Top.Mail.Ru

У Асіповічах затапляе агароды: як вырашаецца праблема?

Вялікая вада

«Вялікая вада», традыцыйная для Беларусі вясновая праблема ўладальнікаў прысядзібных участкаў, сёлета актуальна і летам: выдалася яно дажджлівым. «Прыйшла вада адкуль не чакалі», нявесела жартуюць агароднікі. Дажджы ператвараюць градкі ў глейкія балоты. «Вялікая вада» адбіваецца на ўраджаі, у які людзі ўклалі і сродкі, і сілы.

Маштаб праблемы

У Трыбушэўскіх, уласна, ніякага агарода на сённяшні дзень няма — градкі перанасычаныя вадой, на іх нічога гэтым летам ужо не вырасце.

— Агарод заліло цалкам, — кажа муж нашай чытачкі Васіль Трыбушэўскі. — Наогул ніякага ўраджаю. Туалет падтапіла, ваду з калонкі піць немагчыма.

Гісторыя з падтапленнем Усходняга ўезда Асіповіч пачалася каля года таму, распавядае ён.

— Першы раз звярнуліся ў МНС, яны прыехалі і сабралі з агарода ваду, — кажа Васіль Васільевіч. — Калі адпампоўвалі ваду другі раз, сказалі, што немэтазгодна рабіць гэта кожны раз, калі пройдзе дождж, трэба хутчэй вырашаць праблему.

Тады ўладальнікі ўчасткаў уздоўж Усходняга ўезда звярнуліся ў райвыканкам, а таксама напісалі ліст у газету «Звязда».

— Асабліва моцна затоплены тры ўчасткі, — адзначае намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкама Ганна Землянухіна. — Камунальнікі і МНС адводзяць ваду, гэта бясплатна для людзей: па такіх сітуацыях з жыхароў грошай ніколі ніхто не браў.

Але ж гэта — часовая мера, да наступнага моцнага дажджу.

Да рэканструкцыі тратуараў па вуліцы Кастрычніцкай, да якой прымыкае Усходні ўезд (гэта рэканструкцыя была праведзена ў мінулым годзе), такіх глабальных праблем з падтапленнем у жыхароў уезда не было, кажа Васіль Трыбушэўскі.

— Ну, падтоплівала па вясне, нават часам і летам — прыйдзе вада і сыдзе. А ў гэтым годзе ўся вада ідзе да нас у агароды і застаецца тут. Ад гэтай праблемы пакутуем не толькі мы, а яшчэ і двое нашых суседзяў — тыя, хто найбольш бядуюць ад вады. Але ж ёсць яшчэ і чацвёртыя, вунь там пятыя, шостыя, сёмыя, восьмыя, — паказвае на ўчасткі суседзяў Васіль Васільевіч.

Трэба аддаць належнае: мясцовыя ўлады адрэагавалі на зварот грамадзян досыць хутка, канстатуе ён. Галоўны архітэктар раёна, а таксама супрацоўнікі ЖКГ прыехалі на месца і прапанавалі рашэнне, якое сёння актыўна абмяркоўваецца жыхарамі Усходняга ўезда.

Людзі на балоце

Уласна, праблема не новая: мясцовыя інфармацыйныя рэсурсы пішуць пра «вялікую ваду ў Асіповічах» не першы год. Горад, па сутнасці, зусім «плоскі», натуральных ухілаў няма, стаіць ён на «глінянай лінзе», тлумачыць начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Асіповіцкага райвыканкама Іван Малаковіч.

— Вельмі высокі ўзровень грунтовых вод, — адзначае суразмоўнік. — У нас тры пагоркі ёсць у горадзе Асіповічы, дзе можна склеп выкапаць, астатняе — балота. Ад паверхні, калі лета сухое, вада можа на метр ці два знізіцца. А калі падымаецца, як цяпер, — на штык рыдлёўкі ўжо вада.

  • Адсутнасць ліўневай каналізацыі — звычайная сітуацыя ў невялікіх гарадах. Спецыялісты кажуць, яе пракладка — задавальненне дарагое, раней на ёй эканомілі, бо ў Беларусі не было настолькі моцных дажджоў і навальніц. Сёння клімат змяніўся, і адсутнасць ліўневай каналізацыі ператвараецца ў рэальную праблему, асабліва ў такіх гарадах, як Асіповічы, дзе няма натуральных ухілаў для сцёку вады (якія існуюць, напрыклад, у такім жа невялікім горадзе Горкі) і высокі ўзровень падземных вод, кажа галоўны архітэктар раёна. Ліўневая каналізацыя ў Асіповічах пакуль — толькі на цэнтральнай плошчы і галоўнай вуліцы горада.

— У Мінску, абласных цэнтрах ёсць «ліўнёўкі», у нас ліўневай каналізацыі няма: не закладвалі яе пры будаўніцтве і рэканструкцыі. Горад невялікі, дажджоў няшмат, і ў гэтым не было неабходнасці. А цяпер неабходнасць паўстала, — дадае ён. — Пажадана было б пракласці ліўневую каналізацыю па ўсім горадзе, а пад гэта патрэбны немалыя сродкі.

2025-ы ў нашай краіне аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. У Асіповічах добраўпарадкаваннем займаюцца, дарэчы, пастаян-

на. Яшчэ ў 2019–2020 гадах была запланавана рэканструкцыя тратуараў на той самай вуліцы Кастрычніцкай, да якой прымыкае Усходні ўезд. Тратуары на Кастрычніцкай, як ужо гаварылася, з’явіліся летась. І менавіта з іх з’яўленнем людзі звязваюць праблемы з падтапленнем агародаў.

— Складана казаць пра тое, што і раней тут не было падтапленняў, — падкрэслівае галоўны архітэктар раёна. — «40 гадоў у нас вады не было», — кажуць людзі. Але, калі на тое пайшло, 40 гадоў такіх дажджоў не было!

Праблема з падтапленнем агародаў уздоўж Усходняга ўезда пагаршаецца яшчэ і тым, што ўсе ўчасткі тут заніжаныя ў адносінах да дарогі, канстатуе начальнік участка Асіповіцкага УКП ЖКГ па добраўпарадкаванні Вячаслаў Дубовік. І цяперашнім дажджлівым летам гэта таксама адыграла сваю негатыўную ролю.

Вырашэнне пытання

— Кастрычніцкая — вуліца невялікая, кіламетры тры, — працягвае начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Асіповіцкага райвыканкама. — Праектаваў яе рэканструкцыю 

КУП «Магілёўаблдарбуд», і на стадыі праектавання не быў закладзены такі раздзел, як водаадвядзенне. Абследаванне было праведзена, патрабаванні заказчыка (гэта значыць нашы) 

улічаныя, і ў 2019 годзе мы прынялі праект. Проста яшчэ пяць-шэсць гадоў таму не было настолькі моцных і частых дажджоў і навальніц, як у апошнія гады.

Цяпер праблему даводзіцца вырашаць у экстранным парадку, канстатуе ён.

— Быў на месцы, размаўляў з людзьмі. Там ёсць ужо існуючыя канавы, праз якія мы плануем ажыццяўляць адвядзенне вады. Праз завулак пракладзём трубу, частку агародаў афіцыйна забяром у людзей — гэта 2, максімум 3 метры, там у іх няма градак, адно «балота», — папярэдняя дамоўленасць з уладальнікамі зямельных участкаў ужо дасягнутая — і камунальнікі зробяць нармальныя вадасцёкавыя канавы. Па іх вада будзе сыходзіць з агародаў у трубу і далей — у цэнтральны вадасцёк. Такое рашэнне мы прапанавалі людзям, і яны яго ў цэлым адобрылі. У найбліжэйшы час правядзём сход жыхароў, каб дакументальна замацаваць гэта рашэнне

«Закрыць пытанне» з падтапленнем агародаў па Усходнім уездзе мясцовыя ўлады плануюць на працягу трох месяцаў.

— У нас ужо такая сітуацыя была на вуліцы Магілёўскай, мы яе вырашылі: частку праклалі трубамі, забралі з дазволу гаспадароў невялікія «кавалкі» ўчасткаў у людзей, чые агароды найбольш падтапляліся, уладкавалі адкрытыя вадасцёкі, — распавядае Іван Малаковіч.

Акрамя таго, цалкам рэканструкцыя і добраўпарадкаванне на вуліцы Кастрычніцкай яшчэ не завершаны, адзначае дырэктар УКБ Асіповіцкага раёна Павел Туравец.

— Два гады таму летам таксама былі ліўні. Тады на гэтай жа вуліцы, толькі бліжэй да яе пачатку, мы дарогу ўжо заасфальтавалі, а тратуараў яшчэ не было. І вада хлынула па дварах. Людзі сталі пісаць скаргі. Прастору ўздоўж дарог мы часова адсыпалі пяском і гэтым абаранілі людзей. Потым паклалі тратуары, і ўздоўж іх вада стала сыходзіць не па дварах, а ў цэнтральную каналізацыю.

Патрэбны сумесныя намаганні

У барацьбе з вадой патрэбны сумесныя намаганні, адзначаюць у райвыканкаме, таму што і з ужо існуючым водаадвядзеннем таксама не ўсё проста, падкрэслівае Іван Малаковіч.

— Калі сухое лета — дождж прайшоў, глеба ўвільгатнілася, добрыя ўраджаі і ўсе задаволеныя — частка гаспадароў засыпае вадасцёкавыя канавы. Па вуліцах такія канавы рэгулярна камунальнікі чысцяць, а на ўчастках людзей яны самі — гаспадары. Робім абследаванне, кажу, тут жа была канава для водаадвядзення! А мне ў адказ: «Я яе засыпаў, навошта мне на ўчастку канава?» — распавядае галоўны архітэктар раёна. — Акрамя таго, людзі паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы, падсыпаюць участкі. Я не магу ім гэта забараніць: яны маюць права. Але ў выніку адны ўчасткі атрымліваюцца вышэйшыя, другія ніжэйшыя, і ўся вада сыходзіць да суседзяў, якія свае ўчасткі не падсыпалі. Таму мы і хочам правесці афіцыйнае адчужэнне невялікіх «кавалкаў» зямлі, каб цэнтралізавана правесці дрэнаж з дапамогай тэхнікі і спусціць ваду. Ну, а хто супраць — будзем прасіць гаспадароў саміх пракапаць вадасцёкавыя канавы па нашым праекце, бо на зямлю, якая ва 

ўласнасці людзей, мы са сваёй тэхнікай заязджаць не маем права. Працуем толькі на землях агульнага карыстання.

Сітуацыя на кантролі, запэўніў ён, і сумеснымі намаганнямі мясцовай улады і жыхароў будзе вырашана.

Аляксандра Анцэлевіч

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю