Top.Mail.Ru

Турчын пра сітуацыю ў эканоміцы: Трэба навучыцца эфектыўна працаваць, нягледзячы на магчымых «чорных лебедзяў»

У эканоміцы трэба навучыцца эфектыўна працаваць, нягледзячы на магчымае з’яўленне новых нечаканых праблем, «чорных лебедзяў». Пра гэта заявіў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын па выніках дакладу Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, паведамляе БелТА.



На думку Аляксандра Турчына, адназначна ахарактарызаваць бягучы стан эканомікі складана, бо працаваць даводзіцца ў вельмі няпростых умовах, калі прысутнічае санкцыйны ціск, з’яўляюцца новыя недружалюбныя рашэнні і крокі ў адносінах да Беларусі, як, напрыклад, закрыццё граніцы Польшчай. «Мы кожны дзень жывём у нейкіх чаканнях чарговых, як я кажу, чорных лебедзяў. Мне падаецца, што спакойнага жыцця ўжо сапраўды не будзе. Будуць узнікаць тыя ці іншыя праблемы. Наша задача — з імі эфектыўна спраўляцца. Задача ўрада — каб мы, крый божа, не дапусцілі ніякага абвалу і каб рост (эканомікі. — Заўв. БелТА) быў збалансаваным. Нельга забяспечваць рост ва ўрон іншым паказчыкам», — сказаў Прэм’ер-міністр.

«Сказаць, што ў нас няма праблем, будзе няправільна. Але ў чым мэта ўрада на бягучым этапе — каб у нас быў збалансаваны рост эканомікі», — звярнуў увагу ён. Напрыклад, каб аб’ёмы вытворчасці не суправаджаліся ростам складскіх запасаў і дэбіторскай запазычанасці.

«Урад вельмі інтэнсіўна працуе ў гэтым напрамку, працуем з нашымі партнёрамі з ЕАЭС, Расійскай Федэрацыі. Ёсць шэраг дамоўленасцяў, якія даюць магчымасць нам з пэўным аптымізмам глядзець наперад», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Ён адзначыў наяўнасць некаторых праблем з асобнымі прадпрыемствамі і галінамі, якім у свой час была аказана дзяржаўная падтрымка і якія не спраўляюцца з выкананнем сваіх даўгавых абавязацельстваў. Да вырашэння гэтых праблем ва ўрадзе падышлі сістэмна. Цяпер ідзе прапрацоўка стратэгічных рашэнняў, якія датычацца перш за ўсё канцэрнаў «Беллеспаперапрам» і «Беллегпрам», і простых рашэнняў сярод іх няма, падкрэсліў Прэм’ер-міністр. Паводле яго слоў, на працягу года плануецца ўносіць адпаведныя прапановы на ўзровень кіраўніка дзяржавы.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю