У Прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук прайшоў сход з выпадку 100-годдзя выдавецкага дома «Беларуская навука», паведаміла БелТА.
«Беларуская навука» — буйнейшы ў рэспубліцы ўніверсальны цэнтр па выпуску кніжных і перыядычных выданняў па розных галінах навукі. Выдавецкі дом ажыццяўляе значны ўклад у папулярызацыю навукі і прапаганду дасягненняў беларускіх вучоных і арганізацый НАН Беларусі.
Выдавецтва было заснавана ў Мінску ў 1925-1926 гадах як рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Інстытута беларускай культуры. Сёння арганізацыя ажыццяўляе падрыхтоўку і выпуск кніжнай прадукцыі, штотыднёвай газеты «Навука», шэрага навуковых часопісаў, заснавальнікам якіх з’яўляецца НАН Беларусі, навуковай, навукова-папулярнай, даведачнай і іншай літаратуры — як па ўласных праектах, так і на заказ асобных арганізацый, аўтараў.

Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Каранік адзначыў, што стагадовы юбілей — гэта дата знамянальная, магічная.
«У рамках гісторыі гэта не вельмі шмат, але калі азірнуцца на тое, які шлях прайшло выдавецтва за стагоддзе, гэта выклікае шчырую павагу. Яго ў 1920-я стваралі сапраўдныя энтузіясты: вучоныя, пісьменнікі, палітычныя дзеячы, тады яно было пры Інстытуце беларускай культуры. Узнікненне „Беларускай навукі“ стала вялікім крокам наперад — да таго, каб данесці роднае слова да кожнага, папулярызаваць беларускую літаратуру, навуку, змагацца з непісьменнасцю. Гэта супрацоўнікі рабілі вельмі прафесійна і творча», — лічыць кіраўнік НАН.

Ён таксама нагадаў, што гады ваеннага ліхалецця не абмінулі выдавецтва і яго супрацоўнікаў, але ў пасляваенныя гады яно не толькі хутка аднавілася, але і развівалася, уносячы значны ўклад у захаванне нацыянальнай культуры.
«Былі выдадзены поўныя зборы твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка. Але пры гэтым ствараліся падручнікі, навуковая літаратура. Па кнігах выдавецтва вучыліся дзеці, студэнты. Гэта хутка стала стандартам выдавецкай справы: у 1960-80-я гады было вельмі шмат заслужаных узнагарод. Рады, што гэтыя традыцыі захаваліся. Выдавецтва заўсёды было сплавам маладосці і вопыту. Наперадзе яшчэ вельмі шмат значных дасягненняў, праектаў», — дадаў Уладзімір Каранік.

Дырэктар выдавецтва Аляксандр Дудзік падкрэсліў, што сёння ў Беларусі не так шмат арганізацый, якія адзначылі 100-гадовы юбілей.
«У выдавецкай справе іх яшчэ менш, будзем старацца развівацца з пункту гледжання якасці літаратуры, якая вырабляецца. За мінулы год мы выпусцілі 155 выдатных кніг. Яны разышліся тыражом больш як 36 тыс. экзэмпляраў — гэта вельмі важнае чысло», — сказаў ён.
Намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі перадаў віншаванні ад міністра інфармацыі Марата Маркава. «Выдавецтва прайшло доўгі, напоўнены важнымі здзяйсненнямі шлях і сёння па праву з’яўляецца айчынным лідарам у галіне навуковага кнігавыдання, імкнучыся захоўваць і ўмацоўваць лепшыя традыцыі гэтага напрамку. Праз выпуск літаратуры выдавецтва адлюстроўваецца самабытнасць беларускага народа, веліч яго гісторыі і культуры, дэманструюцца дасягненні ва ўсіх сферах жыцця краіны», — гаворыцца ў звароце.