Top.Mail.Ru

Турбуе стан «падземкі»: Іван Крупко ўзяў пытанне на кантроль

Больш дзесяці хвалюючых пытанняў разгледзіў падчас першай ў 2025 годзе «прамой лініі» старшыня Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко.


Пенсіянер звярнуўся да кіраўніка рэгіёна з просьбай добраўпарадкаваць падземны пешаходны пераход па праспекце Касманаўтаў у Гомелі. 

— Гэта адзін са старэйшых у нашым горадзе падземных пераходаў і адзіны, дзе немагчыма схавацца ад снегу і дажджу пры спуску або пад’ёме. У гэтым ён уступае тым, што знаходзяцца на вуліцах Савецкай, Лугавой, Барыкіна, — заўважыў жыхар мікрараёна «Гомсельмаш» Ігар Уладзіміравіч.

Гамяльчанін папрасіў устанавіць навес ад дажджу і снегу над прыступкамі «падземкі», правесці яе добраўпарадкаванне ўнутры.

Іван Крупко адзначыў, што зварот патрабуе разгляду з выездам на месца. Кіраўнік рэгіёна запэўніў, што сітуацыю вывучыць асабіста. 

Хвалюючыя пытанні на прыёме губернатара агучыла жыхарка вёскі Новыя Лукі Жлобінскага раёна. Па словах гаспадыні, яе сям’я да гэтага часу не можа адрамантаваць дах, пашкоджаны падчас урагану мінулым летам. 

— Уласнымі сіламі муж накрыць дом не можа, мы ўжо набылі патрэбныя матэрыялы. Патрэбна толькі вышка, — апісала сітуацыю Людміла Канстанцінаўна.

Па даручэнні Івана Крупко па адрасе заяўніцы тэрмінова выедуць спецыялісты і адпаведныя службы.

Жыхарка вёскі Новыя Лукі таксама ўзняла пытанне медабслугоўвання яе мужа-перасяленца з мясцовасці, пацярпелай ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Скарыстаўшыся магчымасцю, жанчына агучыла і просьбу выдзеліць яе сям’і ўчастак для вядзення падсобнай гаспадаркі. 

— Трымаем кароў, коз, патрэбны ўчастак для выпасу і пакосу. Хочацца больш і той жа бульбы пасадзіць, — папрасіла разгледзіць магчымасць выдзеліць дадатковы участак гаспадыня. 

Як заўважыў на гэты зварот губернатар, захаванне заканадаўства пры вядзенні грамадзянамі асабістых падсобных гаспадарках — на сталым кантролі. 

— Ці зможаце абслугоўваць такі ўчастак? Бо адказнасць дзяржавы — не толькі выдзеліць, але і кантраляваць, як эксплуатуецца гэта зямля, — падкрэсліў Іван Крупко.

Старшыні аблвыканкама жыхары Гомельшчыны адрасавалі таксама звароты аб паляпшэнні жыллёвых умоў для маладой сям’і, аказанні медыцынскай дапамогі грамадзяніну з інваліднасцю. Па ўсіх агучаных пытаннях кіраўніком аблвыканкама дадзены канкрэтныя даручэнні. 

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю