Дзякуючы конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў па ўсёй краіне было рэалізавана шмат цікавых карысных праектаў. І, што самае важнае, да ўдзелу запрашаюцца грамадзяне. Яны лепш за любога іншага ведаюць патрэбы свайго населенага пункта. Уласны карэспандэнт «Звязды» адправіўся ў Зэльвенскі раён, каб паглядзець на рэалізаваныя ініцыятывы.
Мой шлях ляжаў у аграгарадок Дзярэчын, які з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам сельсавета. За апошнія некалькі гадоў тут былі рэалізаваны дзве грамадзянскія ініцыятывы. Як адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Вадзім Панасік, грамадзянскія ініцыятывы дазваляюць больш актыўна прыцягваць людзей у працэсы добраўпарадкавання і даюць магчымасць рэалізоўваць ідэі. Аб’яднаўчым пунктам стала праца над добраўпарадкаваннем парку Сапегаў. Праект грамадзянскіх ініцыятыў падтрымалі мясцовыя жыхары пры ўдзеле КСУП «Галынка». Цяжка ўявіць, што на месцы добраўпарадкаванага парку былі густыя зараснікі.
Цяпер тут ёсць усё для адпачынку. Устаноўлена дзіцячая гульнявая пляцоўка, дзе малыя могуць весела правесці час. Па ўсім парку размешчаны лавы і драўляныя фігуры, якія падарыў мясцовы ўмелец.
— Важнай часткай парку стала адкрытая сцэна, дзе праводзяцца розныя мерапрыемствы. Цяпер можна сабрацца разам, арганізаваць сустрэчу ці канцэрт. Што асабліва прыемна, да працы далучыліся ўсе жыхары, — адзначыў Вадзім Панасік.
Гаспадарка выдзеліла тэхніку, выраўняла тэрыторыю, уладкавала дарожкі і занялася азеляненнем. Агульная сума яе ўкладу склала больш за 75 000 рублёў. А ўсё пачалося з 7000 рублёў, якія былі выдзелены на ініцыятыву з бюджэту, калі яна перамагла ў конкурсе. Многія пажадалі далучыцца да работ, у тым ліку і фінансава. Такім чынам, маштабы добраўпарадкавання значна павялічыліся. Ініцыятыва стала штуршком да дзеяння. Яна аб’яднала мясцовых педагогаў, медыкаў і работнікаў культуры. Сельсавет замацаваў за кожнай арганізацыяй свае клумбы для догляду ў зоне адпачынку, якая размешчана ў цэнтры аграгарадка.
Дзякуючы перамозе ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў абнавіўся музей гісторыі Дзярэчына. Тут адлюстраваны розныя этапы жыцця аграгарадка. Але ў фондах заставаўся прабел — не было экспазіцыі, якая расказвала пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы грамадзянскай ініцыятыве «Ступені гісторыі Дзярэчына» ў музеі адкрылася экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Ініцыятыва належала Генадзю Коўшу, мясцоваму жыхару, які сабраў экспанаты, правёў неабходныя даследаванні і заручыўся падтрымкай раённага культурнага цэнтра. На дадзены момант экспазіцыя ўключае чатыры паўнавартасныя залы. Праект быў падтрыманы як за кошт сродкаў грамадзянскай ініцыятывы, так і дзякуючы добраахвотным унёскам. У яго фінансаванні ўзялі ўдзел мясцовыя культурныя ўстановы і сельсавет.
Таксама ў рамках ініцыятывы «Ступені гісторыі Дзярэчына» была прыведзена ў парадак магіла генерал-маёра Гампера — удзельніка руска-французскай вайны.
Але на дасягнутым у Зэльвенскім раёне не спыняюцца. Людзі працягваюць удзельнічаць у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў — сёлета на разгляд пададзена заяўка на ўладкаванне памятнага знака часоў Вялікай Айчыннай вайны «Зэльвенскі прарыў».
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
фота аўтара