Беларуская абаронка пашырае геаграфію экспарту
Каля 150 натурных узораў перспектыўных распрацовак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі было прадстаўлена на выставе, якая праводзілася на базе адкрытага акцыянернага таварыства «АГАТ-сістэмы кіравання» — кіруючая кампанія холдынга «Геаінфармацыйныя сістэмы кіравання» ў рамках калегіі Дзяржкамваенпрама.

На традыцыйнай выставе асаблівай увагай наведвальнікаў карысталіся розныя сродкі радыёэлектроннай барацьбы і сувязі, сістэмы перадачы даных і шыфравання, стралковая зброя і індывідуальная бронеэкіпіроўка, аптычная і оптыка-электронная прадукцыя, рабатызаваная тэхніка наземнага і паветранага базіравання, боепрыпасы і сродкі іх дастаўкі.

У выніковым мерапрыемстве галіны прынялі ўдзел Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч, міністр абароны Віктар Хрэнін, а таксама службовыя асобы органаў дзяржаўнага кіравання і іншыя.
Варта адзначыць, што 2025 год быў для Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта досыць паспяховым, таму як была выканана большасць пастаўленых задач, у тым ліку ў частцы росту паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, аб’ёмаў прамысловай вытворчасці, экспарту тавараў і паслуг, а таксама па цэлым шэрагу іншых напрамкаў. Асаблівая ўвага надавалася інвестыцыям і рэалізацыі вялікай колькасці буйных праектаў.

Па словах старшыні ДВПК Дзмітрыя Пантуса, у 2025 годзе на ўзбраенне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь паступіла 16 распрацовак Дзяржкамваенпрама, а экспарт прадукцыі прадпрыемстваў беларускай абаронкі ажыццяўляўся ў 65 краін свету. Акрамя таго, у мінулым годзе была паспяхова рэалізавана чарговая праграма імпартазамяшчэння, у рамках якой арганізацыямі Дзяржкамваенпрама ўжытыя айчынныя камплектуючыя замест імпартных на суму больш чым 62 мільёны долараў.
У ходзе выступлення ўдзельнікаў Калегіі было адзначана, што асноўныя намаганні беларускага ваенна-прамысловага комплексу на 2026 год і на бліжэйшую пяцігодку будуць накіраваны на безумоўнае выкананне задач дасягнення індыкатарных паказчыкаў, устаноўленых у зацверджанай Усебеларускім народным сходам Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026-2030 гады. А менавіта — павелічэнне долі айчынных узораў узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі ў агульным аб’ёме дзяржаўнага абароннага заказу да 50 %, а таксама рост інвестыцый у вытворчасць гэтай прадукцыі на ўзроўні не менш за 130 %.

На пасяджэнні калегіі Дзяржкамваенпрама былі падведзены вынікі работы ведамства і арганізацый, якія ўваходзяць у яго сістэму, у 2025 годзе і ў цэлым за мінулую пяцігодку, а таксама вызначаны задачы на 2026 год.
Сяргей ЧЫЧЫЛАЎ