З самай раніцы тэрыторыя Акадэміі МУС была адкрыта для наведвальнікаў. Настрой задавала сцягавая група акадэміі і аўтамабілі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі. На працягу некалькіх гадзін госці маглі свабодна перамяшчацца па пляцы, вучэбных аўдыторыях, калідорах і жылых памяшканнях курсанцкага інтэрната.
У холе ВНУ працавалі супрацоўнікі кадравай службы акадэміі і тэрытарыяльных падраздзяленняў. Абітурыенты і іх бацькі атрымалі магчымасць задаць пытанні кіраўніцтву і членам прыёмнай камісіі — асноўныя тэмы датычыліся прахадных балаў, ільготных катэгорый, парадку праходжання навучальных збораў першакурснікаў, матэрыяльна-бытавых умоў.
Апроч акадэміі, свае экспазіцыі прадставілі следчыя і эксперты, супрацоўнікі ДАІ і Дэпартамента аховы, усе ведамасныя навучальныя ўстановы. Выкладчыкі розных кафедр прадэманстравалі практычныя аспекты падрыхтоўкі курсантаў: госці наведалі барцоўскую і трэнажорную залы, цір, дзе ім паказалі разборку пісталета Макарава, майстар-клас па кіраванні дронамі, а таксама атрымалі магчымасць паспрабаваць сябе у выкананні нарматыву па рыўку гіры. Была арганізавана і экскурсія ў курсанцкі інтэрнат.
Цвіком праграмы сталі паказальныя выступленні: байцы АМАП сталічнай міліцыі паказалі, як хутка і зладжана яны абясшкоджваюць злачынцаў, а зборная акадэміі — як па-майстэрску валодае рукапашным боем.
Атмасферу свята стваралі музыканты акадэмічнага кавер-бэнда: пад знаёмыя песні госці назіралі за выступленнем кінолагаў і іх гадаванцаў. Для наведвальнікаў працавала палявая кухня, правялі розыгрыш прызоў. У выніку частка абітурыентаў падала заявы аб паступленні ў міліцэйскія ВНУ ўжо ў дзень правядзення мерапрыемства.
Аміна НАЗАРАВА
Фота прэс-службы Акадэміі МУС