Невядомага навуцы дагістарычнага кракадзіла, які жыў у трыясавым перыядзе (251–201 млн гадоў таму), даследчык назваў у гонар школьнага настаўніка. У адрозненне ад сучасных кракадзілаў, гэты драпежнік меў доўгія, тонкія канечнасці і хутка перасоўваўся па зямлі. Пра гэта паведамляе «МИР24». Расказала БелТА.
Кракадзіламорф, закамянеласці якога былі выяўленыя недалёка ад Глостэра (Вялікабрытанія), атрымаў афіцыйную назву Galahadosuchus jonesi.
На думку палеантолагаў, ён жыў у густым падлеску і паляваў на дробных рэптылій, амфібій і ранніх млекакормячых. У тыя часы частка сучаснай Брытаніі была высакагорным рэгіёнам, акружаным гарачымі, засушлівымі раўнінамі.
Першая частка назвы кракадзіламорфа была звязана з Галахадам — міфічным рыцарам з легенды пра караля Артура. Другая частка, jonesi, прысвечана Дэвіду Рысу Джонсу — школьнаму настаўніку з Уэльса, які выкладаў у аднаго з даследчыкаў.
Рэшткі кракадзіламорфа знайшлі на беразе Брыстальскага каналу. Навукоўцы выказалі здагадку, што загінулага драпежніка занесла ў пячору і пахавала пад ападкавымі адкладамі.
Galahadosuchus жыў каля 215 млн гадоў таму, незадоўга перад чарговым масавым выміраннем на Зямлі. Узмацненне вулканічнай актыўнасці змяніла клімат і навакольнае асяроддзе, што прывяло да глабальных змен у фаўне і флоры. Даследаванні дагістарычных відаў дапамагаюць лепш зразумець, як жывёлы і расліны рэагавалі на масавыя ўзрушэнні, паведамляе The Anatomical Record.