Top.Mail.Ru

Творы найлепшых айчынных акварэлістаў дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі

У Нацыянальным мастацкім музеі ўпэўнены: нягледзячы на тое, што сёння ў Беларусі склалася высокапрафесійная школа акварэльнага жывапісу, публіка мала знаёма з яе дасягненнямі. Таму менавіта здабыткі мастакоў мінулага і сучаснасці дэманструюцца на выстаўцы «Акварэль. Варыяцыі», створанай пад куратарствам Франца Корзуна, навуковага супрацоўніка выставачнага аддзела НММ. Да 29 верасня ёсць магчымасць пазнаёміцца з ледзь не сотняй акварэльных твораў з майстэрань аўтараў і фондаў музея.



Для таго, каб у гледача склалася ўяўленне аб тым, чым характарызаваўся акварэльны жывапіс другой паловы XX стагоддзя і якія асаблівасці пануюць тут сёння, арганізатары звярнуліся да творчасці некалькіх выбраных майстроў, не імкнучыся ахапіць вялізны пласт зробленага мастакамі на працягу вялікага прамежку часу і не спрабуючы стварыць панараму акварэльнай творчасці. Што тычыцца савецкага перыяду, то тагачаснае мастацтва прадстаўлена работамі Віталя Цвіркі, Фёдара Кісялёва і Генадзя Шутава. Калі пра першых двух глядач чуе часта — у тым жа Мастацкім цягам некалькіх апошніх гадоў іх творы дэманстраваліся ў тым ліку на персанальных выстаўках, — то апошняга сёння, сапраўды, згадваюць крыху радзей. 

16_31_A (1).jpg

Работы Фёдара Кісялёва ў экспазіцыі

Генадзь Фёдаравіч (1939–2017) родам з Украіны. Нарадзіўся ў Запарожжы, аднак жыццё звязаў з Беларуссю. Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча (сёння Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава), затым Маскоўскі паліграфічны інстытут (сёння Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт друку імя Івана Фёдарава). Шмат гадоў жыў у Віцебску, быў апроч іншага старшынёй праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР (1976–1986). Генадзь Шутаў — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1996), лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва і стварэнне ўнікальных нацюрмортаў (2011). 

Перад гледачом — трыпціх мастака «Беларускім партызанам» (1978), найбольш сціплая стылістычна і жанрава работа сярод іншых у экспазіцыі, адзіная, прысвечаная тэме Вялікай Айчыннай вайны. Аўтар засяродзіўся на адлюстраванні кветак — зрэзаныя, яны стаяць у гліняных збанах і шкляных слоіках на падаконніках, а за вокнамі раскідваюцца жытнёвыя палі. Усё тут падкрэслівае спакой і гармонію мірнага жыцця, адваяванага ў тым ліку партызанамі. Цэнтр кампазіцыі аддадзены шэрагу чорна-белых і карычневага тону фатаграфій, змешчаных пад адной рамай... Аб’яднаўшы гэтыя прадметы, апісаўшы з’явы прыроды, знаёмую кожнаму карціну Генадзь Шутаў пераўтварае ў гімн партызану. 

16_31_B.jpg

Сямён Дамарад «На старой Нямізе», 1971 г.

16_31_C.jpg

Сяргей Пісарэнка «Хутар з катом», 2007 г. 

Знаёмячыся з часткай выстаўкі «Акварэль. Варыяцыі», прысвечанай сучаснаму этапу выяўленчага мастацтва, разумееш, чаму арганізатары спыніліся на дэманстрацыі работ усяго толькі чатырох аўтараў. Творы кожнага вартыя асобнага разгляду, і знаёмства з большай колькасцю аўтараў перашкодзіла б канцэпцыі выстаўкі, змяніла б успрыманне публікай прадстаўленага на суд і не дазволіла б паказаць найлепшае са зробленага Сямёнам Дамарадам і Мікалаем Аўчыннікавым, Сяргеем Пісарэнкам і Вячаславам Паўлаўцом. Светабачанне гэтых аўтараў, выяўленае ў творчасці, шмат у чым адрозніваецца, аднак ёсць тут і бясспрэчна агульнае — кожны з мастакоў імкнуўся адлюстраваць крупінку вечнасці. І ў кожнага атрымалася. Мы адчуваем і бачым гэта найперш у «Сонечным дні» (1999) Сямёна Дамарада, у «Зіме» (2002) Сяргея Пісарэнкі, у «Зламаным дрэве» (1990) Вячаслава Паўлаўца, у «Адвечным» (1990) Мікалая Аўчыннікава... 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю