Top.Mail.Ru

У 2025-м выручка рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій дасягнула 3 млрд долараў, а доля моладзі сярод яго работнікаў перавысіла 44 %

«Вынікі мінулага года выклікаюць пэўны аптымізм»



У сераду ва ўрадзе прайшло пасяджэнне Назіральнага савета Парка высокіх тэхналогій пад старшынствам Прэм’ер-міністра Аляксандра ТУРЧЫНА. На парадку дня — рэгуляванне рынку крыптавалют і вынікі работы Парка высокіх тэхналогій за 2025 год.

Паказчыкі растуць

Тэмам, што ў 2026 годзе стануць вызначальнымі ў рабоце ПВТ, удзялілі асаблівую ўвагу. Сярод такіх — стварэнне офіса лічбавізацыі ПВТ, зацвярджэнне палажэння парадку работы крыптабанкаў з токенамі, узгадненне аб’ёмаў фінансавання адукацыйных праграм, запушчаных Паркам сумесна з беларускімі ВНУ. Дарэчы, ПВТ як істотны сектар эканомікі краіны працуе паводле агульных стандартаў ацэнкі выніковасці. Таму Назіральны савет зацвердзіў ключавыя паказчыкі эфектыўнасці (KPІ) для кіраўніцтва сакратарыята ПВТ.

Таксама былі прыняты рашэнні па пытаннях рэгістрацыі рэзідэнтаў Парка, прыём новых удзельнікаў і выключэнне тых, што не справіліся з бізнес-планамі. Для прыняцця ў ПВТ разгледзелі рэзідэнтаў з самых розных сфер — тут вітаюць эксперыменты. Усяго ж у Парка высокіх тэхналогій налічваецца больш за тысячу рэзідэнтаў, і колькасць іх пастаянна расце, канстатаваў Аляксандр Турчын:

— Вынікі мінулага года выклікаюць пэўны аптымізм. Усе паказчыкі растуць: выручка, экспарт, колькасць рэзідэнтаў, работнікі ў гэтых кампаніях. Прыемна адзначыць, што расце роля Парка ў лічбавізацыі нашай эканомікі. Гэта важная тэндэнцыя, якую нам неабходна развіваць.

Будучыня — за моладдзю

Як адзначыла начальнік сакратарыята Назіральнага савета ПВТ Ганна РАБАВА, у доларавым выражэнні сукупная выручка рэзідэнтаў Парка дасягнула 3 млрд (8,6 млрд беларускіх рублёў). Да таго ж, адным з «трэндаў» мінулага года стала павелічэнне сегмента ўнутранага рынку: тэмпы росту яго выручкі склалі 121 %.

— Кампаніі набываюць усё больш пазіцый, упэўненасці і перспектыў для працы на рынку. Гэта карысна не толькі для Парка, але і ў першую чаргу для ўсёй эканомікі ў цэлым, — падкрэсліла Ганна Рабава. — Колькасць нашых работнікаў падышла да 61 тысячы. Прычым прыемна адзначыць, што 44 % — гэта моладзь.

Дарэчы, сярод маладых работнікаў — трэць усіх выпускнікоў ІT-спецыяльнасцей у краіне. ПВТ у прынцыпе актыўна працуе з таленавітай студэнцкай моладдзю, напрыклад, падтрымліваючы стартап-кропкі ў партнёрскіх універсітэтах.

— Сёння 13 нашых партнёрскіх ВНУ атрымліваюць фінансаванне па падтрымцы стартапаў. Так што гэтая сетка набывае ў нас усё больш рэальныя рысы, — сказала Ганна Рабава. — У нас ёсць пагадненні з ВНУ, ёсць прызначаныя імі выкладчыкі, якіх мы вучым у Парку. Каб тыя людзі, якія займаюцца першасным развіццём стартапаў, працавалі па нашых правілах, па нашых лякалах.

Крыптабанкі і токены

Асобны блок пытанняў датычыўся рэгулявання крыптасферы. На дадзены момант у ПВТ афіцыйна зарэгістраваны 23 крыптарэзідэнты, і на пасяджэнні Назіральнага савета ў Парк былі прыняты яшчэ тры — два крыптаброкеры і адзін крыптаабменнік. Сярод дзеючых удзельнікаў двое з’яўляюцца аператарамі ІCO, 10 — крыптабіржамі і 11 — крыптаброкерамі, паведаміў першы намеснік начальніка сакратарыята Назіральнага савета ПВТ Дзмітрый КАЛЕЧЫЦ.

Па яго словах, сёння наша краіна паслядоўна рухаецца ў напрамку развіцця крыптасектара і ўдасканаленні яго рэгулявання:

— Дзякуючы прынятай архітэктуры рэгулявання, гнуткай адаптацыі яго да ўсіх тых выклікаў, што зараз ёсць ў свеце, наш крыптасектар развіваецца дастаткова дынамічна, павышае сваю ўнутраную і знешнюю канкурэнтаздольнасць.

Таксама на пасяджэнні разгледзелі пытанні, якія датычацца палажэння, што рэгламентуе парадак ажыццяўлення беларускімі крыптабанкамі аперацый з токенамі. Як растлумачыў Дзмітрый Калечыц, дакументам будзе вызначаны канкрэтны пералік аперацый, а таксама віды токенаў, з якімі айчынныя крыптабанкі змогуць працаваць на законных падставах.

Аміна НАЗАРАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю