Top.Mail.Ru

Ці заменіць штучны інтэлект журналіста?

Пра гэта ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, дзе было прадстаўлена выданне «Сацыялогія сучаснай медыяпрасторы», падрыхтаваная групай аўтараў. 


Фактычна гэта вынікі даследаванняў супрацоўнікаў Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, яго намеснік дырэктара па навуковай рабоце Аляксандр Пасталоўскі патлумачыў: 

— Гаворка пра развіццё нацыянальнай медыяпрасторы праз люстэрка сацыялогіі. І калі казаць пра тэндэнцыі, то адна з іх — пашырэнне аўдыторыі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і павелічэнне паказчыкаў даверу да іх. 

Таксама даследчыкі адзначаюць, што беларуская журналістыка становіцца больш праектнай, аўтарскай. Яшчэ адна тэндэнцыя — пашырэнне аўдыторыі рэгіянальных СМІ, якія актыўна ўваходзяць у сеткавую прастору і маюць свой выразны голас.

Асобныя тэмы даследаванняў — практыкі медыяспажывання аўдыторыі і сацыяльна-дэмаграфічны партрэт спажыўцоў прадукту розных відаў СМІ (друкаваных, тэлебачання і г. д.). Маладыя даследчыкі прапанавалі падыход да вымярэння аўдыторыі тэлебачання сярод розных пакаленняў.

У рамках вывучэння тэматычных прыхільнасцяў чытачоў друкаваных выданняў ацэньвалі, наколькі для людзей важная прысутнасць пэўных тэматычных рубрык. Найбольшую цікавасць у чытачоў газет выклікаюць раздзелы, прысвечаныя рэгіянальным навінам, а таксама навінам краіны і свету. Устаноўлена, што чытацкія перавагі мужчынскай і жаночай аўдыторыі адрозніваюцца, паведаміла даследчыца Сняжана Вароніна. Высветлілася, што жанчыны больш зацікаўленыя ў матэрыялах на тэму культуры, кулінарыі, лецішча, саду-агарода, а таксама астралогіі. Мужчыны, акрамя грамадскіх навін, аддаюць перавагу спорту. Чытачам старэйшага ўзросту важна бачыць у газеце ТБ-праграму. Моладзі — аб’явы аб працоўных вакансіях, афішу кінатэатраў і паведамленні пра цікавыя мерапрыемствы.

У той жа час даследаванне, праведзенае спецыялістамі факультэта журналістыкі БДУ, датычылася медыяспажывання студэнтаў, іх работы са смартфонамі. Аказалася, што максімум часу, які быў затрачаны на «сядзенне ў тэлефоне», — 18,5 гадзіны. Але ў сярэднім студэнты так праводзяць ад 7 да 10 гадзін. Вядома, перш за ўсё гэта сацыяльныя сеткі, месенджары. 

— Адна з тэндэнцый у тым, што нарастае колькасць навін і становіцца актуальнай праблема стомленасці праз навіны, — адзначыў Аляксандр Градзюшка, дацэнт кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ. — Больш за тое, мы бачым сур’ёзную праблему ў росце колькасці негатыўных навін, што таксама выклікае ў студэнтаў трывогу. 

Адной з высноў гэтых даследаванняў стала тое, што менавіта алгарытмы (праз платформы) сёння вызначаюць, што мы чытаем у стужках навін. Асобнае даследаванне наконт выкарыстання штучнага інтэлекту паказала, што для моладзі ён цалкам паўсядзённы шматфункцыянальны памочнік, які выкарыстоўваецца як у навучальных, так і ў асабістых мэтах. Тым не менш студэнты бачаць некаторыя рызыкі яго выкарыстання, у прыватнасці недакладную інфармацыю і памылкі. Моладзь успрымае яго як інструмент, які патрабуе кантролю, праверкі перш за ўсё з боку чалавека. Таму і журналістаў ён не заменіць, а, хутчэй за ўсё, паўплывае на фарміраванне гібрыднай мадэлі прафесіі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю