Сапраўдныя чараўнікі — тут
Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі — вядучая ўстанова ў краіне, якая аказвае спецыялізаваную траўматалагічную і артапедычную дапамогу дарослым і дзеткам. Штогод тут атрымліваюць кансультатыўную дапамогу звыш 26 тысяч пацыентаў, стацыянарную — больш за 8 тысяч, выконваецца каля 6 тысяч траўматолага-артапедычных хірургічных аперацый, больш за палову з якіх — складаныя і высокатэхналагічныя. Супрацоўнікі ўстановы пастаянна распрацоўваюць і ўкараняюць новыя метады дыягностыкі і лячэння. Напрыклад, імі распрацаваны шэраг медыцынскіх тэхналогій лячэння захворванняў тазасцегнавага сустава ў дзяцей і падлеткаў, дэфармацый грудной клеткі, укарачэння канечнасцяў і іншых прыроджаных і набытых паталогій апорна-рухальнага апарату ў дзяцей.
Дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігарам СЕРГЯЕНКАМ наведала цэнтр напярэдадні навагодніх свят. Найперш парламентарыі азнаёміліся з выстаўкай дасягненняў РНПЦ за апошнія гады. Знаходзячыся ў авангардзе інавацыйнага развіцця галіны, навуковая работа цэнтра прысвечана вырашэнню практычных праблем аховы здароўя. Акрамя таго, дэпутаты пабывалі ў аперацыйных, павіншавалі дзяўчынак і хлопчыкаў, якія зараз праходзяць лячэнне ў стацыянары, з надыходзячым Новым годам у рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Калектыў цэнтра і асобныя работнікі былі таксама ўзнагароджаны Падзякай Старшыні Палаты прадстаўнікоў.
Парламентарыі, па словах Ігара Сергяенкі, прыехалі ў цэнтр, каб падзякаваць калектыву за тую работу, якую ён праводзіць у інтарэсах нашай краіны. Напярэдадні Новага года група спецыялістаў была ўзнагароджана прэміяй Саюзнай дзяржавы за канкрэтныя вынікі ў навуковай дзейнасці. З 2017 па 2020 год у рамках выканання Праграмы Саюзнай дзяржавы «Распрацоўка новых спінальных сістэм з выкарыстаннем тэхналогій протатыпавання ў хірургічным лячэнні дзяцей з цяжкімі прыроджанымі дэфармацыямі і пашкоджаннямі пазваночніка» сумесна з Нацыянальным медыцынскім даследчым цэнтрам дзіцячай траўматалогіі і артапедыі імя Г. І. Турнера (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) былі распрацаваны ўнікальныя метады дыягностыкі і лячэння дзяцей з цяжкімі дэфармацыямі пазваночніка, а таксама айчынныя імплантаваныя спінальныя сістэмы. У 2021 годзе гэтыя распрацоўкі былі ўкаранёны ў лячэбны працэс. У цэнтры ўжо прааперыравалі 64 дзіцяці з цяжкімі прыроджанымі дэфармацыямі пазваночніка.
«Прыехалі мы павіншаваць і дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні. Дзед Мароз сёння нас весяліў, але сапраўдныя чараўнікі працуюць тут. Гэта вядучыя спецыялісты, урачы, медыцынскія сёстры, 27 навуковых супрацоўнікаў, член-карэспандэнт НАН», — сказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Ігар Сергяенка дадаў, што хлопцам і дзяўчаткам крыху сумна знаходзіцца ў бальніцы ў святочныя дні, але тут створаны камфортныя ўмовы, атмасфера казкі, падарункі, Дзед Мароз, і, самае галоўнае — клопат высокапрафесійных урачоў, медыцынскіх сясцёр, санітараў. «Я не ўбачыў сумных твараў дзяцей, — заўважыў спікер. — Нават у тых, хто не змог выйсці на прадстаўленне (арганізаванае для дзяцей у цэнтры. — „Зв.“) з палат. Але ўсе яны вераць не проста ў цуд, а ў тых людзей, якія іх акружаюць, якія іх лечаць. І гэта выдатна, што ёсць такія спецыялісты, якія робяць цуды не толькі ў Новы год, але і ўвесь час».
Дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Міхаіл ГЕРАСІМЕНКА расказаў, што цэнтр з’яўляецца галаўной установай Беларусі па траўматалогіі, артапедыі і спінальнай хірургіі. Тут праводзіцца ўвесь спектр артапедычных і траўматалагічных умяшанняў. «Флагманскімі кірункамі нашага цэнтра з’яўляецца хірургія пазваночніка, дзіцячая траўматалогія, артапедыя, эндапратэзаванне буйных суставаў, артраскапічныя малаінвазійныя ўмяшанні, якія выконваюцца таксама на буйных суставах», — адзначыў Міхаіл Герасіменка.
РНПЦ, падкрэсліў ён, актыўна займаецца навуковай дзейнасцю. «Сёння мы падрыхтавалі невялікую выстаўку дасягненняў цэнтра за апошнія гады. Нашы распрацоўкі не толькі навукаёмістыя, але і практыкаарыентаваныя, маюць вельмі высокі працэнт імпартазамяшчэння. У 2023 годзе ў траўматалогіі яно складала 20 %, у 2024-м — 43 %, у 2025-м — 69 %», — адзначыў дырэктар цэнтра.
Пацыент РНПЦ Ягор БРЫЛЬ адзначыў, што ўвага ў навагоднія святы вельмі прыемная. «У Новым годзе, знаходзячыся ў бальніцы, я жадаю, каб у мяне было добрае здароўе, каб мая аперацыя прайшла паспяхова і каб у блізкіх таксама было ўсё добра са здароўем», — падзяліўся марамі хлопец.
Яна Валасач