ІІІ Беларуска-расійскі турыстычны кангрэс праходзіць у Мінску. На ім абмяркоўваюць пытанні развіцця турыстычнай галіны, у тым ліку бягучы стан спраў у турбізнесе, развіццё рынку і міжнародны вопыт. Форум з’яўляецца ключавой падзеяй для туріндустрыі абедзвюх краін і традыцыйна сабраў прафесіяналаў сферы для ўдзелу ў пленарным пасяджэнні і работы па секцыях.
На адкрыцці пленарнага пасяджэння было зачытана прывітанне ад імя намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіміра Караніка. «Турызм — магутны інструмент умацавання культурных і эканамічных сувязяў паміж нашымі брацкімі народамі. За тры гады існавання кангрэс стаў аўтарытэтнай дыскусійнай пляцоўкай, што аб’ядноўвае прадстаўнікоў турыстычнага бізнесу, дзяржаўных структур, дыпламатычнага корпуса і грамадскіх арганізацый, якія працуюць на рынку турыстычных паслуг. Тэматыка кангрэса ў комплексе не толькі прысвечана перспектыўным напрамкам узаемадзеяння турыстычнай бізнес-супольнасці Беларусі і Расіі, але і адлюстроўвае ўвагу нашых дзяржаў, якія паслядоўна прымаюць меры ў падтрымку турыстычнай індустрыі», — адзначыў Уладзімір Каранік у прывітанні.
Усё больш расійскіх турыстаў праяўляюць увагу да беларускага напрамку, таксама адзначаецца сустрэчная цікавасць з боку грамадзян Беларусі да расійскіх прапаноў. І гэта пацвярджаецца аб’ектыўнымі данымі статыстыкі. Узаемны паток у 2024 годзе склаў рэкордныя 6 мільёнаў чалавек. Пры гэтым колькасць арганізаваных турыстаў з Расіі перавысіла 350 тысяч, а з Беларусі — 140 тысяч чалавек. Аб гэтым сказана ў прывітанні ўдзельнікам форуму Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Барыса Гызлова.
Паводле яго слоў, на фоне падаражання і ўскладнення лагістыкі паездак у краіны далёкага замежжа айчынныя падарожнікі ўсё часцей сталі знаходзіць для сябе дастойныя альтэрнатывы для адпачынку на прасторах Саюзнай дзяржавы — ад Брэста да Уладзівастока. «У Беларусі адкрываюць для сябе жамчужыны прыроды і матэрыяльнай спадчыны Расіі — няхай гэта будзе прыгажосць рускай Поўначы, Карэліі, шэдэўры Масквы і Санкт-Пецярбурга, Прычарнамор’я, Каўказа, Алтая і Прымор’я. Расіян жа ў Беларусі традыцыйна прыцягваюць унікальныя помнікі гісторыка-культурнай спадчыны і якаснае санаторна-курортнае лячэнне», — адзначаецца ў прывітанні.
Немалаважную ролю ў дасягненні рэкордных паказчыкаў узаемных тураў адыгрывае транспартная даступнасць, звярнуў увагу дыпламат, нагадаўшы, што цяпер па выхадных днях паміж Масквой і Мінскам стала курсіраваць яшчэ адна пара хуткасных электрацягнікоў «Ластаўка». Паслядоўна пашыраюцца і авіязносіны. За апошнія два гады з’явіўся шэраг новых маршрутаў у рэгіёны РФ — Ульянаўск, Мінеральныя Воды, Архангельск, Самару, Чалябінск, Махачкалу, а таксама з абласных аэрапортаў Беларусі ў Маскву і Пецярбург. Акрамя таго, 11 студзеня ў Саюзнай дзяржаве адбылася эпахальная падзея — уступіла ў сілу беларуска-расійскае пагадненне аб узаемным прызнанні віз. Гэта адкрывае новыя перспектывы для прасоўвання сумеснага турыстычнага прадукту для адпачывальнікаў з трэціх краін.
Як паведаміла намеснік міністра эканомікі Беларусі Алена Балігатава, уклад сферы турызму ў ВУП Беларусі павінен узрасці да 5 %, што прадугледжана Нацыянальнай стратэгіяй устойлівага развіцця краіны да 2040 года.
— Гэта дастаткова амбіцыйная задача, якая патрабуе напружанай работы, — адзначыла Алена Балігатава.