Top.Mail.Ru

У Беларусі больш за 52 000 работнікаў культуры — як сапраўднае крэатыўнае войска. З жаночым абліччам

Культ-УРА!

У адным з праграмных дакументаў ЮНЕСКА было падкрэслена: «Культура — гэта сінонім жыцця». Па ёй мы ведаем, як жылі нашы папярэднікі, што для іх было каштоўным, папаўняем агульную скарбонку нацыянальнай культуры, таму што кожны з нас робіць гэта, у якой бы галіне ні шчыраваў. Культура — найважнейшы ключавы сацыялізуючы фактар, які рэгулюе ўсе сферы ўзаемадзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, — ад паўсядзённага да функцыянавання глабальнай эканомікі, падкрэслівае Іна Адамовіч, начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. І сапраўды, культура — той інструмент, які можа наводзіць масты сяброўства паміж краінамі і народамі і спрыяць заключэнню эканамічна выгадных пагадненняў, ён садзейнічае захаванню і перадачы ведаў, спрыяе выхаванню чалавека.

  • Адна з галоўных задач сферы культуры — аказваць паслугі насельніцтву ў забаўляльнай дзейнасці. На гэта скіравана работа нашых прафесійных тэатраў, устаноў культуры, якія апошнія некалькі гадоў працуюць у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб падтрымцы асобных дзяржаўных арганізацый культуры», што прадугледжвае новы механізм фінансавання. Цяпер гэтыя суадносіны 50 на 50. І, паводле слоў прадстаўніцы Міністэрства культуры, нашы ўстановы з гэтым паспяхова спраўляюцца.

Таксама нашы тэатральна-відовішчныя і канцэртныя арганізацыі, студэнты ўстаноў адукацыі ў сферы культуры абараняюць гонар Рэспублікі Беларусь на міжнародным узроўні, прадстаўляюць нашу краіну на маштабных значных міжнародных конкурсах і алімпіядах. У прыватнасці, гэтымі днямі дэлегацыя Беларусі ўдзельнічае ў Дэльфійскіх гульнях. Па выніках мінулага года нашы «дэльфійцы» прывезлі на Радзіму дзевяць медалёў: тры залатыя, тры сярэбраныя і тры бронзавыя. Усё гэта сведчыць аб запатрабаванасці нашай культуры і аб яе высокім прафесійным узроўні.

Ёсць у нас значныя святы і падзеі, у якіх бяруць удзел не толькі прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь, але і замежнікі, якіх цікавіць наша краіна. «Славянскі базар у Віцебску» сабраў сёлета 52 краіны. Статус міжнароднага атрымаў праект канцэрта-рэквіема «Кожны трэці», паказы якога паспяхова прайшлі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, і да канца года яны будуць ісці ў іншых гарадах Расійскай Федэрацыі. Прыцягвае гасцей Беларусі свята «Купалле» ў Александрыі, міжнародны фестываль «Белая вежа» ў Брэсце, маладзёжны тэатральны форум «M.@rt.кантакт» у Магілёве, нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне. З беларускай гісторыяй і спадчынай хутка можна будзе пазнаёміцца ў новым будынку Нацыянальнага музея Беларусі, а ў 2028 годзе ў цэнтры сталіцы павінен адкрыцца «Музейны квартал».

— Варта адзначыць, што за ўсёй гэтай працай і поспехам перш за ўсё стаіць чалавек — работнік сферы культуры, які вылучаецца не толькі творчым патэнцыялам, а перш за ўсё сваім энтузіязмам, добрасумленнасцю і самаадданасцю, — лічыць Ірына Адамовіч. — Мне здаецца, гэтыя якасці ўласцівыя ў большай ступені менавіта работнікам культуры, асабліва тым, што працуюць на сяле, бо там значна складаней падымаць культуру, заяўляць пра сябе і аказваць паслугі насельніцтву

Наогул кожны з іх — творчая асоба, яркая індывідуальнасць. Але можна паспрабаваць скласці зборны вобраз. І вось вызначальнае ў ім: з больш чым 52 000 занятых у гэтай сферы 76 % складаюць жанчыны. Гэта людзі розных прафесій: паэты, музыканты, мастакі, бібліятэкары, выкладчыкі... Нават будаўнікі, якія працуюць у сферы культуры, лічацца яе работнікамі. На сённяшні дзень 59 % са спісачнай колькасці работнікаў культуры складаюць спецыялісты, а 23 % — працоўныя, кіруючых работнікаў 14 %, іншых служачых — 4 %. Амаль палова занятых у гэтай сферы мае вышэйшую адукацыю, больш за 30 % — сярэдне-спецыяльную. З 2023 года адзначаецца тэндэнцыя росту колькасці работнікаў, якія маюць вышэйшую адукацыю. Штогод штат арганізацый культуры папаўняюць каля паўтары тысячы маладых спецыялістаў, якія маюць магчымасці развіваць свой творчы патэнцыял, атрымліваючы дзяржаўную падтрымку на самым высокім узроўні. Гэтыя людзі — кожны паасобку і ўсе разам — здольныя кожны дзень ператварыць у свята.

Даслоўна

Міністр культуры Марат МАРКАЎ у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» гаварыў пра супрацоўнікаў сферы культуры:

— Акрамя таго, што яны творчыя, у першую чаргу гэта людзі. З імі трэба размаўляць, сустракацца — я раблю гэта рэгулярна, — каб зразумець, у чым міністэрства можа паспрыяць альбо дапамагчы. І калі пачынаеш размаўляць, разумееш, што не ўсе праблемы глабальныя, іх можна вырашаць на ўзроўні міністэрства... У нас вельмі шмат таленавітых людзей, асабліва ў сферы культуры. 

Я заўсёды кажу: калі чалавек творчы, на яго не трэба давіць, яму трэба даць магчымасць раскрыцца. І як толькі ён пачынае раскрывацца, у чалавека з’яўляюцца новыя стымулы. Таму трэба чуць таленавітых людзей і дакладна ім не перашкаджаць, але дапамагаць — абавязкова.

Міністр культуры Беларусі павіншаваў работнікаў гэтай сферы і пажадаў ніколі не расчароўвацца ў сваёй прафесіі, атрымліваць задавальненне ад сваёй працы.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БелТА


Як гэта сёння — працаваць у «вясковым клубе»

Ёсць людзі, якія не проста працуюць, а жывуць сваёй справай. Яны робяць так, каб вакол было цёпла, цікава і з душой. Такі чалавек — Алена Сарока, загадчыца Дзешчанскага цэнтра вольнага часу. Яна 25 гадоў свайго жыцця аддала культуры, з іх 16 — прысвяціла культурнаму жыццю аднаго з найлепшых аграгарадкоў Мінскай вобласці — Дзешчанцы. За гэты час праз рукі творчай заўзятаркі прайшлі сотні людзей, дзясяткі свят, незлічоная колькасць рэпетыцый і канцэртаў. Але галоўнае — дзякуючы ёй развіваецца культура на вёсцы, і ўсё больш запальваецца зорак на творчым небасхіле Уздзеншчыны.

Алена нарадзілася ў Казахстане, пасля сям’я пераехала на радзіму, у Беларусь. У Дзешчанцы гераіня расла, наведвала садок, хадзіла ў школу, а ў маладосці, як і ўсе, любіла бегаць у вясковы клуб на дыскатэкі. «Я з пялюшак у гэтым клубе, — усміхаецца суразмоўніца. — Усе гурткі наведвала — і харэаграфічны, і тэатральны, і вакальны. Паўсюль мне трэба было паспець».


Матуля Алены вельмі хацела, каб дачка пайшла ў іншую прафесію. Аднак дзяўчына была цвёрда ўпэўнена, што будзе займацца культурай. «Мяне адгаворвалі: што гэта такое — культура? Уноч трэба дыскатэку круціць, да свят рыхтавацца, рэпетыцыі праводзіць — ніякага асабістага жыцця. А я ўсё роўна пайшла і паступіла без праблем, на харэаграфію!» — усміхаецца суразмоўніца.

Алена Сарока скончыла Мінскі каледж мастацтва па спецыяльнасці «Кіраўнік танцавальнага калектыву і культарганізатар». Вярнулася ў родныя мясціны, практыку праходзіла ў суседніх вёсках — тут і засталася.

Муж Алены з суседняй вёскі Каралёва. «Памятаю, лётаў сюды пастаянна — на крылах кахання!» — смяецца наша гераіня. На пытанне, ці шкадуе яна аб сваім прафесійным выбары, адказвае цвёрда: «Не, ніколькі не шкадую. Мне ўсё падабаецца, мне прафесія падабаецца. Я знайшла сваё прызначэнне».

У сям’і Сарокаў двое дзяцей. Дачцэ 25 гадоў, працуе ў Дудутках кухарам-кансультантам. Сыну 18 гадоў, вучыцца. Жанчына ўзгадвае тыя часы, калі прыходзілася нялёгка. «Было ўсё, калі дзеці маленькія былі: пятніца, субота — мамы няма дома, начамі. І рэўнасць, і злосць, і што заўгодна было. Але цяпер ужо і мы пасталелі, і дзеці павырасталі».

Алена Сарока падзялілася, што дапамога і падтрымка вяскоўцаў, а таксама сельвыканкама выручае. «Дзіцячыя касцюмы для выступленняў самі шыем. Бацькі юных наведвальнікаў вельмі дапамагаюць. Я без бацькоў не ведала б, што рабіць. Памятаю, баяліся ўводзіць платныя гурткі: думалі, вяскоўцы не зразумеюць. Аказалася — без праблем, з радасцю запісваюць сваіх дзяцей да мяне ў харэаграфічны гурток», — дзеліцца яна.

У аграгарадку культура трымаецца перш за ўсё на людзях, лічыць Алена і расказвае, што іх цэнтр вольнага часу ніколі не пустуе. Тут займаецца каля 80 дзяцей, а разам з дарослымі — цэлая вясковая супольнасць. Масленіца, Купалле, свята вёскі сталі тут традыцыйнымі. А фестываль «Бульбяны фэст» ужо даўно лічыцца візітоўкай мясцовасці. У культурнай установе дзейнічаюць два харэаграфічныя гурткі, вакальны, тэатральны, гурток па саломапляценні, які мае званне «Народны», а таксама фітнес і народны вакал для дарослых. Загадчыца Дзешчанскага цэнтра вольнага часу называе сваю прафесію прызваннем. «Бывае, здаецца, усё кінула б і пайшла. Але потым разумееш, усведамляеш, што культура — гэта маё».

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю