дзейнасці па аказанні плацежных паслуг эквайрынгу плацежных аперацый; замацаванне патрабавання да фарміравання статутнага фонду аператара сэрвісу анлайн-запазычання да ўключэння ў рэестр у памеры не менш за яго мінімальны памер, устаноўлены Нацыянальным банкам.

Акрамя таго, унесена змяненне ва ўказ Прэзідэнта ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб», якое прадугледжвае аднясенне да кампетэнцыі Нацыянальнага банка разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб па пытаннях прадастаўлення (прыцягнення) мікрапазык як мікрафінансавымі і спецыялізаванымі арганізацыямі, так і іншымі суб’ектамі.

— Выданне ўказа № 432 будзе спрыяць узмацненню абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг, выключэнню нядобрасумленных практык, павелічэнню даверу насельніцтва да фінансавага сектара і эфектыўнаму функцыянаванню фінансавага рынку ў цэлым, — запэўнілі ў Нацбанку.

Аб асноўных навацыях у прававым рэгуляванні сферы мікрафінансавання больш падрабязна расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Нацбанка Мікалай Дзік:

— Па-першае, мяняецца сам падыход да вызначэння мікрафінансавай дзейнасці. Цяпер ужо прадастаўленне толькі адной мікрапазыкі юрыдычнай асобай будзе прызнавацца такой (дзейнасцю. — Заўв. аўт.). Раней гэта было два і больш разы. 

Спецыяліст звяртае ўвагу, што вялікай навацыяй з’яўляецца і тое, што цяпер аператарам сотавай сувязі дадзена права даваць мікрапазыкі на суму да 200 базавых велічынь у безнаяўным парадку сваім кліентам, а таксама ламбардам без залогаў з дапамогай сэрвісаў анлайн-запазычання таксама даваць мікрапазыкі ў суме да 200 базавых велічынь:

— Мікрапазыкі раней былі толькі з залогам: неабходна было прыйсці, нешта пакінуць у залог, атрымаць (грошы. — Заўв. аўт.). Цяпер, з улікам таго, што сфера дынамічна развіваецца, аператары сотавай сувязі маюць вельмі вялікі ахоп па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны банк прапанаваў такую норму і Кіраўнік дзяржавы яе падтрымаў.

Мікалай Дзік спыніўся і на навацыях у рабоце ламбардаў:

— Для таго, каб забяспечыць большую абароненасць нашым грамадзянам, замацоўваецца патрабаванне да ламбарда, што ў выпадку, калі прадмет залогу быў рэалізаваны, добрасумленным набытчыкам набыты прадмет залогу, але ў нейкі момант прыходзіць законны ўладальнік і патрабуе гэты прадмет назад, ламбард павінен будзе пакрыць страты добрасумленнаму набытчыку, паколькі недастаткова пракантраляваў у сваім бізнес-працэсе момант пацвярджэння, што прадмет залогу сапраўды належаў той асобе, якая пакінула гэты прадмет залогу ў ламбардзе. 

Спецыяліст адзначыў, што дадаткова да ламбардаў устанаўліваюцца патрабаванні да дзелавой рэпутацыі кіраўнікоў, уладальнікаў і бенефіцыярных уладальнікаў гэтай юрыдычнай асобы. 

— Мы мяркуем, што гэта сапраўды таксама падштурхне бізнес да большай сацыяльнай адказнасці, і большай увагі да таго, з якім кліентам ён працуе, якія выбудоўвае бізнес-мадэлі, як камуніцыруе, як паводзіць сябе на рынку, — рэзюмаваў Мікалай Дзік.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю