У 2025 годзе беларускія спартсмены заваявалі больш за 730 узнагарод на розных міжнародных спаборніцтвах. Аб гэтым паведаміў міністр спорту Сяргей Кавальчук на падагульняючай калегіі спартыўнага ведамства, паведамляе БелТА.
Міністр адзначыў, што з улікам паступовага допуску беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў у мінулым годзе нацыянальнымі і зборнымі камандамі Рэспублікі Беларусь на чэмпіянатах, кубках свету і Еўропы заваявана 735 медалёў, з якіх 192 залатыя, 229 сярэбраных і 314 бронзавых. У прыватнасці, на планетарных і кантынентальных чэмпіянатах беларусы занеслі ў свой актыў 117 узнагарод (33 залатыя, 37 сярэбраных і 47 бронзавых, у тым ліку 40 медалёў у алімпійскіх відах спорту (11, 9, 20). На III Гульнях краін СНД у Азербайджане беларускія атлеты заваявалі 122 медалі (32, 38, 52) і занялі трэцяе месца ў агульнакамандным медальным заліку. На XXV летніх Дэфлімпійскіх гульнях у 2025 годзе беларусы сталі ўладальнікамі 12 узнагарод (3, 4, 5).
Беларускія спартсмены дасягнулі нядрэнных вынікаў на першынствах свету і Еўропы — прадстаўнікі спартыўнага рэзерву заваявалі 304 медалі (75, 97, 132).
Міністр таксама адзначыў, што ў 2026 годзе беларускія атлеты прымуць удзел у чэмпіянатах свету і Еўропы, кубках планеты і кантынента. Праўда, яшчэ не ўсе міжнародныя федэрацыі здымаюць санкцыі, у прыватнасці ў камандных спаборніцтвах. Тым не менш працэс вяртання набірае абароты, і цяпер слова за нашымі атлетамі. У гэтым годзе таксама прадаўжаюцца спаборніцтвы Кубка мацнейшых спартсменаў па зімовых і летніх відах. Зусім нядаўна ў «Раўбічах» прайшоў этап Кубка Садружнасці па біятлоне. Па водзывах спартсменаў і гасцей, ён быў арганізаваны на самым высокім узроўні і не ўступаў этапам Кубка планеты.
Акрамя таго, у Мінску пройдуць традыцыйныя турніры, у прыватнасці па барацьбе — памяці Аляксандра Мядзведзя, юбілейны, 30-ты турнір на прызы Прэзідэнта па самба, адбудзецца чэмпіянат Саюзнай дзяржавы па фехтаванні. У канцы мінулага года Міжнародны алімпійскі камітэт адмяніў забарону на правядзенне афіцыйных міжнародных спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі, што, безумоўна, прыцягне замежных спартсменаў у нашу краіну, а гледачы ўбачаць сусветных зорак. Яшчэ адным станоўчым рашэннем МАК стаў дазвол беларускім атлетам выступаць на юнацкіх спаборніцтвах з нацыянальнай сімволікай — са сваім сцягам і гімнам. «Мы толькі вітаем такія захады з боку міжнародных спартыўных структур. Будзем спадзявацца, што разважлівасць возьме верх і ў хуткім часе беларусы паўнацэнна вернуцца ў міжнародную спартыўную сям’ю», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук.