Top.Mail.Ru

Тыдзень са снегам і маразамі

Арктычны вецер прынёс на нашу тэрыторыю сапраўдную зіму. А пераважна па ўсходняй палове краіны назіраецца снежнае покрыва вышынёй 1–14 сантыметраў. У многіх раёнах Магілёўскай вобласці вышыня снежнага покрыва дасягае 23–27 сантыметраў. Сярэдняя тэмпература паветра ніжэйшая за кліматычную норму на 4–9 °С, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радые-актыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


У аўторак надвор’е ў нашай краіне будзе вызначаць вобласць паніжанага атмасфернага ціску і няўстойлівая халодная паветраная маса. У многіх раёнах краіны пройдзе кароткачасовы снег, мокры снег, месцамі чакаецца слабая завіруха. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, паўночны ўмераны, удзень парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 3 да мінус 9 °С, пры праясненнях да мінус 11 °С, у заходніх раёнах краіны яна складзе ад нуля да мінус 2 °С. Максімальная тэмпература днём будзе таксама не радаваць — ад мінус 1 °С па ўсходзе да плюс 6 °С па захадзе Беларусі.

У сераду ноччу месцамі пройдзе невялікі снег, днём на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночны, удзень з пераходам на заходні ўмера-ны, часам парывісты, месцамі на паўночным захадзе моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 2 °С па захадзе да мінус 10 °С па ўсходзе краіны, пры праясненнях да мінус 12 °С. Днём да плюс 1— 8 °С.

У чацвер у асобных раёнах краіны прагназуюцца мяцеліца, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні, паўночны парывісты, у многіх раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 1 да мінус 6 ° С, а максімальная днём ад мінус 2 да плюс 5 °С.

У пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны таксама пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу і дажджу. У асобных раёнах могуць быць слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад плюс 1 па захадзе да мінус 12 °С па ўсходзе, максімальная днём — мінус 1 — плюс 6 °С, па захадзе — да плюс 9 °С.

Паводле папярэдніх прагнозаў, ужо ў выхадныя да нас накіруюцца цёплыя па-ветраныя масы. Тэмпературны фон будзе павышацца, а ў ападках — мокры снег і дождж. У суботу ноччу — ад мінус 6 °С па поўначы да плюс 3°С па паўднёвым захадзе, днём — ад плюс 1°С па ўсходзе да плюс 12 °С па захадзе.

У нядзелю ўначы месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя ападкі (мокры снег, дождж). Удзень будзе пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай у асобных раё-нах верагодныя слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы — ад мінус 4 па ўсходзе да плюс 6 °С па захадзе, максімальная днём — ад плюс 7 па ўсходзе да плюс 18 °С па паўднёвым захадзе краіны.

Сяргей КУРКАЧ

У тэму

Красавіцкая «ракіроўка» нарабіла бяды

Цягнікі на ўчастку Асіповічы — Магілёў прайшлі з адхіленнем ад графіка, паведамілі ў панядзелак у прэс-цэнтры Беларускай чыгункі. «З-за неспрыяльных умоў надвор’я, узмацнення парывістага ветру і моцнага снегападу на ўчастку Асіповічы — Магілёў адбылося падзенне дрэў на чыгуначныя шляхі. Асобныя цягнікі на гэтым напрамку ішлі з адхіленнем ад графіка руху ад 15 хвілін да 1 гадзіны», — распавялі ў прэс-цэнтры БЧ. Паводле аператыўнай інфармацыі, пасажырскі цягнік № 742 Мінск — Магілёў прайшоў з затрымкай арыенціровачна 2 гадзіны. Беларуска чыгунка прымала аператыўныя меры па ліквідацыі наступстваў непагадзі, для прыборкі снегу і буралому былі задзейнічаны каля тысячы чыгуначнікаў.

Учора работы па аднаўленні электразабеспячэння праводзіліся пераважна ў Магілёўскай вобласці. Таксама аператыўны персанал быў задзейнічаны ў Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Энергетыкі працавалі над аднаўленнем наступстваў стыхіі ў 63 населеных пунктах краіны. Былі задзейнічаны 103 брыгады, абсталяваныя 122 адзінкамі тэхнікі. 25 дызель-генератарных установак забяспечвалі рэзервовае сілкаванне спажыўцоў.

«У раёне аэрапорта ў панядзелак назіраўся моцны снегапад. Для ачысткі і апрацоўкі антыгалалёднымі рэагентамі ўзлётна-пасадачнай паласы, рулёжных дарожак і перона задзейнічана да 20 адзінак шматфункцыянальнай снегаўборачнай тэхнікі і спецмашын для размеркавання хімрэагентаў», — адзначылі ў прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Стан узлётна-пасадачнай паласы і іншых штучных пакрыццяў падтрымліваўся ў пастаяннай эксплуатацыйнай прыдатнасці, што дазваляе падтрымліваць бяспечныя ўмовы для выканання палётаў. «Ва ўмовах няўстойлівага надвор’я сталічны аэрапорт працуе ў штатным рэжыме», — дадалі ў прэс-службе. У Нацыянальным аэрапорце нагадалі пасажырам аб неабходнасці ўлічваць умовы надвор’я пры планаванні паездкі.

Больш за 1000 работнікаў жыллёва-камунальнай службы і 600 адзінак спецтэхнікі расчышчалі ўчора ад снегу вулічна-дарожную сетку населеных пунктаў краіны, паведамілі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю