Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, 8 ліпеня ўмовы надвор’я ў Беларусі будуць вызначаць актыўныя атмасферныя франты і вельмі цёплая няўстойлівая паветраная маса.
Чакаецца амаль паўсюдна пераменная воблачнасць. Ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі, днём пераважна па ўсходняй палове кароткачасовыя дажджы. Ноччу ў асобных раёнах моцныя ліўні. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі навальніцы. Вецер пераменных напрамкаў умераны да парывістага, уначы пры навальніцах месцамі шквалістае ўзмацненне ветру да моцнага парывістага. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад 16 да 22 °C, а максімальная днём — ад 24 да 29 °C, па паўднёвым усходзе краіны да 30–32 °C. Атмасферны ціск будзе слаба расці.