Пастаянны каардынатар ААН у Кітаі Сіддхартх Чатэрджы адзначыў высокі ўзровень арганізацыі і багаты змест саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў кітайскім Цяньцзіні. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на Сакратарыят ШАС.
Прадстаўнік ААН таксама звярнуў увагу на «перспектыўнасць асноватворных прынцыпаў ШАС у зменлівай міжнароднай абстаноўцы».
У сваю чаргу намеснік генеральнага сакратара ШАС Пяо Янфань адзначыла, што саміт быў маштабным і прадуктыўным, меў «практычны і прарыўны характар». Яна таксама выказала ўпэўненасць, што пад старшынствам Кыргызстана ў 2025-2026 гадах аб’яднанне прадэманструе новыя дасягненні.
Чатэрджы і Пяо Янфань «пацвердзілі настрой на падтрыманне плённых адносін» паміж дзвюма арганізацыямі ў святле ўдзелу кіраўніка ААН Антоніа Гутэрыша ў Цяньцзіньскім саміце і яго сустрэчы з генсекам ШАС Нурланам Ермекбаевым. Адзначаецца, што абодва бакі выказалі гатоўнасць «практыкаваць сапраўдную шматбаковасць».
У гэтым годзе саміт ШАС праходзіў у Цяньцзіні з 31 жніўня па 1 верасня. Удзел у ім прынялі лідары больш як двюх дзясяткаў дзяржаў, а таксама кіраўнікі 10 міжнародных арганізацый.
ШАС была заснавана 15 чэрвеня 2001 года ў Шанхаі. Першапачаткова ў яе склад уваходзілі шэсць краін-Расія, Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Таджыкістан і Узбекістан, у 2017 годзе да іх далучыліся Індыя і Пакістан, у 2023 годзе — Іран, а ў 2024 годзе — Беларусь.