Традыцыйны міжнародны турнір па самба на прызы Прэзідэнта прайшоў у Мінску ўжо 29-ы раз. Склад удзельнікаў вельмі прадстаўнічы, у Мінск прыехала больш за 200 спартсменаў з дзевяці краін. Сярод іх — лідары сусветнага самба, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Прывітальны адрас удзельнікам і гасцям спаборніцтваў накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Ваш від адзінаборстваў — школа працавітасці, майстэрства і мужнасці, спаборніцтва характараў, заснаванае на філасофіі годнасці і высакароднасці, — усё, што фарміруе сапраўднага чалавека, — адзначаецца ў прывітанні. — А традыцыйныя штогадовыя спаборніцтвы ў Мінску найлепшых самбістаў свету — яркі прыклад таго, як спорт аб’яднаў людзей. Няхай так будзе і надалей». Кіраўнік дзяржавы пажадаў удзельнікам турніру ў кожным паядынку прадэманстраваць свае найлепшыя якасці, падарыць балельшчыкам захапляльнае спартыўнае свята і на ўсё жыццё захаваць у душы асаблівы дух адзінства і братства, які пануе пад скляпеннямі сталічнага Палаца спорту.
Самбісты сапраўды падарылі балельшчыкам (якіх на трыбунах, нягледзячы на буднія дні, было нямала) спартыўнае свята. Яго героямі сталі і беларусы. Дзейная чэмпіёнка свету Марыя Кандрацьева, якая выступае ў катэгорыі да 80 кг, выйграла дамашні турнір. Пераможцамі спаборніцтваў таксама сталі Эдуард Куцко (да 79 кг) і Анжэла Жылінская (да 72 кг).
«Хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто за мяне перажываў, хто арганізаваў гэты турнір. Сёлета ў мяне не атрымалася ўзяць залаты медаль, хоць я вельмі імкнулася да першага месца. Але не атрымалася. Вярну „золата“ ў наступным годзе. Выступаць дома і проста, і складана адначасова, а ў спорце здараецца ўсялякае», — падзялілася ўражаннямі Анфіса Капаева, сярэбраны прызёр спаборніцтваў у катэгорыі да 50 кг. Такі ж медаль заваявала і Крысціна Сакалова (да 59 кг). Бронзавыя медалі заваявалі Карына Жоглік (да 59 кг), Настасся Скварцова (да 72 кг), Паліна Лук’янчук, Валерыя Хрушчова (абедзве — звыш 80 кг), Павел Літвінаў, Антон Кубянкевіч (абодва — да 58 кг).
Падводзячы вынікі турніру, старшыня Беларускай федэрацыі самба Аляксандр Кобрусеў падзяліўся з журналістамі сваёй марай: «Я мару, каб кожны раз на цырымоніі ўзнагароджання гучаў беларускі гімн, каб перамагалі толькі беларускія спартсмены. Але спорт тым і цікавы, што тут заўсёды ёсць інтрыга, перамагае наймацнейшы». Ён заўважыў, што на дываны выйшлі наймацнейшыя спартсмены, што сведчыць аб высокім узроўні гэтага турніру. Больш за тое, спаборніцтвы па самба на прызы Прэзідэнта — гэта праверка сіл спартсменаў у пачатку чарговага сезона.
На спаборніцтвах, акрамя прадстаўнікоў Беларусі, выступаюць самбісты з Арменіі, Балгарыі, Германіі, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана. У цяперашніх умовах такая геаграфія дарагога варта. «У нас няма праблем ні з адной камандай. На чэмпіянатах свету нашы спартсмены цудоўна ладзяць з усімі спартсменамі. Упэўнены, што да нас магло б прыехаць больш каманд, калі б не палітычныя складанасці. Ахвотных шмат. У мінулым годзе ўдзельнічала 120 спартсменаў, сёлета — 230. Перакананы, што на 30-ы юбілейны турнір у наступным годзе прыедзе яшчэ больш гасцей. Мы як арганізатары гатовы працаваць актыўна, каб прыняць больш гасцей і падарыць нашым людзям яшчэ адно спартыўнае свята», — запэўніў Аляксандр Кобрусеў.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА