Top.Mail.Ru

Тысячы негатываў, паўстагоддзя здымак. Юбілейная выстава фотамастака Аляксандра Ласмінскага адкрылася ў Гродне

Фотаздымкі, зробленыя на працягу практычна паўстагоддзя, прадстаўлены на юбілейнай выставе вядомага гродзенскага фотамастака, кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву, народнай студыі фотамастацтва «Гродна» Аляксандра Ласмінскага, паведамляе БелТА.


Выстава «Убачанае», прымеркаваная да 75-годдзя аўтара, уключае 214 работ. Гэта здымкі, выкананыя ў розных жанрах: партрэты, пейзажы, фотарэпартажы. Некалькі работ удалося прадэманстраваць, дзякуючы аднаўленню іх з дапамогай штучнага інтэлекту. У экспазіцыі ёсць нямала работ, ужо вядомых гродзенцам па шматлікіх выставах і фотаальбомах. Не адзін дзясятак гадоў аўтар працаваў журналістам, сённяшняя калекцыя — шмат у чым рэтраспектыва грамадскага, культурнага, дзелавога жыцця рэгіёна.

На выставе прадстаўлены фотакадры з Юрыем Левітанам, Іванам Шамякіным, Яўгенам Маргуновым, здымкі, на якіх паказана будаўніцтва БАМа, дзе Аляксандр Ласмінскі пабываў у студэнцкія гады. Побач — рэтраспектыва Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне і парадаў у Дзень Перамогі.

«У любым узросце важна вучыцца і не адставаць ад тэхнічнага прагрэсу, — сказаў Аляксандр Ласмінскі. — Ён змяняе наша жыццё. Да юбілейнай выставы з тысяч негатываў, назбіраных больш чым за паўстагоддзя здымак, выбраў, адсканіраваў, апрацаваў самыя цікавыя кадры. Як мне сказаў адзін з калег, тут цэлая эпоха, гэта памяць і гісторыя пакаленняў. Я не лічу сябе фатографам. Гэта ўсё мая журналісцкая творчасць, а фатаграфія — унутры яе, гэта мой спосаб бачыць і трансліраваць свет. Усё, што я раблю фотаапаратам, — заўсёды з любоўю. Гэта ўсё маё, убачанае».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю