Яшчэ адным мерапрыемствам у суботнім графіку Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына стала сустрэча з Намеснікам Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэнам, які гэтымі днямі наведвае нашу краіну з рабочым візітам. У Доме ўрада бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, якія датычацца супрацоўніцтва па самых розных напрамках.
«Не толькі высокі ўзровень палітычнага дыялогу, але і эканамічны складнік»
Вітаючы дэлегацыю КНР, Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын звярнуў увагу, што беларуска-кітайскія адносіны сёння з’яўляюцца прыкладам сталага, давернага і арыентаванага ў будучыню стратэгічнага партнёрства. «Асабліва важна, што падмуркам нашага ўзаемадзеяння выступае не толькі высокі ўзровень палітычнага дыялогу, але і эканамічны складнік — гандаль, інвестыцыі, прамысловая кааперацыя, тэхніка-эканамічная дапамога», — канкрэтызаваў кіраўнік беларускага ўрада.

Аляксандр Турчын падкрэсліў, што ў Беларусі добра вядомыя вынікі работы Хань Чжэна на пасадзе кіраўніка Шанхая — аднаго з найбуйнейшых фінансавых, прамысловых і тэхналагічных цэнтраў свету. Менавіта ў гэты перыяд, па словах Прэм’ер-міністра, горад умацаваў свае пазіцыі ў якасці глабальнага эканамічнага хаба, актыўна развіваў інавацыйны сектар, сучасную інфраструктуру, міжнародны гандаль і інвестыцыйную прывабнасць.
Кіраўнік беларускага ўрада анансаваў, што плануе правесці поўнафарматную сустрэчу з Прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Цянам у рамках Кітайскай міжнароднай выстаўкі ў Шанхаі ў лістападзе 2026 года. «Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць Кітай з паспяховым правядзеннем штогадовых „дзвюх сесій“, а таксама з прыняццем 15-й пяцігадовай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця КНР на 2026-2030 гады, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Беларусь таксама ў канцы 2025 года правяла Усебеларускі народны сход, па выніках якога прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2026-2030 гады».
Прэм’ер-міністр падкрэсліў, што два планы развіцця падобныя не толькі па сваёй сутнасці, але і па зададзеных вектарах: «Прынятыя ў нашых краінах рашэнні пацвярджаюць стратэгічны і доўгатэрміновы падыход да забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту, тэхналагічнай мадэрнізацыі, умацавання энергетычнай бяспекі і павышэння якасці жыцця грамадзян».
«Мы паслядоўна працуем над спалучэннем ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях“ з нацыянальнымі прыярытэтамі»
Важны акцэнт зроблены на ўмацаванні экспартнага патэнцыялу краін і падтрыманні тэхналагічнага суверэнітэту, што ў наш час вельмі дарагога варта, дапоўніў Аляксандр Турчын. «Мы перакананыя, што рэалізацыя задач 15-й пяцігодкі дазволіць Кітаю паспяхова дасягнуць пастаўленых стратэгічных мэтаў, умацаваць пазіцыі аднаго з вядучых цэнтраў сусветнай эканомікі і забяспечыць далейшае павышэнне дабрабыту кітайскага народа», — выказаў упэўненасць кіраўнік урада.
Прэм’ер-міністр адзначыў, што ў рамках доўгатэрміновага плана развіцця Беларусь адводзіць КНР асаблівую ролю як аднаму з ключавых партнёраў. «12 мая Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў дырэктыву «Аб практычным напаўненні ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі з Кітаем. На сённяшні дзень Кітай — адзіная замежная дзяржава, адносна якой прымаюцца дакументы такога ўзроўню», — звярнуў увагу Аляксандр Турчын.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што Беларусь разглядае Кітай як аднаго з ключавых эканамічных партнёраў і стратэгічнага інвестара. «Мы паслядоўна працуем над спалучэннем ініцыятывы „Адзін пояс, адзін шлях“ з нацыянальнымі прыярытэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, фарміруючы сучасныя транспартна-лагістычныя, вытворчыя і тэхналагічныя маршруты Еўразіі», — заявіў Прэм’ер-міністр.

Асаблівае значэнне, па яго словах, надаецца развіццю індустрыяльнага парку «Вялікі камень», які стаў знакавым сумесным праектам і сапраўднай платформай для прамысловай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай кааперацыі. «Мы бесперапынна ўдасканальваем і паляпшаем умовы працы ў парку ў мэтах нарошчвання прысутнасці кітайскіх інвестараў, лакалізацыі высокатэхналагічных вытворчасцяў, стварэння сумесных прадпрыемстваў і сумеснага прасоўвання прадукцыі на рынкі трэціх краін», — канкрэтзаваў кіраўнік урада.
«Мы падтрымліваем намаганні Кітая па ўмацаванні адкрытай сусветнай эканомікі»
Асобную ўвагу Беларусь надае супрацоўніцтву ў сферы навукі, штучнага інтэлекту, машынабудавання. «Перакананыя, што аб’яднанне навуковага патэнцыялу і тэхналагічных магчымасцяў нашых краін дазволіць забяспечыць якасна новы ўзровень эканамічнага ўзаемадзеяння», — дадаў Прэм’ер-міністр.
Кіраўнік урада заявіў, што беларуска-кітайская прамысловая кааперацыя з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у бліжэйшы час у рамках правядзення паміж нашымі краінамі Гадоў прамысловай кааперацыі. «Мы таксама падтрымліваем намаганні Кітая па ўмацаванні адкрытай сусветнай эканомікі, развіцці ўстойлівых вытворчых ланцужкоў і фарміраванні справядлівай сістэмы міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва», — адзначыў Аляксандр Турчын.

Прэм’ер-міністр таксама выказаў шчырую ўдзячнасць кітайскаму боку за актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні 7 чэрвеня ў рамках міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2026» значнага форуму «Вялікі рынак для ўсіх: экспарт у Кітай», а ў пачатку ліпеня 2026 года ў правінцыі Ганьсу — першага Беларуска-Кітайскага форуму рэгіёнаў. «Перакананы, што іх правядзенне забяспечыць прыкладное напаўненне ўсебаковага стратэгічнага партнёрства паміж нашымі краінамі», — адзначыў кіраўнік урада.
Прэм’ер-міністр выказаў упэўненасць, што візіт Намесніка Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Хань Чжэна ў Беларусь стане важным крокам у рэалізацыі новых сумесных праектаў і дазволіць надаць дадатковы імпульс беларуска-кітайскаму практычнаму ўзаемадзеянню. «Спадзяюся, у ходзе візіту вам прадставіцца магчымасць ацаніць прыгажосць нашай краіны і гасціннасць беларускага народа», — рэзюмаваў Прэм’ер-міністр.
«Беларусь для Кітая — усепагодны, усебаковы стратэгічны партнёр»
У сваю чаргу Намеснік Старшыні КНР Хань Чжэн падзякаваў беларускаму боку за сардэчны прыём. Ён адзначыў, што сяброўства паміж дзвюма краінамі мае доўгую гісторыю і становіцца толькі мацнейшым: «За апошнія гады пад кіраўніцтвам двух лідараў адносіны развіваюцца на самым высокім узроўні і прыносяць народам дзвюх краін адчувальныя вынікі».

Кітайскі бок, па словах Намесніка Старшыні КНР, гатовы сумесна развіваць стратэгічнае ўзаемадзеянне. «Беларусь для Кітая — усепагодны, усебаковы стратэгічны партнёр. Такіх партнёраў у Кітая няшмат, таму наш бок надае асаблівую ўвагу развіццю кітайска-беларускіх адносін, — звярнуў увагу Хань Чжэн. — Незалежна ад развіцця міжнароднай сітуацыі наша рашучасць па развіцці кітайска-беларускіх адносін і ўмацаванні нашага шматпланавага супрацоўніцтва застаецца непарушнай».
Намеснік Старшыні КНР выказаў жаданне абмеркаваць далейшае развіццё дружалюбнага супрацоўніцтва паміж краінамі.

***
Дэлегацыю КНР, якая гэтымі днямі наведвае Беларусь, сустрэлі ў аэрапорце першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч і Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Кітая ў Беларусі Чжан Вэньчуань.
Пасля сустрэчы з кіраўніком беларускага ўрада Намеснік Старшыні КНР усклаў кветкі да манумента на плошчы Перамогі, ушанаваўшы памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама запланаваны ўдзел кітайскага боку ў адкрыцці Беларуска-Кітайскага форуму прамысловага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, а таксама ў цырымоніі адкрыцця мерапрыемства ў рамках ініцыятывы «Экспарт беларускіх тавараў у Кітай» на палях міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2026». Акрамя таго, дэлегацыя КНР наведае шэраг знакавых культурных аб’ектаў нашай краіны.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА