У адпаведнасці з распараджэннем Старшыні Усебеларускага народнага сходу, Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, другое пасяджэнне УНС пройдзе ў Мінску 18 і 19 снежня 2025 года.
Як адзначыў Прэм’ер-міністр, старшыня Арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні пасяджэнняў сёмага Усебеларускага народнага сходу Аляксандр ТУРЧЫН, кожнае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу з’яўляецца знакавым палітычным мерапрыемствам. «Мяркую, што і ў яго новым канстытуцыйным статусе — найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя — чарговае яго пасяджэнне не стане выключэннем», — адзначыў кіраўнік Урада.
Па словах Аляксандра Турчына, чарговае пасяджэнне УНС азнамянуе сабой заканчэнне пяцігадовага перыяду развіцця краіны і з улікам геапалітычных рэалій, якія складваюцца, пачатак новага этапу ў жыцці нашага грамадства і дзяржавы ў цэлым.
«Як часта нагадвае кіраўнік дзяржавы, асновай для ўсяго ў любой краіне з’яўляецца эканоміка, — канстатаваў Прэм’ер-міністр. — Таму адным з асноўных пытанняў на сходзе будзе абмеркаванне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026 — 2030 гады. Асноўныя пытанні парадку дня сходу будуць зацверджаны на маючым адбыцца пасяджэнні Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу. Але ўжо сёння нам мэтазгодна заняцца вырашэннем усіх магчымых арганізацыйных пытанняў па падрыхтоўцы непасрэдна пасяджэння УНС».
Пры гэтым кіраўнік Урада заўважыў, што вопыт правядзення падобных мерапрыемстваў ёсць. «Упэўнены, што ў нас атрымаецца арганізаваць і правесці другое пасяджэнне сёмага Усебеларускага народнага сходу на традыцыйна высокім узроўні», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.
Як у размове з журналістамі звярнуў увагу начальнік сакратарыята Усебеларускага народнага сходу Валерый МІЦКЕВІЧ, на маючым адбыцца пасяджэнні сёмага УНС будзе рэалізавана ўсё тое, што прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Законам «Аб Усебеларускім народным сходзе». «Гэта зварот кіраўніка дзяржавы з Пасланнем да беларускага народа і парламента, зацвярджэнне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026 — 2030 гады, бягучыя пытанні (змяненне складу Прэзідыума УНС і кадравыя пытанні Вярхоўнага, Канстытуцыйнага судоў)», — канкрэтызаваў ён.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА