Top.Mail.Ru
123

Ці знікне АІ-92 на АЗС?

У інтэрнэт-супольнасцях аўтааматараў апошнімі днямі актыўна абмяркоўваюць магчымыя змены на беларускіх аўтазапраўках — маўляў, бензін АІ-92 можа знікнуць з продажу. Тэма выклікала жывую рэакцыю: для многіх кіроўцаў гэта паліва застаецца звыклым выбарам.



У канцэрне «Белнафтахім» пацвердзілі: пэўныя перадумовы для трансфармацыі структуры «бензінавай карзіны» сапраўды ёсць, і яны звязаны найперш з развіццём аўтамабільных тэхналогій і змяненнем спажывецкіх пераваг.

Паводле статыстыкі канцэрна, за апошнія гады попыт на АІ-92 прыкметна знізіўся. Усё больш уладальнікаў аўто аддаюць перавагу АІ-95. Старшыня канцэрна Ілья ІКАН тлумачыць гэта агульнымі тэндэнцыямі: аўтапарк у краіне паступова абнаўляецца, машыны — як у фізічных асоб, так і ў арганізацый — становяцца больш сучаснымі і адпавядаюць сусветным стандартам. «Па сутнасці, з гэтым звязаны пэўны ўхіл у паліўным спажыванні аўтамабіляў з рухавіком унутранага згарання, якія высокафарсіраваны, турбіраваны», — адзначыў Ілья Ікан. Паводле яго слоў, з году ў год статыстыка фіксуе адну і тую ж дынаміку: спажыванне 92-га змяншаецца, а цікавасць да 95-га і вышэйшага — павялічваецца. Прычым гэта характэрна як для краіны ў цэлым, так і для асобных рэгіёнаў.

Калі раней 92-і дамінаваў у структуры продажаў, то цяпер лідарства перайшло да 95-га — і ў абласцях, і ў маштабах краіны. Асабліва выразна гэта бачна ў сталічным рэгіёне: у Мінску і Мінскай вобласці запыт на АІ-95 набліжаецца да 70-80 % з агульнага аб’ёму пула бензіну. «Мы не можам ігнараваць такія змены, бо для нас прынцыпова важна арыентавацца на запыты кліента», — падкрэсліў кіраўнік канцэрна.

Зрухі ў структуры попыту непасрэдна звязаныя і з вытворчымі планамі нафтаперапрацоўчых заводаў. Адзін з ключавых інвестыцыйных кірункаў — праекты, якія прадугледжваюць выкарыстанне высокаактанавых дабавак. На адным прадпрыемстве такі праект ужо рэалізаваны, на другім — работы распачаты. Мэта — з запасам забяспечыць спажыўцоў якасным высокаактанавым палівам маркі 95, 98 і нават 100. Паводле Ільі Ікана, гэта дазволіць галіне быць гатовай да далейшага росту вытворчасці і спажывання гэтага аб’ёму.

Пры гэтым у бліжэйшай перспектыве АІ-92 застанецца ў асартыменце аўтазаправачных станцый. Кіраўнік канцэрна адзначыў, што кампанія будзе ўважліва адсочваць паводзіны спажыўцоў і аналізаваць патрэбу ў гэтым відзе паліва. З улікам таго, што аўтапарк, разлічаны і на 92-і бензін, па-ранейшаму значны, рэзкіх крокаў не плануецца. «Мы будзем вельмі чуйна рэагаваць — з улікам грамадскай думкі і статыстычных даных. Магу запэўніць: у найбліжэйшыя гады, у межах гэтай пяцігодкі, да 2030-га, 92-і бензін дакладна застанецца на нашых АЗС», — падсумаваў Ілья Ікан.

Разам з тым агульная тэндэнцыя сведчыць: у перспектыве асноўнымі пазіцыямі ў «бензінавай карзіне» могуць стаць маркі АІ-95, АІ-98 і АІ-100 — у адпаведнасці з эвалюцыяй аўтамабільнага рынку і тэхналагічнымі патрабаваннямі сучасных рухавікоў.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Белнафтахім


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю