Top.Mail.Ru

Творы беларускіх кампазітараў выканаюць удзельнікі Міжнароднага конкурсу піяністаў «Мінск-2026»

Гэта рэдкая падзея: папярэдняе творчае спаборніцтва піяністаў з розных краін адбылося ў Беларусі пяць гадоў таму. Сёлета конкурс праходзіць сёмы раз, нягледзячы на тое, што яго гісторыя налічвае 30 гадоў, з таго моманту, як адбыўся першы згодна з рашэннем Міністэрства культуры нашай краіны і пры садзейнічанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. 


Сёлета да нас прыедуць музыканты з 9 краін свету. Адметна, што ў першым туры выступяць больш як 104 удзельнікі, з іх 29 прадстаўляюць Беларусь. Наша фартэпіянная школа на гэтым конкурсе звычайна паказвае сваіх найлепшых выхаванцаў, якія неаднойчы станавіліся яго лаўрэатамі, а таксама дэманстравалі свой узровень на іншых творчых аглядах за межамі нашай краіны. 

На ўрачыстым адкрыцці ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі 1 красавіка выступіць прафесар кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Дулаў разам з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава. Для выканання абралі Канцэрт № 5 Мі-бемоль мажор для фартэпіяна з аркестрам Людвіга ван Бетховена, адзін з самых папулярных у класічным рэпертуары. І зразумела чаму: твор быў рэвалюцыйным для свайго часу, ён адрозніваецца веліччу і сілай, што натхняе слухачоў па-за эпохамі і гучыць святочна. 

Дарэчы, Уладзімір Дулаў — член міжнароднага журы, адзін з чатырох прадстаўнікоў Беларусі. Старшыня журы — наш славуты піяніст, народны артыст Беларусі прафесар Ігар Алоўнікаў. Праца наперадзе няпростая: гэта ж не спартыўныя спаборніцтвы, дзе нехта прыходзіць першым, тут трэба ацаніць шмат фактараў, уключыць суб’ектыўнае адчуванне: хто з маладых канкурсантаў (іх узрост згодна з рэгламентам ад 16 да 30 гадоў) можа не толькі ўразіць фіртуознасцю, але і стаць асобай у музыцы на шмат гадоў. 

Для гэтага прадугледжаны тры туры конкурсных праслухоўванняў, за якімі можна назіраць як у зале, так і ў анлайн-фармаце. Самы насычаны, вядома, будзе І тур — менавіта ў ім прадугледжана выкананне сачыненняў беларускіх кампазітараў ХІХ —ХХІ стагоддзяў (ад вальсаў і паланезаў Напалеона Орды да нашых сучаснікаў). Гэта значыць, што ў нас ёсць бліскучая музыка, па якой можна разумець узровень выканальніцкага майстэрства. Каштоўна яшчэ і тое, наколькі глыбока музыканты яе адчуюць. Нам цікава бывае паслухаць, наколькі па-свойму інтэрпрэтуюць творы айчынныя маладыя музыканты, а тут беларуская музыка ў выкананні піяністаў, якія прадстаўляюць Расію, Кітай, Японію, Паўднёвую Карэю, Казахстан, Узбекістан, Італію і Францыю. Першы тур дае магчымасць больш шырока пазнаёміцца з удзельнікамі, таму што ў другі тур выйдзе хіба што палова з іх, але тут яны змогуць прадставіць паўнавартасную праграму, працягласцю да 50 хвілін. І толькі шасцёра будуць змагацца за перамогу ў ІІІ туры — фінал адбудзецца ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Вядома, напружанне, якое павінны вытрымаць маладыя піяністы, вартае таго: пераможца атрымае прэмію ў памеры 10 000 еўра, лаўрэат другой прэміі — 8000, а трэцяй — 5000 еўра. 

Паслухаць найлепшых будзе магчымасць у тых, хто прыйдзе 10 красавіка ў Белдзяржфілармонію на ўрачыстае закрыццё конкурсу.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю