Для развіцця індустрыі і выбудоўвання сапраўдных партнёрскіх сувязей не існуе адлегласцей і межаў. Такое меркаванне выказаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын у час пленарнага пасяджэння «Прамысловая Індустрыя 360» на выстаўцы «ІНАПРАМ-2026» у Екацярынбургу, паведамляе БелТА.
«Літаральна некалькі дзён таму адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Інданезію. Упэўнены, ён стане знакавай вяхой у развіцці нашых двухбаковых адносін. Інданезійскі складнік у цяперашняй выстаўцы як мага наглядна падкрэслівае, што для развіцця індустрыі і выбудоўвання сапраўдных партнёрскіх сувязей не існуе адлегласцей і межаў. Выбраная тэма („Індустрыя 360“. — Заўвага БЕЛТА) мае не толькі прамысловы, але і глыбокі філасофскі сэнс. У аснове ляжыць разуменне таго, што 360 — поўны цыкл — гэта не замкнутае кола, якое прыходіць у тую ж кропку, а спіраль, якае дае новы віток развіцця. „Індустрыя 360: вытворчасць без межаў“ — гэта, па сутнасці, адказ на выклікі часу, з якімі сутыкаюцца нашы краіны», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Такая стратэгія актуальна і для Беларусі. «Па-першае, мы працуем ва ўмовах санкцыйных абмежаванняў, нестабільнай геапалітычнай абстаноўкі, жорсткай канкурэнцыі на рынках збыту і дэфіцыту шэрага сыравінных кампанентаў. Таму патрэбны разумныя, гібкія вытворчыя сістэмы. Па-другое, мы назіраем недахоп кадраў па шэрагу прафесій і спецыяльнасцей, што абумоўлівае неабходнасць пошуку эфектыўных спосабаў павышэння прадукцыйнасці працы. Па-трэцяе, змяніліся патрабаванні спажыўцоў прадукцыі. Пакупніка больш не задавальняе проста надзейнае „жалеза“. Сучасны трактар, кар’ерны самазвал павінны працаваць у адзіным лічбавым контуры гаспадаркі або рудніка. Патрэбна не проста пастаўка, а стварэнне сэрвісных цэнтраў з перадачай неабходных кампетэнцый мясцовым спецыялістам. Ад нас чакаюць комплексных рашэнняў. „Вытворчасць без межаў“ у нашай рэалізацыі — гэта адсутнасць бар’ераў паміж галінамі і магчымасць імгненнай камунікацыі паміж распрацоўшчыкам і спажыўцом. Яно азначае пашырэнне тэхналагічных перадзелаў, лакалізацыю вузлоў і кампанентнай базы, заснаваных на мясцовай сыравіне і напрацаваных кампетэнцыях», — адзначыў Аляксандр Турчын.

Патэнцыял ідэальнай экасістэмы для «Індустрыі 360» закладзены ў Саюзнай дзяржаве, звярнуў ён увагу. «Высокі ўзровень беларуска-расійскай інтэграцыі і кааперацыі здольны даць той самы поўны цыкл вытворчасці без межаў. Прымаемыя кіраўнікамі нашых дзяржаў рашэнні, сумесная работа ўрадаў, цесныя міжрэгіянальныя сувязі, рэалізацыя сумесных праектаў і праграм — усё гэта забяспечыла не толькі павелічэнне ўзаемнага гандлю паміж краінамі, але і ўмацаванне тэхналагічнай бяспекі. Не менш поле магчымасцей у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Злучэнне індустрыяльных магутнасцей, сыравіннай базы і інтэлектуальных сіл краін „пяцёркі“ — гэта сапраўды бясконцыя рэсурсы. У рамках „вытворчасці без межаў“ Беларусь гатова забяспечыць трансфер уласных тэхналогій і стварэнне сучасных рабочых месцаў на тэрыторыі нашых партнёраў», — расказаў прэм’ер-міністр.

Якія важнейшыя напрамкі развівае Беларусь сёння? «Лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект. Стратэгічная задача — ліквідаваць слабыя бакі нацыянальнай IT-індустрыі, каб крытычна важныя галіны былі забяспечаны пераважна айчынным праграмным прадуктам. Таму рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій ствараюць рашэнні на базе штучнага інтэлекту і камп’ютарнага зроку, якія цяпер працуюць у прамысловасці: ад кіравання жыццёвым цыклам прадукту да аўтаномнай лагістыкі на складах. Возьмем сусветна вядомы БЕЛАЗ, адна з мадэлей у ліку першых атрымала статус „Тавару Саюзнай дзяржавы“. На прадпрыемстве ўкаранён шэраг інавацыйных лічбавых рашэнняў, інтэлектуальная сістэма маніторынгу і прагнознай аналітыкі. Тэсціруецца беспілотная кар’ерная тэхніка на базе ўласнага праграмнага забеспячэння. Рэалізаваны механізм мадэлявання зборкі вузлоў самазвалаў з выкарыстаннем тэхналогіі віртуальнай рэальнасці. Разлічваем, што да 2030 года не менш як 70 працэнтаў арганізацый будуць выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі шостага тэхналагічнага ўкладу. Ставім перад прамысловасцю мэту за пяць гадоў павысіць шчыльнасць рабатызацыі да 100 адзінак на 10 тыс. работнікаў. Ужо сёння 76 аўтаматызаваных комплексаў, задзейнічаных на заводзе „БЕЛДЖЫ“, далі магчымасць у два разы павялічыць зборку кузаваў і павысіць агульную колькасць выпускаемых аўтамабіляў. Рабатызаваная вытворчасць тэлевізараў, запушчаная холдынгам „Гарызонт“, дала двухразовае павышэнне прадукцыйнасці працы», — заўважыў Аляксандр Турчын.
У мікраэлектроніцы задача-мінімум — забяспечыць сваю прамысловасць і ваенна-прамысловы комплекс айчыннымі мікраэлектроннымі кампанентамі. У станкабудаванні запланаваны штогадовы выпуск новых мадэлей станкоў з праграмным кіраваннем пад поўную патрэбнасць беларускіх прадпрыемстваў і выхад на сусветныя рынкі. «Беларускія вытворцы працуюць над пашырэннем лінейкі рухавікоў, электратранспарту і іншай запатрабаванай тэхнікі, лакалізацыяй вузлоў і камплектуючых для іх», — падкрэсліў ён.
Але галоўнае ў трансфармацыі, паводле слоў прэм’ер-міністра, — мультыплікатыўны эфект, які дасць «Індустрыя 360» на ўнутраным і знешніх контурах. «Гэта новыя падыходы ў нацыянальнай сістэме адукацыі і навучання прафесіям будучыні, стварэнне скразнога лічбавага асяроддзя і зняцце бар’ераў паміж нашымі краінамі», — сказаў Аляксандр Турчын.
30 верасня ў Мінску адкрыецца міжнародная прамысловая выстаўка «ІНАПРАМ». «На беларускай пляцоўцы мы зможам прадоўжыць пачатую сёння размову. Карыстаючыся выпадкам, запрашаю на наш асенні форум. Удзельнікам „ІНАПРАМа“ ў Екацярынбургу жадаю плённай работы і рэзультатыўных сустрэч», — рэзюмаваў прэм’ер-міністр.

16-я міжнародная прамысловая выстаўка «ІНАПРАМ» стартавала ў Екацярынбургу. Выстаўка прадоўжыцца да 9 ліпеня. Краінай-партнёрам у гэтым годзе выступае Інданезія. Асноўная тэма выстаўкі — «Індустрыя 360: вытворчасць без межаў». Асаблівая ўвага будзе ўдзелена фармаванню гібкіх вытворчых сістэм, ствараемых на стыку аўтаматызацыі, штучнага інтэлекту і адзіных індустрыяльных экасістэм.