Тыдзень мабільнасці стартаваў у Беларусі, паведамляе БелТА.
Ва ўсіх рэгіёнах прадугледжана насычаная праграма мерапрыемстваў, якія папулярызуюць веларух, выкарыстанне электратранспарту, сродкаў персанальнай мабільнасці. Адбудуцца спартыўныя спаборніцтвы, велапрабегі, інфармацыйна-агітацыйныя, культурна-забаўляльныя мерапрыемствы з працай зон экалагічнай накіраванасці.
Завершыцца тыдзень мабільнасці 22 верасня акцыяй «Дзень без аўтамабіля». Ва ўсіх абласных і 33 раённых цэнтрах краіны кіроўцам, якія пакінулі аўтамабіль дома, будзе прадастаўлены бясплатны праезд у грамадскім транспарце пры прад’яўленні пасведчання кіроўцы і пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
«Тыдзень мабільнасці» — міжнародная кампанія, накіраваная на павышэнне дасведчанасці пра ўплыў транспарту на навакольнае асяроддзе і здароўе. Яе мэта — стымуляваць выкарыстанне альтэрнатыўных відаў транспарту, такіх як грамадскі транспарт, ровары, самакаты і пешыя прагулкі, знізіць залежнасць ад аўтамабіляў. Беларусь упершыню прыняла ўдзел у маштабнай акцыі ў 2008 годзе.