«Парк высокіх тэхналогій — дасягненне нашай суверэннай краіны, дзецішча Прэзідэнта, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Бо толькі пры ўдзеле, садзейнічанні кіраўніка дзяржавы Парк быў створаны і сёння развіваецца. Наша задача — рухацца наперад, укараняць новыя формы, новыя механізмы».
Кіраўнік беларускага ўрада звярнуў увагу: нягледзячы на ўсе складанасці, Парк паспяхова працуе і расце: «Неабходна надаць гэтаму росту адпаведны дынамізм. Многае мяняецца ў свеце, асабліва ў сферы „лічбы“: кожны год, месяц, дзень, кожную хвіліну нешта адбываецца новае. Нам важна не адставаць, а рухацца наперад».
Аляксандр Турчын пазначыў важнасць рэалізацыі адукацыйных праектаў, а таксама падтрымкі навуковай супольнасці, каб больш маладых людзей у розных сферах эканомікі змаглі атрымаць у Парку высокіх тэхналогій вопыт, падтрымку ва ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый. «Таму Сакратарыят Парка павінен перастроіцца на больш актыўную, інтэнсіўную работу і ўсяляк аказваць і рэзідэнтам Парка і не толькі ім — садзейнічанне ў развіцці», — падкрэсліў Прэм’ер-міністр.
Ён таксама прадставіў начальніка сакратарыята Назіральнага савета ПВТ Ганну Рабаву ўдзельнікам мерапрыемства і адзначыў, што яна чалавек, які сапраўды ведае і разумее, што такое «лічба».
У размове з журналістамі Ганна Рабава заявіла: «Парк высокіх тэхналогій — гэта асобная сутнасць, да якой прыкавана вялікая ўвага. А калі ўлічыць, што Назіральны савет ПВТ узначаліць Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын — усё становіцца яшчэ важнейшым і больш значным. Гэта сігнал для больш сур’ёзнай увагі да Парка».
Ганна Рабава расказала і пра задачы, якія сёння стаяць перад Паркам высокіх тэхналогій: «Прайшоў пэўны перыяд геапалітычных турбулентнасцяў, Парк крыху змяніў сваё аблічча. Лагічна, што трэба зрабіць чарговую пераацэнку, чэкінг: паглядзець нашы моцныя і слабыя бакі, якія з іх неабходна даразвіць, якія скампенсаваць».
Адзін з найважнейшых напрамкаў, пазначаных у тым ліку Прэм’ер-міністрам, — рэінвеставанне назапашанага патэнцыялу Парку ў традыцыйныя галіны эканомікі. «Гэта сапраўды наймагутны рэсурс. Нашы кампаніі вельмі актыўна цікавяцца унутраным рынкам, больш за палову з іх заяўляюць пра інтарэсы да ўнутранага рэсурсу. Гэта каля 2,5 тысячы рашэнняў, якія, як яны лічаць, могуць быць укаранёны на ўнутраным контуры. Мы будзем выбудоўваць работу па адкрыцці празрыстага, інтэнсіўнага канала паступлення ўсіх гэтых рашэнняў у нашу традыцыйную галіну — сумесна з нашымі кампаніямі», — сказала начальнік сакратарыята Назіральнага савета ПВТ.
Другі, не менш важны напрамак работы Парка высокіх тэхналогій — узаемадзеянне з сістэмай адукацыі. Паводле слоў Ганны Рабавай, тут таксама ёсць свой пункт росту: «Наша адукацыя добра пазіцыянавана ў свеце, карыстаецца цікавасцю ў моладзі, і наша задача — выбудаваць узаемадзеянне з сістэмай адукацыі, падтрымаць яе, рэалізаваць нейкія смелыя, новыя адукацыйныя ініцыятывы».
Дарэчы:
У Парку высокіх тэхналогій сёння 1 026 рэзідэнтаў. З іх 30 % — замежныя цэнтры распрацоўкі і прадуктовыя кампаніі. 17 рэзідэнтаў ПВТ створаны з дзяржаўным удзелам. Працягвае павялічвацца колькасць новых кампаній у Парку. Так, за 2024 год і І квартал 2025 года ў ПВТ зарэгістравана 139 новых рэзідэнтаў.
Сёння ў Парку высокіх тэхналогій працуе каля 59 тысяч чалавек. Аб’ём вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі рэзідэнтаў ПВТ па выніках трох месяцаў 2025 года перавысіў два мільярды рублёў. Па выніках 2024 года выручка рэзідэнтаў Парка склала 7 мільярдаў 887 мільёнаў рублёў. Парк высокіх тэхналогій захоўвае сваю экспартную накіраванасць. За 2024 год экспарт склаў 1,8 мільярда доллараў. За І квартал 2025 года гэты паказчык ужо перавысіў 459 мільёнаў долараў. Рост экспарту быў забяспечаны дзякуючы актыўным дзеянням кампаній-рэзідэнтаў па пашырэнні геаграфіі знешнеэканамічнай дзейнасці. Так, істотна вырасла доля краін СНД (у першую чаргу — Расіі) у агульным аб’ёме экспарту ПВТ.
Рынак Беларусі з’яўляецца прывабным для большай часткі рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. Аб’ём рэалізацыі ІТ-прадуктаў і паслуг рэзідэнтамі ПВТ на ўнутраным рынку краіны ў 2024 годзе склаў каля двух мільярдаў рублёў. Іх выручка на ўнутраным рынку за І квартал 2025 года перавысіла 500 мільёнаў рублёў. Падатковыя плацяжы рэзідэнтаў Парку за 2024 год папоўнілі бюджэт краіны на 667,6 мільёна рублёў. У І квартале 2025 года гэтая сума склала 179,3 мільёна рублёў.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА