«Мы будзем жыць вечна!»
У гарадскім пасёлку Антопаль (Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць) была завершана рэканструкцыя брацкай магілы, якая з’яўляецца адным з найбольш вядомых месцаў населенага пункта. Мясцовыя жыхары неафіцыйна называюць яе «жураўліным помнікам» і лічаць сапраўднай візітнай карткай Антопаля. Праект рэканструкцыі закліканы абнавіць гістарычную дакладнасць і належным чынам ушанаваць памяць 41 чалавека, пахаванага тут у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Работы вяліся ў рамках Года добраўпарадкавання і былі прымеркаваныя таксама да 80-годдзя Перамогі. У выніку праведзенай даследчай работы высветлілася, што ранейшыя спісы загінулых утрымлівалі некаторыя памылкі: частка прозвішчаў была пазначана няправільна, а асобныя імёны адсутнічалі. Таму ўзнікла неабходнасць у абнаўленні інфармацыі на помніку. Ранейшыя мемарыяльныя шыльды з прозвішчамі, якія мацаваліся на фасаднай частцы помніка, былі дэманціраваны. На іх месцы ўсталявалі новую металічную пліту з удакладненымі звесткамі.
Як адзначае старшыня Антопальскага сельскага выканаўчага камітэта Міхаіл ШЧЭРБАЧ, работа над праектам стала лагічным працягам шматгадовых абмеркаванняў: «Год у нас быў значны: і 80-годдзе Вялікай Перамогі, і Год добраўпарадкавання. Помнік заўсёды быў на слыху, бо мае вялікае значэнне для Антопаля. Калісьці, калі распрацоўвалі герб населенага пункта, шмат удзельнікаў конкурсу змяшчалі на яго выяву менавіта гэты помнік. Першы абеліск тут з’явіўся ў 1965 годзе, а ў 1995-м яго замянілі на сённяшні. У сярэдзіне 2000-х праводзілі касметычны рамонт. З’явіліся новыя дакладныя даныя пра пахаваных, таму і ўзнікла патрэба ўсё ўдакладніць».
Старшыня адзначае, што ініцыятыва не ўзнікла з пустога месца. Пэўная група неабыякавых жыхароў даўно ўзнімала пытанне пра неабходнасць работ па добраўпарадкаванні. Менавіта яны сталі «рухавікамі» праекта, а пасля да іх далучылася і шырэйшая супольнасць — так стала дакладна зразумела, што жыхароў Антопаля сур’ёзна турбуе стан помніка, і на «калі-небудзь у будучыні» пытанне пакідаць нельга. «Людзі пастаянна цікавіліся тым, як вядуцца работы. Яны задаюць пытанні, уважліва сочаць за тым, што робіцца», — тлумачыць старшыня.
Паводле яго слоў, удзел жыхароў стаў магчымым дзякуючы дакладнай інфармацыйнай рабоце. Людзей загадзя азнаёмілі з неабходнымі этапамі, сумамі і патрабаваннямі. «Калі граматна пралічыць праект і своечасова давесці інфармацыю да людзей, 10 % сабраць больш чым магчыма. Гэта паказвае і наш прыклад, і вопыт нашых населеных пунктаў (Драгічынскага раёна). Спачатку патрэбна інфармацыя, а ўжо пасля з’яўляецца гатоўнасць разам узяцца за справу. Трэба сказаць, што гісторыя Вялікай Айчыннай вайны вельмі важная для нашага народа, для нашых людзей. Таму няма ніякіх сумненняў, што людзі заўсёды гатовыя дапамагаць, каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў дзеля Перамогі».
Асобна Міхаіл Міхайлавіч адзначае, што агульная актыўнасць жыхароў апошнім часам прыкметна вырасла: «Можна бачыць, што людзі сталі больш ініцыятыўнымі. Яны цікавяцца, задаюць пытанні, уключаюцца. І гэта цудоўна, бо наступныя праекты пойдуць яшчэ лягчэй, калі ёсць адчувальны вынік папярэдніх».
Такім чынам, праект рэканструкцыі брацкай магілы стаў не толькі справай ушанавання памяці, але і прыкладам таго, як жыхары невялікага гарадскога пасёлка могуць аб’яднацца дзеля вялікай агульнай мэты. Удзельнікі працэсу спадзяюцца, што абноўлены мемарыял стане прыкметным сімвалам павагі да падзей мінулага і адначасова — яскравым доказам таго, што грамадскія ініцыятывы, у тым ліку і ў рэгіёнах, здольныя рэальна змяніць навакольную прастору.
Агульны кошт праекта складае 25 тысяч рублёў. Частку работ узяў на сябе сельскі Савет, але важную ролю адыграла грамадзянская актыўнасць: прыкладна 2 500 рублёў, або 10 % ад сумы, былі сабраныя непасрэдна жыхарамі. Да ініцыятывы далучыліся як індывідуальныя прадпрымальнікі, так і простыя людзі.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Яніны ПРАТАСЕВІЧ